Гэта і быў самы зручны момант для Манга. Але ў апошнюю хвіліну ён змяніў план. Замест непасрэднай барацьбы ён надумаў зрабіць так, як тады Нгара зрабіў з ім, гэта значыць, захапіць кану.
Як тыгр, папоўз Манг да чоўна. Быў ужо змрок, ды і без гэтага Нгара быў так заняты сваёй справай, што яму не магло прыйсці ў галаву азірацца назад. Азірнуўся ён толькі тады, калі пачуў шум ля чоўна. Убачыўшы ў чоўне Манга, ён вачам сваім не мог даць веры. Адкуль? Якім чынам? Ці не з таго свету з'явіўся?
— Ну, Нгара, — злосна сказаў Манг, адапхнуўшыся ад берага, — цяпер мая чарга пажадаць табе ўсяго лепшага. Падзякуй толькі, што я не забіў цябе, як пінгвіна.
Голас Манга паказаў Нгару, што ўсё гэта сапраўднасць. Злосць і роспач сціснулі яму горла, і, нядоўга думаючы, ён кінуўся за Мангам у ваду. Манг гэтага зусім не чакаў. Ен паспеў ад'ехаць толькі некалькі крокаў, і Нгара адным махам дасягнуў яго, учапіўся за край чоўна і перакуліў яго разам з Мангам. Хоць ні аб чым іншым цяпер нельга было думаць, але Манг уздрыгануўся ад непрыемнага адчування, калі ногі яго заблыталіся ў слізкім галлі падводнага дрэва.
Завязалася барацьба не на жыццё, а на смерць.
Нгара быў дужэйшы за Манга. Яму адразу ўдалося ўхапіць Манга ззаду і занурыць яго ў ваду. Становішча Манга зрабілася зусім дрэнным. Калі ён не вызваліцца ў той жа момант, то загіне. Але ж затое ён меў і перавагу — капітанскі кінжал. Ен выхапіў яго, але не мог як след размахнуцца, бо Нгара трымаў яго ззаду за плечы. А вада тым часам пачала душыць, набірацца ў нос.
Раптам Манг пачуў, што Нгара дзіка закрычаў і выпусціў яго. Манг высунуў галаву і ўбачыў, што вакол Нгара абкруцілася змяя. Не паспеў Манг апамятацца, як адчуў, што і яго нагу апякло і сціснула. Манг схіліўся і адным махам адрэзаў змяю сваім вострым кінжалам, потым вынырнуў і ўчапіўся за човен.
Нгара тым часам круціўся, каб вызваліцца ад сваёй пятлі. Ен таксама трымаўся за човен і ўжо не звяртаў увагі на свайго ворага. Трэба сказаць, што і Манг забыўся на ўсё і думаў толькі аб гэтай новай бядзе, хоць цяпер і мог ужо забіць свайго ворага. Замест гэтага ён пусціўся ўцякаць да берага.
Не паспеў ён адплысці, як адчуў, што тая самая змяя зноў абхапіла яму нагу. І на гэты раз ён вызваліўся ад яе з дапамогай свайго корціка, а вакол Нгары тым часам абвілася другая змяя.
Нгара бачыў у руках Манга нож, бачыў, як лёгка Манг вызваляе сябе, і пачаў прасіцца:
— Братка, вызвалі мяне, я табе ўсё аддам!
— Дурны! — злосна ўсміхнуўся Манг. — Што ж ты мне аддасі, калі я і без цябе магу ўсё забраць.
І хутка паплыў да берага. Там сеў спакойна і пачаў здзекавацца з небаракі:
— Ты ж бачыш, што я мог цябе забіць, але не хачу пэцкаць свайго прыгожага нажа. Хай лепш цябе задушаць гэтыя змеі. Вось так, вось так! Го-го-го! Дарэмна ты радаваўся, што мяне няма на свеце.
А змеяў гэтых абкруцілася ўжо тры. Цяпер справа пайшла хутчэй. Пад смех Манга Нгара апускаўся ўсё глыбей і глыбей і нарэшце з жудасным крыкам знік пад вадой. Толькі бурбалкі сведчылі, што там адбываецца трагедыя.
Калі ўсё скончылася, Манг выбраў доўгую галіну, зачапіў човен, падцягнуў да берага, выцягнуў яго, упарадкаваў і выехаў у мора.
Было ўжо зусім цёмна. Пасля ўсяго таго, што ён перажыў, было неяк дзіўна думаць, што там яго чакае нейкая Белая Птушка. Здавалася, што гэта было даўно-даўно, а мо і зусім не было. Мо ніякай Птушкі і няма?..
А дзяўчына ўсё стаяла на скале. Даўно ўжо скамянела сэрца; даўно ўжо здранцвела цела, а разам з ім і думкі; даўно ўжо яна шаптала сама сабе, што ўсё скончана, што надзеі няма, — а між тым не адводзіла вачэй ад таго боку, куды паплыў Манг, увесь час прыслухоўвалася, ці не чуваць яго, увесь час інстынкт суцяшаў: а можа, прыедзе?
І вось аднекуль з мора даляцеў крык, доўгі, бадзёры. Затрапяталася паненка ўсёй сваёй істотай, — ці не Манг дае знаць, што едзе? А можа, не?..
О каб гэта быў ён, мілы, родны Манг! За ўсё сваё жыццё яна нікога так не чакала, нікога так не жадала бачыць, як цяпер гэтага дзікуна «людаеда». У гэты момант ён здаваўся ёй лепшым ад усіх яе знаёмых лордаў, сэраў, містэраў і іншых франтаў.
Данёсся новы вясёлы крык, потым плюскат, зачарнеўся човен, і пад'ехаў Манг. Напружаныя нервы не вытрымалі, слёзы радасці паліліся з дзявочых вачэй, і яна павалілася Мангу на рукі.
Праз гадзіны дзве яны былі «дома», у пакінутай бухце.
На другі дзень надвор'е сапсавалася, і нельга было ехаць далей. Трэба было чакаць. І чаканне гэтае цягнулася цэлы тыдзень.
Хоць тут было лепш, цішэй, як там, на востраве, ды і некаторыя хатнія рэчы былі, але дзяўчыне здавалася, што гэты непрыемны, нудны тыдзень быў горшым за ўсё папярэдняе. Нарэшце скончыліся і гэтыя дні. Паехалі далей на поўдзень.
Читать дальше