Другі раз усіх узварушыў крык боцмана Старка:
— Глядзіце, глядзіце: на левым беразе чалавек на кані!
Каб у нас закрычалі: «Глядзіце, слон на самалёце!», то менш здзівілі б людзей, чым тут словы: «Чалавек на кані».
Справа ў тым, што на Новай Гвінеі зусім няма коней. Толькі еўрапейцы па берагах прывезлі сабе іх некалькі. А каб тут, у сярэдзіне, сярод папуасаў, з'явіўся конь, то людзі перапалохаліся б больш, як мы, убачыўшы якога-небудзь неіснуючага звера.
Усе кінуліся глядзець у той бок, накіравалі біноклі, але нічога не ўбачылі.
— Гэта табе здалося, — сказалі боцману.
Але ён кляўся, што добра бачыў, як праз узгорак праехаў коннік і схаваўся за дрэвамі.
Як ні глядзелі, як ні пільнавалі,— ніхто больш не бачыў яго; усе пераканаліся, што Старк памыліўся. Той нават раззлаваўся:
— Хіба я сляпы або п'яны? — агрызаўся ён. — Пакуль што вочы служаць, і я не магу ім не верыць.
Праўда, стары марскі воўк меў вочы, не горшыя за іншы бінокль, але… усё ж такі не можа быць таго, чаго не можа быць. Адзін еўрапеец на кані не мог бы сюды трапіць, а папуас, не гаворачы аб іншым, адкуль возьме каня?
Яшчэ праз колькі дзён убачылі з правага боку другую раку, якая была не меншая за Фляй. Гэта быў прыток Стрыкленд. Уліваецца ён у раку Фляй прыблізна пасярэдзіне яе даўжыні, значыцца, засталося ехаць яшчэ паўдарогі.
Але ўжо зусім пры іншых умовах…
Тут місіянер сказаў, што ён хоча высадзіцца.
— Вы ж казалі, што вам трэба да пачатку ракі,— сказаў Скот.
— Я там і буду, — адказаў місіянер. — Напрасцень гэта не вельмі далёка. А пакуль я пашукаю маю матку. Тут жывуць тыя, хто ўзяў нас у палон.
— Можа, на кожны выпадак возьмеце рэвальвер? — прапанаваў Скот.
— Не трэба, — сказаў місіянер. — Драпежных звяроў няма, а супраць людзей я маю вось гэтую зброю, — і ён паказаў на біблію.
— Ну, жадаю вам усяго найлепшага, — сказаў Скот і першы раз у сваім жыцці працягнуў руку чорнаму.
Місіянер узяў торбу, біблію, развітаўся з усімі і знік у гушчары.
— Дзіўны чалавек, — заўважыў Кандаракі.
— Вось табе і папуас! — дадаў Брук.
За Стрыклендам рака Фляй ужо значна зменшылася, бо яна страціла блізка што палову вады, якую даваў прыток. Калі да Стрыкленда часам і даходзілі параходы, то вышэй яны ўжо не маглі падняцца. Усяго разы са два сюды дабіраліся даследцы. Нашы падарожнікі мелі толькі тую перавагу, што ехалі на маторнай лодцы, якая магла ісці і па неглыбокім месцы.
Берагі звузіліся, сталі вышэйшымі і стромкімі. Бег вады стаў мацнейшы, так што лодка пасоўвалася яшчэ цішэй. У некаторых месцах здаралася нават, што яе адносіла ўзад. Сталі сустракацца падводныя каменні, і ўжо нельга было думаць ехаць уначы.
І вось аднаго разу на катэры зноў крыкнулі:
— Глядзіце налева: коннік едзе!
На гэты раз ужо ўсе ўбачылі, як далёка на небасхіле нехта ехаў на кані. Конь ішоў ступою і накіроўваўся таксама на захад.
Брук паглядзеў у бінокль і здзіўлена крыкнуў:
— Дык іх жа ўдвух едзе на адным кані!
— Што за дзіва такое? — сказаў Скот і ўзяў бінокль, але нічога ўжо не бачыў: конь зноў знік за ўзгоркам.
Падарожнікі нават не ведалі, што і думаць. Мала таго, што давялося паверыць у сапраўднасць гэтага з'явішча, але яшчэ чамусьці і два чалавекі на адным кані. Хто яны такія? Адкуль? Як апынуліся тут? І чаму?
Але доўга разважаць аб гэтым ім не прыходзілася, бо перад імі паўстаў другі, важнейшы клопат. Каб не траціць часу, яны рэдка спыняліся і жывіліся тым запасам яды, што набралі з сабой. А запасы былі не надта вялікія, бо, перш за ўсё, лодка была малая, а затым — галоўнае месца займала зброя. Яны правільна разважалі, што, калі будзе досыць ваенных прылад, тады ўсё другое лёгка здабыць.
Яно так і павінна быць, але ўся бяда ў тым, што дзічыны было мала. Спачатку яшчэ качак знаходзілі, а потым, калі вымчалі ў больш высокую мясцовасць, яны ўжо не сустракаліся. Рыба раней была, а цяпер, у верхняй частцы ракі, яе стала куды менш і, каб злавіць рыбіну, не варта было траціць часу.
На зямлі вадзіліся казуары, але за імі ганяцца можна толькі на конях. А каб падпільнаваць, таксама трэба шмат часу.
Што датычыцца пладовых дрэў, то яны на волі толькі дзе-нідзе сустракаюцца, як і ў нашых лясах. Стала іх разводзіць толькі чалавек. Без чалавека і яго працы самая «райская» мясцовасць нічога не варта. Толькі на малюнках яна добра выглядае, а падарожнікі церпяць там ад голаду больш, як у нашай самай беднай старонцы.
Праўда, нашыя падарожнікі мелі яшчэ свае прадукты, але падарожжа толькі пачыналася, і трэба было думаць пра далейшае.
Читать дальше