І Тайдо зараз жа палез угару. Даступіцца да гнязда было вельмі цяжка. Кос з жахам сачыў, як Тайдо чапляўся, разыкуючы абарвацца кожны момант. Урэшце ён дабраўся, але з-пад нізу, пад гняздом. Каб заглянуць у яго, трэба было перахіліцца назад і вісець над бяздоннем.
У гэты момант уверсе пачуўся нібы свіст, і разам з гэтым вялізны цень зацямніў святло. Над галавой Тайдо кружыўся птах, крылы якога дасягалі трох метраў у размаху.
— Злазь хутчэй! — крыкнуў Кос, але было позна. З нейкім хрыпатым крыкам кондар накінуўся на Тайдо і дзюбнуў яго ў галаву. На шчасце, дзюба слізганула збоку і параніла толькі вуха.
Бараніцца Тайдо мог толькі адной рукой, але супраць гэткай птушкі такая абарона не мела ніякага значэння. Горш за ўсё было тое, што ў такім стане Тайдо не мог злазіць. Адной рукой ён трымаўся за сук, а другой павінен быў несупынна адбівацца.
Кос мог дапамагчы толькі крыкам, а гэтым не спудзіш такой птушкі. Вось яшчэ адзін удар у плячо: пацякла кроў… Адразу відаць было, што бяззбройнай рукой нельга адбіцца ад страшэннай дзюбы, кіпцюроў і крылаў. Другая рука тым часам пачала дранцвець, а перамяніцца не было магчымасці.
Тайдо ўжо добра разумеў, што набліжаецца канец, што праз хвіліну ён паляціць уніз — ці сам, ці ад таго, што кондар разаб'е яму галаву…
А драпежнік ўсё кружыўся над галавой, усё вузей і шчыльней рабіліся кругі. Вось ён наляцеў апошні раз, ударыў Тайдо крылом і нарыхтаваўся канчаткова прадзяўбці галаву.
Сілы Тайдо ўжо скончыліся, надзея прапала.
Апошні раз узмахнуў ён рукой і… учапіўся за голую кондараву шыю; зараз жа і другая рука сашчапілася вакол яе, — і абодва ворагі паляцелі ў бяздонне…
А Кос толькі рукі падняў угору ды так і застаўся стаяць увесь скамянелы.
Кондар цяпер ужо думаў толькі аб самім сабе. Ен адчуваў, што рукі чалавека душаць яго, і стараўся вырвацца і паляцець. Ен махаў сваімі магутнымі крыламі, але цяжар чалавека няўхільна цягнуў яго галавой уніз. Вось ужо і драпежнік пачаў траціць прытомнасць, але з апошняй моцы ўсё махаў і махаў крыламі…
Калі Кос спусціўся ўніз, ён убачыў абодвух мёртвымі. Рукі Тайдо ўсё яшчэ сціскалі шыю кондара.
Але вось Тайдо заварушыўся, выпусціў шыю і расплюшчыў вочы.
З радасным крыкам кінуўся да яго Кос, прыпадняў яго і пачаў пытацца, як ён сябе адчувае.
Тайдо зусім ачуняў, пачаў мацаць сябе, але апрача крыві ля вуха, раны на спіне ды тупога болю ў баку, нічога дрэннага не адчуваў і нават сам устаў.
Дзякуючы таму, што кондар задушыўся не адразу, а ўвесь час біўся, махаў крыламі і такім чынам затрымліваў падзенне, ён апусціўся павольна. Тайдо спусціўся на ім, нібы на парашуце. Такі выпадак мог здарыцца толькі з кондарам, які настолькі вялікі і дужы, што сам нападае на альпагаў, гуанакаў, ламаў і іншых кардыльерскіх жывёл, спіхваючы іх у бяздонне. [11] Гуанака — падобны да альпагі, толькі поўсць кароткая (апрача жывата). Лама крыху нагадвае вярблюда, толькі значна меншая; ламы служаць замест коней.
Кондар ляжаў, распасцёршы свае чорныя з белымі канцамі крылы. Моцная кручкаватая дзюба, сціснутая з бакоў, была адкрыта, а адтуль высоўваўся востры язык. Асабліва непрыемны выгляд мела шыя — голая, мяснога колеру, з чырвонымі зморшчыкамі скуры па баках, а ля галавы нейкія жмуты не то пер'я, не то поўсці.
Абмыўшы раны лёдавай вадой, Тайдо зрабіўся зусім бадзёрым, і яны ўрачыста павалаклі сваю здабычу дадому.
У гэты ж самы вечар, пры святле вогнішча, адбылося ахвяраванне. Прывязалі каменні да ног кондара, каб ён пайшоў на дно, паднялі ахвяру на рукі, і Кос, нібы жрэц, сказаў прамову:
— Дух вадзяны! Уладар мора! Не скрыўдзі бедных людзей, дазволь нам пакарыстацца з тваёй гаспадаркі. А ў знак нашай пашаны да цябе прымі ад нас гэтага цара птушак, якога мы здабылі, рызыкуючы сваім жыццём.
Цікава і жаласна было глядзець, як гэтыя дзеці прыроды рабілі сваё першабытнае набажэнства. Твары выглядалі сур'ёзна, урачыста, кожны адчуваў, што адбываецца вялікі момант, ад якога залежала іх далейшае спакойнае жыццё. Вакол сурова стаялі чорныя скалы, вада была таксама чорная, таемная; агонь адбіваўся ў ёй, асвятляў ля берага, але праз некалькі крокаў было яшчэ больш таемна і жудасна. Вось заварушылася падводнае лісце: некалькі крабаў падпаўзлі, каб падзівіцца на агонь. А там, глыбей, сядзіць «ён», слухае і чакае ахвяры. Вунь там, здаецца, блішчаць яго зялёныя вочы.
Плюхнула вада, бліснулі пырскі — і ахвяра павольна пайшла на дно. Праз хвіліну ўсё сціхла, знікла, толькі ўстрывожаныя хвалькі плюскаталі ля падножжа скал.
Читать дальше