– Гэта так, містэр Стумп. Вы вельмі ўважлівы да мяне. Праўда, не ведаю, ці змагу я калі-небудзь аддзякаваць вам за вашу дабрату, – сказала Луіза.
– «Аддзякаваць!» Вы хочаце сказаць, што жадалі б зрабіць мне што-небудзь прыемнае? Гэта вам няцяжка, міс. Я ж нічога асаблівага і не зрабіў – праехаўся па прэрыі, вось і ўсё. А палюбавацца на такую красуню, як вы, ды яшчэ ў капелюшы з пяром і ў спадніцы з доўгім хвастом, які развяваецца ззаду вас, вярхом на гэтай кабыле, – за такую плату Зеб Стумп пагадзіўся б прабегчыся да самых Скалістых гор і назад!
– О містэр Стумп, які вы непапраўны ліслівец! Паглядзіце вакол, і вы знойдзеце многіх, якія больш за мяне дастойны вашых кампліментаў.
– Добра, добра! – адказаў Зеб, кінуўшы рассеяны позірк на дам. – Я згодны, што тут шмат красунь – чорт пабяры, шмат красунь! Але, як казалі ў нас у Луізіяне, Луіза Пойндэкстэр толькі адна.
Выбух смеху, у якім можна было распазнаць толькі нямнога жаночых галасоў, быў адказам на галантную прамову Зеба.
– Я вам вінаваты дзвесце долараў за гэтага каня, – сказаў плантатар, звяртаючыся да Морыса і паказваючы на крапчастага мустанга. – Здаецца, аб такой суме дамаўляўся з вамі містэр Стумп?
– Я не ўдзельнічаў у гэтай здзелцы, – адказаў мустангер, шматзначна, але прыязна ўсміхаючыся. – Я не магу ўзяць вашых грошай. Гэты конь не прадаецца.
– На самай справе? – сказаў Пойндэкстэр, адступаючы назад з выглядам абражанай гордасці.
Плантатары і афіцэры не маглі ўтаіць свайго крайняга здзіўлення, пачуўшы Морыса. Дзвесце долараў за неаб’езджанага мустанга, тады калі звычайная цана ад дзесяці да дваццаці! Мустангер, мабыць, не ў сваім розуме.
Але Морыс не даў ім магчымасці разважаць на гэту тэму.
– Містэр Пойндэкстэр, – працягваў ён з ранейшай прыязнасцю, – вы так добра заплацілі мне за іншых мустангаў і нават раней, чым яны былі злоўлены, што дазвольце мне аддзякаваць вам і зрабіць падарунак, як у нас у Ірландыі кажуць, «на шчасце». Па вашаму ірландскаму звычаю, калі гандлёвая здзелка на коней адбываецца дома, падарунак робяць не таму, з кім заключаюць здзелку, а яго жонцы або дачцэ. Дазволіце мне ўвесці гэты ірландскі звычай у Тэхасе?
– Канешне! – пачулася некалькі галасоў.
– Я не супраць, містэр Джэральд, – адказаў плантатар, адступаючыся ад свайго кансерватызму перад агульнай думкай. – Як хочаце.
– Дзякую, джэнтльмены, дзякую! – сказаў мустангер, паблажліва зірнуўшы на людзей, якія лічылі сябе вышэй за яго. – Гэты конь і будзе падарункам «на шчасце». I, калі міс Пойндэкстэр пагадзіцца прыняць яго, я буду адчуваць сябе больш чым аддзякаваным за тры дні несупыннай пагоні за дзікуном. Калі б нават ён быў самай вераломнай какеткай, то і тады наўрад ці цяжэй было б яго пакарыць.
– Я прымаю ваш падарунак, сэр, і прымаю яго з удзячнасцю, – упершыню загаварыла маладая крэолка, без манернасці выступаючы ўперад. – Але мне здаецца… – працягвала яна, паказваючы на мустанга і ў той жа час запытальна гледзячы ў вочы мустангеру, – мне здаецца, што ваша палонніца яшчэ не ўтаймавана. Яна дрыжыць ад страху перад невядомай будучыняй. Мабыць, яна паспрабуе скінуць аброць, калі тая ёй прыйдзецца не па нораву, і што я, небарака, тады буду рабіць?
– Правільна, Морыс, – сказаў маёр, не зразумеўшы патаемнага сэнсу гэтых слоў і звяртаючыся да таго, хто адзін толькі і мог разгадаць іх значэнне. – Міс Пойндэкстэр кажа праўду. Мустанг яшчэ зусім не аб’езджаны— гэта ясна кожнаму. Давайце, даражэнькі, павучыце яго крыху!.. Лэдзі і джэнтльмены! – звярнуўся маёр да навакольных. – Гэта варта паглядзець, асабліва тым, хто яшчэ не бачыў падобнага відовішча… А ну, Морыс, садзіся на яго і пакажы, на што здольныя наезнікі прэрый. Мяркуючы па яе выгляду, вас чакае нялёгкая задача.
– Ваша праўда, маёр, задача сапраўды не з лёгкіх! – адказаў мустангер, кінуўшы быстры позірк, але не на чатырохногую палонніцу, а на маладую крэолку.
Сабраўшы ўсе свае сілы, каб не выдаць сябе, дзяўчына з дрыжаннем адступіла назад і схавалася ў натоўпе гасцей.
– Нічога, Морыс, нічога! – працягваў маёр супакойлівым тонам. – Хоць вочы яе і гараць агнём, б'юся аб заклад, што вы выб’еце з яе дурасць. Паспрабуйце!
He прыняць прапанову маёра мустангер не мог – яму не дазваляла прафесійная гордасць. Гэта быў вызаў яго лоўкасці, майстэрству наезніка: заваяваць прызнанне ў прэрыях Тэхаса не так лёгка.
Морыс выказаў згоду тым, што спрытна саскочыў з сядла і, перадаўшы павады Зебу Стумпу, падышоў да крапчастага мустанга.
Читать дальше