Але ёй адразу зрабілася цёпла на душы і слёзы паказаліся на вачах, калі Саку абняў яе і сказаў на іхняй роднай мове:
— Мама! Як я рады, што мы сустрэліся. Выйшаў Мапу, высокі, плячысты мужчына з страшэннай галавой, ад якой ва ўсе бакі тырчалі валасы і з галавы, і з барады, і з вусоў, і з шыі. Пер'е какаду і райскай птушкі ззяла, як жар, а на грудзях, апрача сабачых і дзікавых зубоў, віселі яшчэ і чалавечыя. На абодвух плячах былі вялікія рубцы, зробленыя сумысля: хлопчыкам разразаюць скуру, некаторы час перашкаджаюць ёй загойвацца, а потым, калі загоіцца, застаюцца гэтыя пачэсныя, шырокія і глыбокія рубцы.
Ен здзіўлена паглядзеў на Саку і звярнуўся да маці:
— Дык гэта твой сын, што ўцёк? Не можа быць!
— Я жыў у белых і шмат чаго ад іх пераняў,— растлумачыў Саку, бачачы, што Мапу недаверліва глядзіць на яго.
— І «громам» уладаць ты ўмееш? — запытаўся Мапу.
Саку здагадаўся, аб чым гаворыць правадыр, і сказаў:
— Ведаю, але яны мяне навучылі нікога не забіваць.
— Як так нікога? І ворагаў? — здзівіўся Мапу.
— І ворагаў трэба любіць. Бог, вышэйшы дух, казалі яны, які стаіць над усімі намі, загадвае, каб усе людзі любілі адзін аднаго.
— А калі вораг пачне цябе біць?
— Падстаў яму другую шчаку, як сказаў бог белых людзей Хрыстос, — з пачуццём адказаў Саку, уздымаючы ўгору вочы.
Усе прысутныя здзіўлена паглядзелі адзін на аднаго, а ў правадыра мільганула думка, ці не вар'ят гэта які. А можа, белыя знарок яго падаслалі, каб ён тут угаворваў усіх не супраціўляцца, быць пакорнымі і любіць ворага нават тады, калі ён цябе б'е, ды яшчэ падстаўляць яму другую шчаку…
— Гэта цябе так навучылі белыя? — сурова запытаўся Мапу.
— Так, яны навучылі,— спакойна адказаў Саку.
— Ну, а самі яны не забіваюць, падстаўляюць другую шчаку? — насмешліва спытаў правадыр.
— Не ўсе выконваюць загад бога, але трэба маліцца, каб ён змякчыў сэрцы іх.
— А ты можаш памаліцца, каб іх сэрцы памякчэлі і яны нас не крыўдзілі?
— Не заўсёды бог слухае нас. Ен лепш ведае, што патрэбна. Але, вядома, я павінен маліцца аб гэтым, — сказаў місіянер.
Пры гэтых словах Мапу павесялеў. Гэтага хлапца можна скарыстаць! Ен можа памаліцца, як яго там навучылі,— і вораг будзе мяккі, ласкавы.
— Ну, а можаш ты памаліцца свайму богу, каб і Мукку памякчэлі? — запытаўся ён зноў.
— Усе людзі аднолькавыя перад богам, — адказаў Саку, — і з усімі ён можа зрабіць, што захоча, ці будуць гэта белыя ці чорныя.
Хітры Мапу зараз жа склаў сабе ў галаве добры план. Вось гэты дзівак памоліцца, Мукку зробяцца мяккімі і пакорнымі, а ён тады — цап! — і забярэ іх усіх у свае рукі. Гэта будзе нават лепш за «гром».
Што белыя маюць вялікую сілу, што яны ўладаюць і «громам», і агнём, і вадой, — гэта ўсім вядома. Але якім чынам яны гэтага дасягнулі — ніхто тут не ведае. І вось, на шчасце, з'явіўся гэты чалавек, які прайшоў усю навуку белых, які ведае, як звяртацца да іхняга бога, — ці можа яшчэ каму так пашанцаваць, як роду Какаду?
І правадыр пажадаў, каб адзначылі гэты дзень урачыстасцю. Мапу хацеў яшчэ больш схіліць на свой бок гэтага дзіўнага чалавека, які атрымаў магутнасць белых і разам з тым быў свой.
На палянцы, крыху далей ад вёскі, расклалі вогнішчы, нацягалі свіней і асабліва сабак, якія лічацца найсмачнейшай стравай. Папуаскія сабакі невялікія, з кароткай гладкай поўсцю і стаячымі вушамі. Яны ціхія, нясмелыя, ніколі не гаўкаюць, а толькі выюць. Жывяцца галоўным чынам расліннасцю, асабліва какосавымі арэхамі. Мусіць, загэтым і мяса іх крыху смачнейшае за мяса нашых сабак.
Прынеслі варанага бобу, таро, ямсу, перапечак з хлебнага дрэва, якія пякуцца на гарачых каменнях.
Саку тым часам меў магчымасць перагаварыцца з маткай. Але, нягледзячы на дзесяцігадовы перапынак, яны не мелі аб чым доўга гаварыць. Матка нічога не магла сказаць, апрача таго, што яна жыве ў Мапу; як ёй жывецца — яна і сама добра не ведала, бо лёс папуаскай жанчыны ўсюды аднолькавы.
Саку ж, з свайго боку, пачаў быў тлумачыць аб сваім жыцці, адукацыі, галоўнае, аб хрысціянскай веры, але хутка заўважыў, што матка нічога не разумее, нават не цікавіцца. Ды і наогул яна пазірала на яго неяк боязна.
Зразумела, ён і сам ведаў, што адразу «выратаваць матчыну душу» нельга, што прыйдзецца доўга, паступова асвятляць яе.
Тым часам грамадзяне рыхтаваліся да свята, чаплялі на сябе ўсё, што толькі было.
У многіх жанчын на плячы былі нейкія плямы, быццам ад даўнейшай балячкі. Гэтыя плямы таксама наўмысля робяцца для прыгожасці, як мужчынамі рубцы.
Читать дальше