Файлу ўзяўся гатаваць качак, а Скот, Брук, Кандаракі і Ханубі адышлі крыху ад берага, каб размяць ногі. Тут яны заўважылі шырокае, густое, вельмі зялёнае дрэва.
— Вось хлебнае дрэва, — сказаў Брук. — Трэбыло б паспрабаваць «свежага хлеба».
— Вядома, — сказаў Скот, — асабліва, калі сухары трэба шкадаваць, бо можа не хапіць.
Паклікалі Файлу. Той выбраў адзін плод вагою больш за паўпуда, аднёс яго, разбіў, выбраў сярэдзіну і «замясіў цеста», з якога потым на патэльні стаў пячы каржы. Хаця кожны з нас хацеў бы пакаштаваць такога хлеба, але харчавацца ім заўсёды не пажадаў бы…
Крыху далей зноў убачылі нейкае дрэва, на якім вісела шмат чорных вялікіх пладоў. Але ледзь толькі людзі падышлі да гэтага дрэва, як плады закрычалі і паляцелі на ўсе бакі.
— Што за цуд такі? — крыкнуў Брук. Кандаракі і Ханубі рассмяяліся.
— Гэта ж лятучыя сабакі,— сказаў Кандаракі.
— Во яшчэ чаго не хапала! — буркнуў Брук.
Лятучыя сабакі падобны да нашых кажаноў, толькі значна большыя. Морда іх падобна да сабачай, за што іх і назвалі сабакамі. Таксама, як і нашы кажаны, яны лётаюць толькі ўначы, а ўдзень вісяць, зачапіўшыся заднімі лапамі і загарнуўшыся ў свае крылы.
Падняліся на ўзгорак. На захад распасцёрлася бязлеснае ўзвышша. На ўсход — зарослая нізіна. На беразе, ля катэра, уздымаўся дымок. І нідзе не было відаць сяліб. Здавалася, што нашы падарожнікі і былі адзінымі людзьмі ва ўсёй краіне.
— Дзіўная рэч, — разважліва сказаў Скот. — Такі край — і быццам нідзе ніякага насельніцтва.
Кандаракі ўсміхнуўся.
— Ну, не кажыце, — сказаў ён, — я ўпэўнены, што ў гэты самы момант не адзін дзесятак вачэй сочыць за кожным нашым крокам.
— Чаго ж яны хаваюцца, дурні? — сказаў Скот. — Хіба мы ім хочам зрабіць якое ліха?
— Мусіць, калісьці хто-небудзь і нарабіў ім шкоды, — сказаў Кандаракі.
Тут Ханубі раптоўна ўзняў стрэльбу і нацэліўся.
— Што, што такое? — трывожна запыталіся другія, таксама схапіўшы стрэльбы.
— Вунь якая птушышча бяжыць, — паказаў Ханубі.
— Гэта казуар, — сказаў Скот, — не варта страляць. Ен далёка, і няма цяпер часу з ім важдацца. Сустрэнем яшчэ, калі трэба будзе.
Казуар нёсся па даліне, як вецер. Ен быў вельмі падобны да ўсім вядомага страуса, толькі на галаве меў грэбень, як у курэй, ды на шыі каралі, як у індыка. Апрача таго, у яго не было на канцах крылаў і хваста тых прыгожых белых пер'яў, з-за якіх так цэніцца страус. Наогул яго пер'е нейкае асаблівае, нібы поўсць.
Можна яшчэ адзначыць, што ў казуараў выседжванне яек уваходзіць у абавязак самца, а не самкі.
— Шкада, — сказаў Брук, — у гэтай дурной старонцы, апрача казуара, няма, здаецца, аніводнай жывёліны, на якую можна было б папаляваць. Нават ніводнага драпежнага звера.
— Затое досыць драпежных людзей, — сказаў Скот. — Але пойдзем ужо дадому. Файлу, мабыць, чакае з абедам.
Ідучы праз хмызняк, яны былі аглушаны зычным прарэзлівым крыкам какаду. Ладны гурток гэтых папугаяў сядзеў паміж галін і нібы перагаворваўся. Белыя, з ружовай шыяй і чырвоным чубам, яны ззялі на сонцы як намаляваныя.
— Вось разбалбаталіся, як папугаі! — сказаў Брук, затыкаючы вушы, і раптам чамусьці заскакаў, пабег, замахаў рукамі, зароў і пакаціўся на зямлю.
Таварышы спыніліся ў здзіўленні.
— Што гэта з ім здарылася? — сказаў Скот. — Няўжо крык какаду зрабіў на яго такі ўплыў?
— Памажыце! Восы! Восы! — выў Брук.
Хаця справа была і непрыемная, але таварышы не маглі ўтрымацца ад рогату. А тым часам і каля іх ужо загуло, і замест дапамогі яны самі пабеглі прэч.
Здарэнне было простае: Брук трапіў нагой у асінае гняздо і пацярпеў за гэта.
Ну і лаяўся ж пасля таго містэр Брук! Усім дасталося: і восам, і какаду, і папуасам, і Новай Гвінеі наогул! І было за што, бо ўвесь твар яго ўспух, вочы заплылі, і, глянуўшы на яго, цяжка было ўтрымацца ад смеху. Асабліва радаваліся Чунг-лі і Файлу, два ворагі, якія аднолькава жадалі «дабра» містэру Бруку.
Так ехалі некалькі дзён. За ўвесь час яны толькі адзін раз сустрэліся з папуасамі. З затокі выехала насустрач некалькі чоўнаў, у якіх сядзела шмат людзей, узброеных лукамі і пікамі. Па ўсяму іх выгляду і рухах відаць было, што яны выехалі на вайну.
Скот загадаў страляць, і пасля першых жа стрэлаў папуасы павярнулі назад. За імі не гналіся.
— Мне пачынае ўжо здавацца, — сказаў Скот, — што пры такіх умовах наша экспедыцыя будзе простай пагулянкай.
— Добра казаць, калі мы цяпер сядзім «дома» і ў нас пад рукою ёсць шмат зброі, нават кулямёт, бомбы і газы. А на зямлі не так лёгка будзе, — сказаў Кандаракі.
Читать дальше