Малады паляўнічы не стаў траціць часу на якія-небудзь рыхтаванні, ён толькі папрасіў ачысціць месца. Гэта было выканана імгненна: большая частка гасцей, у тым ліку ўсе дамы, вярнуліся на асатэю.
Морыс Джэральд ускочыў на спіну мустанга толькі з кавалкам ласо ў руках, якое ён накінуў пятлёй на яго ніжнюю сківіцу і зацягнуў на галаве ў выглядзе аброці.
Упершыню дзікі конь адчуў на сабе чалавека, у першы раз яму была нанесена падобная абраза.
Пранізлівае злоснае ржанне было яўным пратэстам супраць замаху на свабоду.
Конь стаў на дыбы і некалькі секунд захоўваў раўнавагу ў гэтым становішчы. Коннік не разгубіўся і абхапіў яго шыю абедзвюма рукамі. З сілай сціскаючы яго горла, ён шчыльна прыпаў да каня. He зрабі ён гэтага, мустанг мог бы кінуцца на спіну і раздавіць пад сабой седака.
Пасля гэтага мустанг пачаў біць задам – прыём, які заўсёды ўжываюць у падобных выпадках дзікія коні. Гэта паставіла конніка ў асабліва цяжкае становішча: ён рызыкаваў быць скінутым. Упэўнены ў сваёй спрытнасці, мустангер адмовіўся ад сядла і страмёнаў, а зараз яны вельмі б яму дапамаглі; але ўтаймаваць асядланага каня не палічылі б у прэрыі за подзвіг.
Ён справіўся і так. Калі конь стаў біць задам, мустангер хутка перавярнуўся на яго спіне, рукамі абхапіў яго за бакі і, упершыся пальцамі ног у яго лапаткі, не даў сябе скінуць.
Два ці тры разы паўтарыў мустанг гэту спробу, але кожны раз вымушаны быў уступіць спрыту наезніка. I нарэшце, нібы зразумеўшы дарэмнасць сваіх намаганняў, раз’юшаны конь перастаў брыкацца і, сарваўшыся з месца, памчаўся такім галопам, нібы збіраўся занесці конніка на край свету. Недзе гэта скачка павінна была скончыцца, але толькі па-за полем зроку тых, хто сабраўся на асатэі, чакаючы вяртання мустангера. Многія выказвалі меркаванні, што ён можа быць забіты ці па крайняй меры знявечаны. Сярод прысутных адзін чалавек тайна жадаў гэтага, а для другога гэта было амаль раўназначна ўласнай смерці. Чаму Луіза Пойндэкстэр, дачка гордага луізіянскага плантатара, вядомая прыгажуня, якая магла б выйсці замуж за самага знатнага і багатага чалавека, чаму яна дазволіла сабе захапіцца ці нават проста марыць аб бедным тэхаскім паляўнічым – гэта была тайна, якую не магла разгадаць нават яна сама, нягледзячы на свой не абы-які розум.
Можа, яна яшчэ яе зайшла так далёка, каб закахацца. Сама яна гэтага не думала.
Яна ўсведамляла толькі, што ў ёй успыхнуў вейкі дзіўны інтарэс да гэтага незвычайнага чалавека, з якім яна пазнаёмілася пры такіх рамантычных абставінах і які так моцна адрозніваўся ад звычайных людзей, што складалі так званае выбранае кола.
I яна ўсведамляла, што гэты інтарэс, выкліканы словам, позіркам, жэстам, пачутымі ці заўважанымі сярод выпаленай прэрыі, замест таго каб згаснуць, з кожным днём станавіўся ўсё большым. I сэрца Луізы забілася мацней, калі Морыс-мустангер зноў з’явіўся на кані, але цяпер ужо не на дзікім, а ўтаймаваным: ён не спрабаваў скінуць яго, а прыціх і пакорліва прызваў у ім свайго гаспадара.
Маладая крэолка зведала тое ж пачуццё, хаця гэтага ніхто не заўважыў і яна сама гэтага не ўсведамляла.
– Міс Пойндэкстэр, – сказаў мустангер, саскокваючы з каня і не звяртаючы ўвагі на гром воплескаў, які яго сустрэў,– ці магу я папрасіць вас падысці да каня, накінуць яму на шыю ласо і адвесці ў канюшню? Калі вы гэта зробіце, ён будзе лічыць вас сваёй утаймавальніцай і заўсёды пасля гэтага будзе пакорны вашай волі, варта вам толькі напомніць яму аб тым, што ўпершыню пазбавіла яго свабоды.
Чапурыстую прыгажуню абурыла б такая прапанова, какетка адхіліла б яе, а баязлівая Дзяўчына спалохалася б.
Але Луіза Пойндэкстэр, праўнучка французскай эмігранткі, ні хвіліны не вагаючыся, без ценю манернасці ці страху, устала і пакінула сваіх арыстакратычных сяброў. Як і сказаў мустангер, яна ўзяла вяроўку, сплеценую з конскага воласу, накінула яе на шыю ўтаймаванага мустанга і адняла яго ў канюшню Каса-дэль-Корва.
Словы мустангера гучалі ў яе вушах, рэхам аддаючыся ў сэрцы: «Ён будзе лічыць вас сваёй утаймавальніцай і заўсёды пасля гэтага будзе пакорны вашай волі, варта вам толькі напомніць яму аб тым, што пазбавіла яго свабоды».
Першыя ружовыя промні ўзыходзячага сонца азарылі флаг форта Індж; больш слабы водбліск упаў на пляц-парад перад афіцэрскімі кватэрамі.
Ён асвяціў невялікі фургон, запрэжаны парай мексіканскіх мулаў. Мяркуючы па таму, з якой нецярплівасцю мулы білі капытамі, круцілі хвастамі і паводзілі вушамі, можна было заключыць, што яны даўно ўжо стаяць на месцы і чакаюць не дачакаюцца, калі наступіць час рушыць у дарогу. Паводзіны мулаў папярэджвалі зявакаў, каб яны не падыходзілі блізка і не трапляліся ім пад капыты.
Читать дальше