Абабурка аціх і папрасіў дазволу закурыць. Упершыню за цэлую гадзіну. Усё-такі вытрымку ён меў. Толькі нечаканы паварот у допыце пазбавіў яго раўнавагі.
— Дык дзе вы былі? — паўтарыў Корзун. — Ад вашага адказу многае залежыць, Міхаіл Карпавіч. — Ён не хацеў, каб яго версія зараз жа атрымала пацвярджэнне, і адчуваў, што шчыра хоча, каб забойцы наогул не аказалася.
Абабурка выкурыў, напэўна, паўцыгарэты, перш чым, зразумеўшы, што адказваць неабходна, кінуў:
— Спытайце ў Якушавай…
Корзун пазней не здолеў сабе растлумачыць, чаму ён адразу паверыў у Абабуркава алібі. Бо званіў Святлане проста дзеля пратакола, упэўнены, што так яно і было. Пакуль давалі Лясное, пакуль нешта гаварыла Святлана, ён ліхаманкава шукаў, якім чынам закончыць допыт. Нельга было, каб Абабурка зразумеў, што яго цікавіў толькі Рамейка. Але і адысці ад Рамейкі проста так, нават калі версія лопнула, не хацелася. Надта многа было аддадзена ёй думак і часу, каб расстацца раптоўна. Паклаўшы тэлефонную трубку, папракнуў:
— Міхаіл Карпавіч, Міхаіл Карпавіч, навошта была гэта сцэна, га?
— Вы ўсё роўна не паверылі б.
— Хто ведае. Размова ж была шчырая, ва ўсякім разе, з майго боку, і ад вас чакаў шчырасці.
— Як у ваўка з авечкай, — Абабурка пакрысе рабіўся самім сабой.
— Гэта вы авечка? — Корзун рассмяяўся, да яго раптам вярнуўся добры настрой. — Хто вас ведае — пальца ў рот не пакладзе.
— І вам таксама!
— То я ж воўк. Але хопіць нам гуляць у словы. Каму вы казалі, што маеце сустрэцца з карэспандэнтам?
— Падумаеш, падзея. Хіба ўспомніш.
— Вядома. Але цяпер, кінуўшы вам падазрэнне, мушу праверыць вас да канца. Выйшлі з даверу, Міхаіл Карпавіч, не крыўдуйце.
— Калі так… — Абабурка нервова пацёпаў правым плячом. — Якушавай, ёй я ўдзень яшчэ казаў, калі прасіў дазволу завітаць. Сакратарка дырэктара мясакамбіната чула, мы пры ёй дамаўляліся ў прыёмнай. Яшчэ?.. Не, не помню. Каб-то знаццё…
— Ну, успомніце — скажаце следчаму, ён мне перадасць. Наогул пра ўсіх, з кім размаўлялі ў той дзень.
— Няўжо не шафёр? — Абабурка на хвіліну, падобна, забыўся на сваё становішча.
— Вы лепш аб сабе падумайце, — не стрымаўся Корзун. — А зараз да справы, бо спатканне наша зацягнулася. Як гэта вы вынайшлі прыпіскі?
— Не мы аўтары, — Абабурка, як адмяжоўваючыся ад іншых аматараў прыпісак, выставіў наперад далоні.— Толькі адным хоць бы што, а нас вось…
— Гэта вы дарэмна, Міхаіл Карпавіч. Ашуканствам у наш час не пражывеш, не соладка цяпер махлярам. Столькі часу ўводзіць у зман грамадскасць, як вы, мала каму ўдаецца. Таму і цікаўлюся вамі.
— Але ж мы не пра сябе дбалі, што-кольвек прыбаўляючы… — Ён яшчэ спрабаваў трымацца свайго. — Да таго, самі хацелі пакончыць.
— Добрымі намерамі, кажуць, пекла толькі забрукавана, — паківаў галавой Корзун. Ён ведаў пра гэтыя намеры больш, чым разлічваў Абабурка. І яшчэ ён ведаў, што злодзей, пачаўшы красці, спыніцца толькі тады, калі возьмуць яго за каўнер. — А пра сябе ці не пра сябе дбалі — гэта сутнасці справы не мяняе.
Корзун пагаварыў яшчэ з ім пра ўлік на калгасных фермах, пра рэвізораў раённага сельгасупраўлення, якія так і не заўважылі махінацый. У пратаколе, які падпісаў Абабурка, пра Рамейку не было ні слова.
Пасля допыту Корзун раз за разам перабраў усе вядомыя яму факты. Тое, што нядаўна ўяўлялася неаспрэчным, зараз пачало выглядаць зусім інакш, наводзіла на думку, што ў гібелі Рамейкі Абабурка не вінаваты. Але куды падзець тыя самыя факты, на якія ён увесь час абапіраўся? Яны ж засталіся і самі па сабе, бадай, існаваць не могуць. Такім чынам, сказаўшы «а», ён мусіць гаварыць і «б»: не зялёнаборскі заатэхнік, дык хто? А вось на гэта пытанне і не бачылася адказу.
Маёр Юркавец лічыў, што падначалены заўсёды павінен мець хай і памылковую, але ўласную думку, ад якой можна было б пачаць распрацоўку версіі, вядома, калі спатрэбіцца, зрабіўшы неабходныя папраўкі. Корзун не прывык карыстацца выпадковымі здагадкамі, спадзявацца, што за яго нешта прыдумае хто другі. Гэта не азначала, што ён заўсёды трапляў на прамую дарогу. Было, што і блукаў, як кажуць, шукаючы вугал у круглым пакоі. Але нават няўдалыя прапановы ў яго вызначаліся абгрунтаванасцю, адпавядалі тым звесткам, якія на той момант былі ў следства. Падпалкоўнік Шарай неяк сказаў, што ў яго інтуіцыя сапраўднага крыміналіста. Корзун з гэтым не пагадзіўся. Не ад сціпласці. Адзнака кіраўніка райаддзела была прыемнай, і ён нават злавіў сябе на тым, што пачаў задзіраць нос, нямнога, але заганарыўся. А разабрацца, дык інтуіцыя ні пры чым, проста ён, можа, больш уважліва, грунтоўна працаваў над матэрыялам, не пакідаў без увагі, не адкідаў без праверкі ніводнай дробязі, стараўся зразумець, чаму і як адбылося злачынства.
Читать дальше