Дык вось, я займаўся раскопкамі ў Брытанскай Калумбіі, шукаў зробленыя ў старажытным палінезійскім стылі малюнкі на камені ў мясцінах, дзе жылі паўночна-заходнія індзейцы. У гэты час немцы ўварваліся ў Нарвегію.
Напра-ва, нале-ва, кру-гом. Мыццё лесвіц у казарме, шараванне да бляску чаравікаў, школа радыёсувязі, парашут і, нарэшце, Мурманскі канвой [4] Мурманскі канвой — у час Вялікай Айчыннай вайны так называлі караваны суднаў, якія праз паўночную частку Атлантычнага акіяна пад аховай ваенных караблёў прывозілі грузы з ЗША ў Мурманск. Ля берагоў Кольскага паўвострава ў ахове гэтых караванаў ад нападу немцаў прымала ўдзел савецкая авіяцыя.
і плаванне да берагоў Фінмаркена [5] Фінмаркен — паўночная правінцыя Нарвегіі на граніцы з СССР.
, дзе на працягу ўсёй непрагляднай зімы пры адсутнасці сонца-бога панаваў бог ваеннай тэхнікі.
Настаў мір. I вось прыйшоў дзень, калі я закончыў абгрунтаванне сваёй тэорыі. Я павінен вынесці яе на абмеркаванне спецыялістаў-вучоных. Для гэтага трэба ехаць у Амерыку.
РАЗДЗЕЛ ДРУГІ
НАРАДЖЭННЕ ЭКСПЕДЫЦЫІ
Сярод спецыялістаў. — Ніхто не верыць. — У Доме маракоў. — Апошні сродак. — Клуб падарожнікаў. — Новы рыштунак. — Я знаходжу таварыша. — Трыумвірат. — Адзін мастак і два ўдзельнікі Супраціўлення. — У Вашынгтоне. — Нарада ў ваенным міністэрстве. — У інтэнданцкае кіраўніцтва са спіскам пажаданняў. — Фінансавыя праблемы. — Сярод дыпламатаў у ААН. — Мы ляцім у Эквадор.
Дык вось, гэта пачалося ля вогнішча на востраве Паўднёвага мора, дзе сядзеў стары палінезіец і расказваў легенды і гісторыі з жыцця свайго племені. Праз многа гадоў я сядзеў з другім старым, на гэты раз у цёмным кабінеце на адным з апошніх паверхаў вялікага Нью-Йоркскага музея.
Вакол нас у добра аформленых шкляных вітрынах ляжалі гліняныя чарапкі даўно мінулых, але ўжо вывучаных часоў — пуцяводныя ніці ў туманнай старажытнасці. Сцены былі застаўлены таксама і кнігамі. Наўрад ці больш за дзесяць чалавек прачыталі некаторыя з іх. Стары, які прачытаў усе гэтыя кнігі, а шмат якія з іх напісаў сам, сядзеў за пісьмовым сталом — сівы, лагодны стары. Але зараз я, бясспрэчна, балюча пакрыўдзіў яго, таму што ён спалохана ўхапіўся за падлокатнікі свайго крэсла з такім выразам на твары, быццам я зблытаў усе яго карты.
— Не! — сказаў ён. — Ніколі!
Такі выгляд меў бы, напэўна, дзед Мароз, калі б хто-небудзь асмеліўся пры ім сцвярджаць, што ў наступным годзе каляды будуць на купалле [6] Купалле — 23 чэрвеня, дзень летняга сонцастаяння.
.
— Вы памыляецеся, моцна памыляецеся, — паўтараў ён і з абурэннем трос галавой, нібы адмахваючыся ад недарэчнай ідэі.
— Але вы ж яшчэ не прачыталі маіх довадаў, — стаяў я на сваім, з надзеяй паказваючы на рукапіс, што ляжаў на стале.
— Довады! — усклікнуў ён. — Вы не маеце права ставіцца да этнаграфічных праблем, як да дэтэктыўнай тайны!
— А чаму? — спытаў я. — Усе мае вывады грунтуюцца на маіх уласных назіраннях і на фактах, якія апісаны ў навуцы.
— Задача навукі — чыстае і без усякіх прыкрас даследаванне, — спакойна сказаў стары. — А не спроба даказаць тое або іншае.
Ён асцярожна адсунуў неразгорнуты рукапіс убок і схіліўся над сталом.
— Зусім правільна, што Паўднёвая Амерыка была радзімай некаторых самых цікавых старажытных цывілізацый і што мы не ведаем, хто былі гэтыя людзі і куды яны зніклі пасля таго, як да ўлады прыйшлі інкі. Але адно мы ведаем безумоўна — ні адзін з народаў Паўднёвай Амерыкі не перасяліўся на астравы Ціхага акіяна.
Ён дапытліва зірнуў на мяне і гаварыў далей:
— I ведаеце чаму? Адказ вельмі просты. Яны не маглі трапіць туды. У іх не было лодак!
— Але ў іх былі плыты, — нерашуча запярэчыў я. — Вы ведаеце, плыты з бальзавага дрэва [7] Бальза (ісп.) — у Паўднёвай Амерыцы так называюць плыты рознай формы, зробленыя з дрэва, бамбуку, трысця. Бальзавае дрэва — дрэва з лёгкай драўнінай, ахрома (Ochroma Iagopus), радзей сейба (Ceiba), з якіх звычайна робяць плыты і доўбленыя чаўны. Высушаная драўніна ахромы лягчэйшая, чым корак, але вельмі трывалая; яе выкарыстоўваюць пры будаўніцтве самалётаў, а таксама ў якасці ізаляцыйнага матэрыялу.
.
Стары вучоны ўсміхнуўся і спакойна сказаў:
— Ну, паспрабуйце зрабіць падарожжа з Перу да астравоў Ціхага акіяна на плыце з бальзавых дрэў.
Я не знайшоў, што адказаць. Ужо было позна. Мы абодва падняліся. Стары вучоны, развітваючыся, дабрадушна паляпаў мяне па плячы і сказаў, што заўсёды гатовы да маіх паслуг, калі мне спатрэбіцца дапамога. Але ў будучым я павінен спецыялізавацца або на Палінезіі, або на Амерыцы і не блытаць дзве зусім розныя антрапалагічныя вобласці. Ён зноў схіліўся над сталом.
Читать дальше