Алесь нічога не адказаў настаўніку. Аднак размовы не забыў. На матфак ён не паступаў, хаця мог бы — лепш за яго ў школе, пакуль ён вучыўся, задачы не рашаў ніхто. Алесь выбраў іншую прафесію, калі прыгледзецца, блізкую да матэматыкі менавіта логікай. Яна таксама патрабавала таго самага палёту думкі, пра які так у час нагадаў настаўнік. Бывае, над дэтэктыўнай загадкай трэба думаць не меней, чым над цяжкай матэматычнай задачай, прычым у адказе не лічбы, а людскі лёс.
Корзун іранічна пасміхнуўся сам сабе: так-то яно так, але ці не ў Пратасенеў гарод, паважаны інспектар абласнога ўпраўлення, кідаеш ты каменьчык? Ён, значыцца, шматгадовы вопыт і веды прымяняе механічна, бярэ вывады з паверхні, а ты, маладзён, імкнешся ўзняцца над фактам! А чым ты можаш падмацаваць сваю пазіцыю? Нічым, і гэта галоўнае…
Увайшоў Юркавец. Начальнік аддзела часта, жадаючы высветліць тое ці іншае пытанне, не выклікаў да сябе падначаленага, а сам ішоў да яго. «Дома сцены памагаюць, — любіў ён жартаваць, — то хай яны памагаюць інспектарам». Юркавец паставіў пасярод пакоя стул, каб бачыць і Корзуна і Дзюбу, сеў верхам і традыцыйна спытаў:
— Што намудрылі, светлыя галовы?
— Заканчваю план аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў і следчых дзеянняў,— сказаў як адрапартаваў Дзюба. Толькі што не ўскочыў з крэсла.
— Так, — маёр зірнуў на гадзіннік, — адразу пасля абеду абмяркуем.
— Усё распісаў,— у начальнікавых словах Дзюба адчуў адабрэнне, — возьмем тых дамушнікаў!
— Ну-ну, — сказаў Юркавец і звярнуўся да Корзуна: — А ты?
— Думаю…
— Мысліцель! — фыркнуў Дзюба.
Юркавец зірнуў на Дзюбу ацэньваюча, быццам бачыў упершыню, тады пасунуўся на стуле, як на кані, да Корзунавага стала.
— Даведка гатова?
— Напалавіну, пра Абабурку, а далей…
— Пратасеня дакончыць, — зноў падаў рэпліку Дзюба.
— Нарада яшчэ не пачалася, старшы лейтэнант, — крутануў галаву ў яго бок Юркавец і вярнуўся да Корзунавай даведкі. Прачытаўшы, сказаў: — Паспрабуй зацікавіць Пратасеню. Калі ты маеш злавіць не падпаручніка Кіжэ, то, мусіць, некага з яго раёна. Два дні табе, і ні гадзіны лішняй. Ці так, ці гэтак!
Корзун пачырванеў. І ад нядаўніх думак аб пракурору Ляснога, і ад катэгарычнасці начальнікавых слоў, за якімі чуўся прыхаваны папрок. Калі да гэтага ён спадзяваўся на Юркаўцову дапамогу — усё-такі ўдвух з тупіка выбірацца лягчэй, то цяпер бачыў, што разлічваць павінен толькі на сябе. Ад Пратасені ён многага не чакаў. Відаць, і начальніку аддзела гэта крутня вакол уяўнага — інакш пакуль не скажаш — забойства ўелася ў пячонкі. Ды і над ім начальства ёсць. Краем вока Корзун улавіў Дзюбаву яхідную ўсмешку і неахвотна выціснуў:
— Ёсць!..
— Ну-ну, — працягнуў сваё любімае Юркавец, паставіў на месца стул і накіраваўся да дзвярэй.
А Корзун падумаў, што ён усё роўна пойдзе па жураўля…
Збіраючыся ў дарогу, Корзун ніколі не спяшаўся. Калі яго падганялі, жартаваў:
— Аўтобус для мяне ці я для яго? Пачакае!
І сёння, зірнуўшы на гадзіннік, вырашыў, што мае некалькі лішніх хвілін, каб зрабіць яшчэ адну важную справу — наведаць Марыю Апылінскую. Крыўда на яе хутка прайшла. Зрэшты, і падстаў не было для крыўды. Хто ён дзяўчыне? Выпадковы знаёмы. Больш ні разу не прыехаў у Даманы, не адшукаў тады ў тэатры. Дык якія могуць быць прэтэнзіі? А вось цяпер не зайсці ён проста не мае права. Бо менавіта цяпер, мажліва, ёй сапраўды патрэбна падтрымка.
У інтэрнаце было ціха, пуста. Завочнікі, відаць, параз'ехаліся, а пастаянныя жыхары яшчэ не вярнуліся з канікулаў.
Вахцёрка доўга вадзіла пальцам па спісе, шукаючы Марыіна прозвішча. Па вузкай стаптанай лесвіцы Корзун падняўся на трэці паверх, прайшоў у канец калідора, разглядаючы на аднолькавых карычневых дзвярах белыя бляшанкі з сінімі нумарамі. Перад Марыіным пакоем спыніўся, пастукаў. Ніхто не адказваў. Ён пастукаў яшчэ раз, мацней, потым прыхінуўся да сцяны, раздумваючы, што рабіць.
— Летуценні хоць салодкія? Корзун падняў галаву, усміхнуўся:
— Паспіш тут, не інтэрнат — а прахадны двор.
— А ўжо ж, раз'язджаемся, — Марыя апусціла на падлогу свае дзве паўнюткія гаспадарчыя сумкі.
Яна смяялася, а Корзун раптам з сумам падумаў, як правільна падмечана: з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Ці не Абабуркавы ўрокі так змянілі дзяўчыну? Вясёлая, пасмялелая, нават бойкая на выгляд. Шчокі густа і не надта ўмела прыпудраны, напэўна, каб схаваць свой, натуральны румянец; вакол вачэй сінія фарбаваныя кругі. Некалі Святлана Якушава тлумачыла яму, што гэтак модна. А ён і да гэтага часу не разумеў, чаму часта дзяўчаты не берагуць тое сваё, чым іх так шчодра адарыла прырода, — натуральную прыгажосць, індывідуальнасць? Сукенку ці боты, як у сяброўкі, не надзене, а прычоску, плямы на твары — калі ласка. І не падумае, што менавіта ў гэтым яны бываюць падобныя адна на адну, як інкубатарскія кураняты.
Читать дальше