– Cavallada?
– He, – адказаў мексіканец, – manada.
– Што яны там балбочуць? – спытаў Калхаўн.
– Mustenos – па-мексіканскі значыць «мустангі», – адказаў маёр, – а манадай яны называюць табун дзікіх кабыл. У гэту пару кабылы трымаюцца разам, асобна ад жарабцоў, калі толькі…
– Калі што? – нецярпліва спытаў капітан Калхаўн, перарываючы тлумачэнне.
– Калі толькі на іх не нападаюць аслы, – адказаў маёр.
Усе засмяяліся.
Між тым манада набліжалася.
– На коней! – прагучалі з усіх бакоў галасы.
Наўрад ці можна было паспець палічыць да ста, як цуглі былі ўжо ў ратах коней, якія не паспелі дажаваць кукурузу, аброці перакінуты цераз іх плечы, яшчэ вільготныя ад імклівай скачкі ў духаце трапічнага ранку, і ўсе былі ўжо ў сёдлах, гатовыя імчацца ўперад.
У гэты час дзікі табун з’явіўся на грэбені ўзвышша, на якім толькі што стаяў дазорны. А ён – мустангер па прафесіі – быў ужо ў сядле і ў адно імгненне аказаўся сярод табуна, спрабуючы накінуць ласо на аднаго з мустангаў. З дзікім храпам коні імчаліся шалёным галопам, нібы ратуючыся ад нейкага жахлівага праследвальніка. Увесь час спалохана касавурачыся назад, не заўважаючы ні фургона, ні коннікаў, несліся яны ўперад.
– За імі нехта гоніцца, – сказаў Морыс, заўважыўшы ўстрывожаныя паводзіны жывёл. – Што там такое, Крэспіна? – крыкнуў ён мексіканцу, якому з узгорка было відаць, хто праследуе табун.
У чаканні адказу ўсе прыціхлі. На тварах многіх адбілася трывога і нават страх. Ці не індзейцы гоняцца за мустангамі?
– Un asіno cіmmaron, – пачуўся маласуцяшальны адказ мексіканца. – Un macho, – дадаў ён.
– Так я і думаў. Трэба затрымаць нягодніка, інакш ён сапсуе нам усё паляванне. Калі дзікі асёл гоніцца за табуном, мустангаў не спыніш ніякімі сіламі. Ці далёка ён?
– Зусім блізка, дон Марысіо. Ён бяжыць прама на мяне.
– Паспрабуйце накінуць на яго ласо. Калі не ўдасца, страляйце. Ад яго трэба пазбавіцца.
Амаль ніхто з прысутных не зразумеў, хто праследуе коней. Толькі мустангер ведаў, што азначаюць словы: «Un asіno cіmmaron».
– Растлумачце, Морыс, у чым справа, – сказаў маёр.
– Паглядзіце туды, – адказаў мустангер, паказваючы на вяршыню ўзгорка.
Гэтых двух слоў было дастаткова. Усе позіркі скіраваліся на грэбень узгорка, дзе з быстрынёй птушкі неслася жывёліна, якая лічылася ўзорам марудлівасці і неразумнасці.
Дзікі асёл вельмі адрозніваўся ад свайго зацюканага сабрата – свойскага асла; ён быў амаль такой жа велічыні, як мустангі, за якімі ён гнаўся. Калі ён і не бег хутчэй за самага хуткага з іх, то, ва ўсякім разе, не адставаў. Гэта жывая карціна ўзнікла на фоне зялёнай прэрыі з маланкавай хуткасцю. Тыя, хто яе назіраў, не паспелі абмяняцца і некалькімі словамі, як дзікія кабылы аказаліся амаль побач з імі. Тут, нібы ўпершыню заўважыўшы групу коннікаў, мустангі забыліся пра свайго ненавіснага праследвальніка і павярнулі ўбок.
– Лэдзі і джэнтльмены! Заставайцеся на месцы! – закрычаў Джэральд, звяртаючыся да коннікаў, якія спрабавалі стрымаць сваіх коней. – Я ведаю, дзе аблюбаваная паша гэтага табуна. Мустангі памчаліся туды. Мы адправімся за імі, і там у нас будзе магчымасць добра папаляваць. Калі ж мы пачнём паляванне зараз, яны знікнуць вунь у тых зарасніках, і тады мы наўрад ці зноў іх убачым… Ну, сеньёр Крэспіна! Пусці кулю ў гэтага нягодніка. Ён жа на адлегласці стрэлу, ці не так?
Мексіканец зняў з сядла сваю караткаствольную стрэльбу, хутка ўскінуў яе, прыцэліўся і выстраліў у дзікага асла.
Асёл зароў, але гэта, відаць, быў толькі вызаў з яго боку. Ён застаўся цэлы: Крэспіна прамахнуўся.
– Трэба затрымаць яго, – усклікнуў Морыс, – інакш ён будзе гнацца за мустангамі да самай ночы!
Рэзкім рухам мустангер прышпорыў каня. Як страла памчаўся Кастра ў пагоню за аслом, які, нягледзячы ні на што, працягваў сваё праследаванне.
Морыс паскакаў наперарэз аслу – гняды вынес гаспадара на адлегласць, з якой можна было кінуць ласо. Яшчэ імгненне – і пятля з маланкавай быстрынёй прасвістала над доўгімі вушамі.
Кідаючы ласо, Морыс зрабіў паўпаварот – Кастра павярнуўся, як быццам на шарнірах, і затым гэтак жа паслухмяна спыніўся і ўвесь напружыўся, чакаючы рыўка.
Усе затаілі дыханне, калі асёл, ірвануўшыся ўперад, нацягнуў вяроўку. Потым ён падняўся на дыбы і цяжка перакуліўся на спіну, нібы паражоны куляй у самае сэрца.
Аднак асёл быў яшчэ жывы – туга зацягнутая на яго шыі пятля толькі прыдушыла яго. Вострым мачэтэ мексіканец перарэзаў яму горла.
Читать дальше