- Храпы вы цыганскія, фараоны вы егіпецкія, нячысцікі! Каб вы хадзіць ціха не маглі, каб вас на першым крадзяжы спаймалі, кажухі смярдзючыя, каб вас кол з асіны не мінуў. Што, думаеце, не загоняць яго вам, канакрадам? Во-ой, паганцы вы, хрыстапрадаўцы. Каб на вас вечны дождж.
- Бач ты як... лаецца, - флегматычна пакруціў галавой адзін вартаўнік.
У чатыры гадзіны, пасля працяглага ляжання, Знамяроўскі толькі глядзеў на ўсіх злоснымі, як у тхара, вачыма ды часам прарываўся кароткай лаянкай. Яго хацелі накарміць, але ён выплюнуў кашу ў твар аднавокаму і лаяўся без перапынку гадзіну.
Пасля праклёны пачалі на вачах радзець.
У шэсць гадзін ён упарта маўчаў.
- Даруйце свайму народу. Мы развяжам вас, - пачціва звярнулася да яго дэлегацыя.
У адказ выбух лаянкі да сямі гадзін, аднак нейкі стомлены і зусім не красамоўны. Нават таму, хто круціў галавою, яна не спадабалася.
У восем гадзін трыццаць хвілін вечара Знамяроўскі раптам зарагатаў. Занепакоеныя падданыя кінуліся да яго.
- Развязвай, халуйскія храпы, - крычаў, рагочучы, Знамяроўскі. - Даю вам усім амністыю. Не такая, відаць, свіння - чалавек.
Радцы сталі трымаць кароткую раду, пасля аднавокі звярнуўся да ляжачага:
- І нічога не будзе? Даруеце ўсім нам, ваша вялікасць?
- Развязвайце, д'ябал вас дзяры. Нічога не будзе. Дарую.
- І помсціць, прыгнятаць не будзеце? - асцярожна пыталі ўсе.
- Не буду. Хай вас кадук.
- І дазволіце хлопцу-медніку ажаніцца? І ваяваць не будзеце больш?
- Будзеце вы мяне нарэшце развязваць ці не? Не буду, калі кажу.
- Так, ну яшчэ апошняе, каб нічога такога, як раней, не было. І зусім апошняе - адпусціць на волю сваю прыгонную Аглаю Свяціловічаву.
- Гэта чаму яшчэ? - усклікнуў Знамяроўскі.
- З ёй хоча жанніца ваш пляменнік, Міхал Яноўскі.
Кароль павесіў галаву:
- Хворы чалавек. Безнадзейна хворы. Ды чорт яго бяры, што мне, шкада дзеўку? Хай бярэ. Спакусы ў дзяржаве менш будзе. Толькі дрэнна гэта. Куды падзенецца яго рыцарскі дух? Эх, было нас два на свеце, зараз адзін я застануся. Загінула радзіма! Ну, развязвайце. Клянуся вачыма маці божай, удзелам святога Юрыя - зямлёй сваёю - я буду ціхім каралём, калі вы хочаце.
Салют з фузій раздзёр паветра за вокнамі, калі вяроўкі ўпалі на падлогу.
- Слухайце, людзі. Кароль Якуб у літасці сваёй згадзіўся дараваць вам! Ён хоча правіць ціха і літасціва!
Дружны крык прагучаў паўсюль:
- Кароль! Хай жыве кароль!..
...Вечарам наступнага дня, калі Яноўскі, паразмаўляўшы з Якубам, збіраўся ехаць са Знамяроўшчыны, медыкус зайшоў развітацца з ім. Твар ягоны ззяў небывалым радасным натхненнем.
- Значыцца, едзеш?
- Еду.
- І яна з табою?
Яноўскі азірнуўся на Аглаю, якая стаяла поруч, чырвоная ад шчасця і сораму, засмяяўся, прыціснуў яе да сябе.
- А куды мне без яе? Для мяне зараз адна дарога - з ёю.
Медыкус сеў за стол.
- Сумна мне будзе без цябе, вельмі сумна. Я цябе палюбіў, хлопчык. Бачыш, як атрымалася: ты прыехаў сюды няшчасным шляхціцам, а ад'язджаеш шчаслівым чалавекам... Не баішся, што бацькі яе не прымуць?
- Прымуць, - упэўнена сказаў Міхал. - Дый што мне ў іх? Я еду толькі абвянчацца. Нагі маёй не будзе ў Яноўшчыне. Пасля бацькоў... я вызвалю сваіх людзей. Я не жадаю быць панам. Гэта смерць, гэта жах...
- І я таксама больш не буду тут, - цвёрда сказаў медыкус. - Я еду. Еду вельмі далёка. Мне было сорамна ўчора. Пасля такога запалу скончылася лупцоўкай. Яны далі Знамяроўскаму багатыя падарункі, з пашанаю адвялі ў палац. Хай ён выправіўся, хай будзе выдатна правіць народам - што гэта за народ, калі над ім стаіць адзін? Хіба можна такі народ назваць вялікім? Я добра бачыў, як яны падалі ніцма, як крычалі: "Хай жыве кароль!" Я думаў, што кожны народ мае такі ўрад, якога сам варты, і няма добрых народаў на зямлі. Учора я цвёрда вырашыў атруціцца. Але я цягнуў, невядома чаму. Ці ад недарэчнай прывычкі жыць, ці аб боязі вялікага "нічога"? І я ўзнагароджаны. Шчасце ёсць на зямлі.
- А што такое? - спытаў Міхал насцярожана.
Медыкус схапіў яго далонямі за скроні:
- Любы мой, любы. Пачынаецца новы дзень. Не ўсё яшчэ загублена. Два тыдні назад народ у Парыжы ўзяў і разбурыў Бастылію. Я ўпэўнены: пажар пачаўся надоўга. І хутка паўсюль захістаюцца троны, павее свежы, бурхлівы, магутны вецер. Я шчаслівы. Чалавек не ліжа руку, што б'е яго. Я пайду туды, праскочу неяк да Рыгі. А пасля - морам. Я з'яўлюся да іх, і папрашу, і скажу: " Вазьміце мяне. Я прыйшоў да вас ад народа, які не менш вас любіць святую волю, які абараняў яе не горш за вас усё жыццё і які зараз не мае волі нават на тое, каб памерці. Гэта недарэчны, любімы мною народ. Сячыце галаву свайму каралю, а пасля пойдзем рабіць тое самае на ўсёй зямлі. І, магчыма, чарга дойдзе і да майго маленькага народа. Ён устане, ён выпрастаецца. І ён пакажа ўсім, якая ён сіла, як ён умее працаваць, ствараць, спяваць... Я іду да іх... Але я хутка вярнуся, пабачыш. І не адзін. І тут сустрэне мяне армія волі... А цяпер бывай... Уцякайце адсюль хутчэй, дзеці. Тут нельга дыхаць. Ідзіце на дарогі, на святло, да людзей".
Читать дальше