Трэба ведаць, што папуасы ў лесе звычайна маюць другія хаты, пабудаваныя высока на дрэвах, на той выпадак, калі патрэбна будзе ратавацца ад ворагаў. Там у іх зложаны запасы яды і зброі, напрыклад, каменняў, каб не падпусціць ворага да дрэва.
Але сёння здарылася нешта больш дзіўнае: вялі звязанага белага чалавека!
Сярод густога натоўпу набліжаўся ён да ум-камаля, а па баках горда ішлі тыя два пасланцы, якіх Мапу паслаў за «громам». Калі яны падышлі зусім блізка, Саку не мог утрымацца, каб не крыкнуць ад здзіўлення: белы быў містэр Брук!
Ен быў без шапкі, твар скрываўлены, адзенне падзёртае.
Страх і злосць відаць былі ў яго вачах. Падвялі і пхнулі яго пад ум-камаль. Народ аглядаў яго, бы дзіўнага звера, некаторыя нават краталі і казалі:
— Добры пачастунак будзе з яго!
І Брук, здаецца, здагадваўся, што азначае гэтае мацанне і гэтыя словы…
Сабралася нарада. Пасланцы расказалі сваю гісторыю:
— Мы далі ім золата і птушак. Прасілі «грому». Яны нам далі агнёвай вады. Больш мы нічога не памяталі. Апынуліся адны ў лесе. І ў нас засталося толькі гэта.
І яны паказалі бутэльку з адбітым горлам. Усе пачалі яе разглядаць, перадаваць з рук у рукі, нюхаць, глядзець праз яе. Асабліва было заўважана, што канцы дужа вострыя. Гэта можа быць вельмі добрай прыладай. Можа, яно адно варта таго золата, з якога ніякай карысці няма.
Але большасць усё ж такі разумела, што гэта ашуканства.
— Мы пайшлі дадому, — казалі далей пасланцы. — Праз некалькі дзён убачылі на рацэ траскучую лодку і пачалі сачыць за ёю. Гэта ехалі белыя з той самай станцыі. І вось мы гэтага злавілі.
Каб зразумець, як гэта яны пехатой зраўняліся з маторнай лодкай, трэба глянуць на карту Новай Гвінеі. Мы заўважым, што ад паўднёвага берага, дзе была станцыя (ля ракі Марэгед), да пачатку ракі Фляй ёсць два кірункі: або па вадзе, на ўсход уздоўж берага, а потым на захад па рацэ, або па зямлі, проста на поўнач. У першым выпадку будзе кіламетраў шэсцьсот — семсот, а ў другім — якіх-небудзь сто — сто дваццаць.
Спрэчак аб лёсе палоннага не было, бо досыць ужо таго, што белыя са сваімі страшнымі прыладамі чамусьці заехалі так далёка. Ясна, яны маюць нейкія злыя намеры. Хіба з добрымі яны б паехалі? Пэўна, яны хочуць забраць усю зямлю Какаду і ўсіх жыхароў. Значыцца, трэба ворагаў знішчыць, і не толькі гэтага, але і тых, што засталіся.
Усе тыя папуасы, што жылі ля берага мора, ужо даўно трапілі пад уладу белых; вольнымі засталіся толькі тыя, што жылі ў сярэдзіне вострава. І вось цяпер белыя дабіраюцца і да іх! Апрача таго, гэтыя белыя подла ашукалі іх.
І яшчэ трэба мець на ўвазе, што чэрап белага надасць шчасце, славу і магутнасць роду Какаду. Мукку да гэтага часу яшчэ не маюць чэрапа белага чалавека.
Некаторыя нават думалі, што прысутнасць Саку гэтаму дапамагла, што вялікі дух зрабіў белых ціхімі і мяккімі, як раіў Саку, і што белыя ўжо не могуць даць адпору. А ўжо аб Мукку і казаць няма чаго: тых можна загадзя лічыць зусім знішчанымі.
Адным словам, справы роду Какаду складваліся вельмі добра.
Саку сядзеў, слухаў нараду, і сэрца яго аблівалася крывёю.
— Не, браты, — пачаў ён казаць, — нядобра будзе, калі мы загубім гэтага чалавека. Бог нам не даруе. Каб яшчэ ў бойцы, дык і то нядобра. А так загубіць — вялікі грэх. Бог пакарае: пашле белых, і будзе нам бяда.
— Значыцца, твой бог заступаецца толькі за белых? Ты ж сам казаў, што за ўсіх, — адказалі яму сябры.
— За ўсіх тых, хто не робіць злачынства, хто любіць бога і людзей, хто не робіць нікому аніякай шкоды. А хто бога не слухае, таго ён карае, — намагаўся растлумачыць Саку.
— Пачакай, — сказаў Мапу, — хіба ж яны не робяць ніякай шкоды? Хіба яны не забралі ў нашых суседзяў зямлю? Хіба яны не прыехалі сюды, каб і нашу зямлю забраць! Хіба яны не ашукалі нашых пасланцоў? Хіба яны не забіваюць нас?
— Хто зрабіў грэх, таго бог сам будзе судзіць і караць, а не мы, — адказаў Саку.
— А чаму ж ты толькі што казаў, што белыя самі прыйдуць і пакараюць нас, калі мы заб 'ёмгэтага чалавека? — сказаў Мапу. — Чаму ж яны не хочуць чакаць, пакуль бог сам будзе судзіць?
Саку зноў з прыкрасцю ўбачыў, як цяжка дагаварыцца з гэтымі цёмнымі людзьмі. Яны бачаць і разумеюць толькі тое, што тычыцца іх непасрэдных інтарэсаў, а падумаць глыбей, аб сваёй душы, яны не хочуць ці не могуць.
Ен замаўчаў і пачаў прыдумваць другія спосабы, каб дапамагчы містэру Бруку.
Брука павялі ў адну хаціну, дзе ён павінен быў правесці апошнюю ноч у сваім жыцці. І вось па дарозе ён убачыў Саку!.. Брук спыніўся, пабялеў, пачырванеў, хацеў нешта сказаць, але не мог вымавіць слова.
Читать дальше