Але Зеб толькі махнуў рукой, як бы кажучы: «Не прыставай, я вельмі заняты».
Некаторы час увага была поўнасцю захоплена вывучэннем слядоў. Распазнаць адбіткі падкоў было нялёгка, бо яны былі затаптаны жарабцамі. Але паляўнічаму то тут, то там удавалася заўважыць іх, пакуль ён рухаўся ўперад па-ранейшаму дробнай рыссю. Толькі пасля таго як Зеб спыніў сваю кабылу на адлегласці ста ярдаў ад яра, з яго твару сышла трывога; толькі цяпер ён пагадзіўся нарэшце даць тлумачэнні.
– Ах, вось у чым справа! – сказаў Калхаўн, пачуўшы іх. – А чаму вы думаеце, што яны выратаваліся?
– Паглядзіце сюды!
– Мёртвы жарабец… I забіты зусім нядаўна… Што гэта значыць?
– Тое, што мустангер забіў яго.
– I, на вашу думку, так напалохаў астатніх, што яны спынілі пагоню?
– Пагоню яны дык спынілі, але затрымаў іх, відаць, не стрэл, а вось гэта штука – труп жарабца. Каб яго чорт, ну і скачок!
Зеб паказаў на глыбокі яр, да краю якога яны пад’ехалі.
– Вы ж не думаеце, што яны пераскочылі? – спытаў Калхаўн. – Гэта немагчыма!
– Пераскочылі, як піць даць. Хіба вы не бачыце слядоў іх коней не толькі тут, але і па той бок? I міс Пойндэкстэр першая. Іасафат! Што за дзяўчына! Яны абодва павінны былі пераскочыць, перш чым застрэлілі жарабца, інакш ім гэта не ўдалося б. Толькі тут і можна было пераскочыць. Малайчына мустангер! Улажыў жарабца якраз ля самага вузкага месца.
– Вы думаеце, што ён і мая кузіна разам пераскочылі яр?
– He зусім разам, – адказаў Зеб, не падазраючы, чаму Калхаўн яго так дапытвае. – Я ўжо сказаў, што крапчастая пераскочыла першай. Паглядзіце, вунь там яе сляды – па той бок яра.
– Бачу.
– А хіба вы не бачыце, што яны перакрыты слядамі каня мустангера?
– Так-так!
– Жарабцы не скакалі на той бок, ні адзін з усяго табуна. Відаць, было так: хлопец пераскочыў і паслаў кулю ў гэту скаціну. Гэта было ўсё роўна, што зачыніць за сабой вароты. Убачыўшы, што важак упаў, жарабцы спыніліся і пабеглі назад. Вось тут і сляды ўздоўж яра.
– Можа, яны перабраліся ў іншым месцы і працягвалі праследаванне?
– Калі б так, ім давялося б прабегчы дзесяць міль, перш чым вярнуцца сюды: пяць уверх па яру і пяць назад. Але нічога гэтага не было, містэр Калхаўн. He хвалюйцеся, яны больш не праследавалі міс Луізу. Пераскочыўшы цераз яр, яны з мустангерам паскакалі побач; зусім спакойна, як два баранчыкі. Небяспека для іх мінула; а цяпер яны ўжо, мабыць, паехалі туды, дзе стаіць фургон з прыпасамі.
– Едзем! – сказаў Калхаўн з нецярпеннем, як быццам яго кузіне ўсё яшчэ пагражала небяспека. – Едзем, містэр Стумп! Як мага хутчэй.
– He спяшайцеся, зрабіце ласку, – адказаў Зеб, спакойна злазячы з каня і дастаючы нож. – Пачакайце хвілін дзесяць.
– Пачакаць? Дзеля чаго? – раздражнёна спытаў Калхаўн.
– Трэба зняць шкуру з гэтага жарабца. Добрая шкура! Я атрымаю за яе ў нашым пасёлку не менш як пяць долараў. А пяць долараў не кожны дзень знойдзеш у прэрыі.
– Ліха на яе, гэту шкуру! – са злосцю адазваўся Калхаўн. – Едзем, кіньце гэта!
– I не падумаю, – стрымана сказаў Зеб, успорваючы вострым лязом шкуру на чэраве забітай жывёлы. – Вы можаце ехаць, калі вам трэба, містэр Калхаўн, а Зеб Стумп не рушыць з месца да той пары, пакуль не ўзваліць шкуру на спіну сваёй клячы.
– Ну скажыце, Зеб, што мне рабіць? Вы ж ведаеце, што я не знайду дарогу.
– Бадай, гэта падобна на праўду. Ды я і не гаварыў, што вы знойдзеце.
– Ну, паслухайце ж, упарты вы стары! Час мне вельмі дарагі іменна зараз. А вы правалтузіцеся са шкурай цэлых паўгадзіны.
– Менш чым дваццаць хвілін.
– Каля дваццаць хвілін. Але для мяне дваццаць хвілін куды даражэй за пяць долараў. Вы ж сказалі, што такі кошт гэтай шкуры? Кіньце яе тут, а я абяцаю заплаціць вам за яе.
– Так-с. Гэта чартоўскі велікадушна! Толькі мне нешта не хочацца карыстацца вашай прапановай. Гэта 'была б подласць з майго боку – прыняць грошы за такую рэч, тым больш што мы знаёмыя і нам па дарозе. З другога боку, я не магу дапусціць, каб шкура коштам у пяць долараў згніла тут, не кажучы ўжо пра тое, што яе могуць разарваць грыфы, перш чым мне давядзецца зноў пабываць у гэтых месцах.
– Чорт ведае што такое! Але што ж мне рабіць?
– Вы спяшаецеся? Так-с… Шкада, што я не магу суправаджаць вас… Стойце! Няма чаго вам чакаць мяне. Вы самі знойдзеце дарогу да месца пікніка вельмі проста. Глядзіце, вунь там дрэва на гарызонце – бачыце, высокая таполя?
– Так, бачу.
– Так-с… Пазнаяце? Гэта дзіўная расліна больш падобная на званіцу, чым на дрэва.
Читать дальше