– Так-так, цяпер пазнаю. Мы ж прамчаліся зусім блізка ад яе, калі гналіся за дзікімі кабыламі.
– Зусім правільна. Што ж вам перашкаджае цяпер вярнуцца гэтай жа дарогай, міма таполі, і ехаць па слядах кабыл, толькі ў адваротным напрамку? Так вы і прыедзеце да месца пікніка і ўбачыце там міс Пойндэкстэр і ўсю вясёлую кампанію, якая выпівае гэту французскую дрэнь – шампэнь. I хай сабе п’юць на здароўе, толькі б не ўспомнілі пра віскі, a то мне нечым будзе прамачыць горла, калі я вярнуся.
Калхаўн ужо даўно не слухаў квяцістую прамову старога паляўнічага. Варта было яму пазнаць дрэва, якое віднелася на гарызонце, як ён прышпорыў свайго рыжага каня і паскакаў галопам, пакінуўшы старога Зеба за яго работай.
– Іасафат! – усклікнуў паляўнічы, падняўшы галаву і заўважыўшы, што капітана і след прастыў.– He трэба асаблівага розуму, каб уцяміць, з-за чаго гэта гарачка; хоць я і не вельмі здагадлівы, але здаецца мне, што гэта самая сапраўдная рэўнасць, якая гойсае па слядах.
Зеб Стумп не памыліўся. Іменна рэўнасць заставіла Касія Калхаўна паспяшацца ў зваротную дарогу. Упершыню яна пачала мучыць яго ў выпаленай прэрыі; з кожным днём яна станавілася ўсё мацнейшай, бо распальвалася не толькі тым, што ён сапраўды бачыў, але і тым, што яму мроілася; і цяпер нарэшце яна прыгняла ў ім усе іншыя пачуцці.
Мустангер падарыў Луізе крапчастага мустанга і прывучыў яго да сядла, а яна прыняла гэты падарунак, нават не спрабуючы ўтаіць сваю радасць. Гэтыя і некаторыя іншыя назіранні падзейнічалі на ўзбуджанае ўяўленне капітана, і ён болей не сумняваўся, што Морыс-мустангер стаў яго галоўным сапернікам.
Сціплае становішча паляўнічага на коней, здавалася, не давала сур’ёзных падстаў не толькі для такой упэўненасці, але нават і для падазрэнняў.
Напэўна, гэта і было б так, калі б Калхаўн не ведаў так добра характар Луізы Пойндэкстэр; з дзіцячых гадоў яна праяўляла поўную незалежнасць, ёй уласціва была смеласць, якая межавала з безразважнасцю, – наўрад ці можна было спадзявацца, што яна палічыцца са звычаямі свайго асяроддзя. Для большасці жанчын яе кола беднасць і нязнатнасць паляўнічага на коней магла б стаць перашкодай калі не для няроўнага шлюбу, то па крайняй меры для неабдуманых учынкаў; але Калхаўн, спрабуючы намаляваць у сваім раўнівым уяўленні паводзіны Луізы, не мог спадзявацца і на гэта.
Усхваляваны падзеямі дня, які так няўдала склаўся для яго, Калхаўн скакаў да месца пікніка. He спускаючы вачэй з дрэва, падобнага на званіцу, ён адшукаў сляды манады і цяпер ужо не мог заблудзіцца. Яму заставалася толькі вярнуцца па ўласных слядах.
Ён ехаў хуткай рыссю – значна хутчэй, чым хацеў бы яго стомлены конь. Конніка падганялі змрочныя думкі. Ужо больш за гадзіну яны цалкам валодалі ім – іх горыч ён яшчэ мадней адчуваў у сваёй адзіноце сярод навакольнай цішыні. Калхаўна не ўзрадавала нават сустрэча з двума коннікамі, якія паказаліся ўдалечыні і ехалі ў тым жа напрамку. Ён адразу пазнаў іх, хаця бачыў толькі спіны, і то здалёк. Гэта былі віноўнікі яго горкіх роздумаў. Таксама як і ён, яны вярталіся па слядах дзікіх кабыл, на якія яны толькі што выехалі, калі ён іх заўважыў. Яны ехалі поруч, бок у бок. Мабыць захопленыя нейкай цікавай размовай, яны не заўважылі адзінокага конніка, які даганяў іх.
У адрозненне ад яго, яны, здавалася, не надта спяшаліся вярнуцца да кампаніі і ехалі павольна; крапчасты мустанг раз-пораз замаруджваў крок.
Іх позы, іх яўная няўвага да навакольнага і, нарэшце, іх марудлівасць – усё гэта настолькі ўзмацняла падазрэнні капітана, што ён амаль страціў самавалоданне.
Пад’ехаць галопам і груба перарваць іх пяшчотную гутарку было першае, што прыйшло яму ў галаву. Яшчэ раз ён заставіў свайго змардаванага каня скакаць хутчэй.
Аднак праз некалькі секунд Калхаўн нацягнуў павады, як быццам перамяніўшы рашэнне. Да коннікаў яшчэ не даляцеў тупат капытоў яго каня, хаця капітан цяпер быў усяго толькі ярдаў за дзвесце ад іх. Да яго ўжо даносіўся серабрысты галасок яго кузіны, якая, відаць, гаварыла больш, чым яе субяседнік. Якой цікавай для іх была гэта размова, калі яны нават не заўважылі яго набліжэння!
Калі б яму ўдалося падслухаць, пра што яны гавораць! На першы погляд здавалася, што з гэтага нічога не атрымаецца. Але чаму б не паспрабаваць?
Мабыць, яны настолькі захапіліся гутаркай, што такая магчымасць не выключана. Трава саванны мяккая, як аксаміт, і лёгкія ўдары капытоў зусім бязгучныя.
Калхаўн быў ахоплены такой нецярплівасцю, што не мог ехаць шагам; але яго рыжы конь ахвотна пайшоў інахаддзю, звычайным алюрам коней паўднёва-заходніх штатаў.
Читать дальше