Вакол судзілішча расселіся проста на траве цыганы з навакольных табараў і нешматлікія мужыкі. За гэтую ноч цыганскія масы паспелі раскалоцца на памяркоўных і шалёных. У памяркоўных балела галава пасля ўзліванняў Бахусу, і хацелася пахмяліцца. Шалёныя спазніліся і таму палалі свяшчэнным гневам. Сядзелі няўважныя. Размаўлялі.
Устаў суддзя:
- Народ цыганскі. Сёння мы, упаўнаважаныя на гэта, судзім былога караля цыганоў Беларусі, Літвы і Падляшша Якуба Знамяроўскага, аспіда нячыстага, ваўка і змея.
- Чаму былога? - ляніва спытаў адзін высокі радца.
- А таму, што сёння на тайным пасяджэнні суд цыганскі вырашыў прымусіць караля падпісаць абдыкацыю, сірэч адрачэнне. Хай будзе існаваць зныня і да веку рэспубліка цыганская.
- А што, гэта нядрэнна, - абазваўся ўсхваляваны малады голас.
- Хвіга табе, а не нядрэнна, - ускіпеў другі высокі радца, чалавек з жахлівым шрамам, які перасек вока і левую палову аблічча. - Нам тут за рэспубліку ўсе навакольныя паны скуру здзяруць. Дзе мець прытулак? Дзе коней хаваць, каб улада не дацягнулася? Дзе самому схавацца? Пад крыламі моцнага караля... Ты, можа, рэспубліку тую ў капусту пакладзеш? Ці ў дождж на плечы накінеш? Смаркач ты! Паспяшаліся тут з вашай мужыцкай рэспублікай. Палац штурмавалі, гармату сапсавалі, караля скруцілі, пабілі яго людзей. А зараз збірайся тут, думай, як выпраўляць становішча. А ў сейме хто будзе?
Ускочыў на камень і непачціва перабіў радцу галава партыі шалёных, той меднік, якому Якуб забараніў жаніцца.
- А што? Усім галовы прэч. Тут, на плошчы. Дарогі ў белы стан цыганскага шчасця па крыві вядуць. Сячы голавы! І шчасце, і мір тады будуць. Воля!
- Сапраўды добра, - расчулена сказаў хтось. - Воля. Ідзі і бяры каня. Захацеў - едзеш, захацеў - на месцы сядзіш. Коні свабодна сабе перамяшчаюцца з рук у рукі.
- Цю-у! Захлусіўся! Хіба хто на такую волю пойдзе, - загулі галасы.
Суд не атрымліваўся. Ледзь-ледзь удалося прымусіць усіх замаўчаць.
Узяў слова пракурор у доўгай шкалярскай світцы:
- Людцы! Вялікі натоўп цыганскі! Я абвінавачваю караля Якуба ў зложываннях уладаю, несправядлівых прысудах і празмерных паборах.
- Я кароль, - годна сказаў Якуб, што сядзеў пад вартаю на зэдліку.
- Ён не кароль, ён рабаўнік. Quousque tandem abutere, Знамяроўскі, patientia nostre [3] Дакуль будзеш ты, Знамяроўскі, злоўжываць цярпеннем нашым.
? Ён шмагаў нашых людзей, біў іх, хоць мы вольны народ... э-э... вы вольны народ. Несправядліва, жорстка каралі наш сумленны, абраны народ. Dura lex! Ён зрабіў нас жабракамі. Як мы жылі? Semper rapox, raro каша, miseria наша [4] Жорсткі закон!.. Заўсёды... рэдка... беднасць...
. Ён узяў у нас нашы звонкія катлы, нашы вазы, нашых цудоўных коней, вараных, пісаных, спловацісаных, буланых, белых. У іх былі такія цвёрдыя, непарэпаныя, неабрэзаныя капыты, такія роўныя свае непадпілаваныя зубы, такія мяккія насы з чуллівымі валосікамі. Гарачыя без гарэлкі, моцныя... Ім не трэба было штурхаць кулаком пад пахвіну, калі пакупец крадзецца з саломінкаю да бяльма.
Народ пачаў усхліпваць, сям-там нават рыдалі мужчыны. Пасля пачаліся нясмелыя, але ўсё больш моцныя крыкі:
- Смерць яму! Смерць! Галаву прэч! Разумнік ты наш! Вучоная галава! Смерць каралю!
- Тыран! Забойца! Манарх! - крычаў шкаляр.
Пасля выступіў "аблакат". Хітра прыжмурыўшы чорныя, як вугаль, вочы, ён сказаў ціха:
- Так, кароль нас абражаў, ён браў з нас дзесяціну і больш. Мы пакутавалі пад яго ігам. Але хіба можа хто-небудзь папікнуць наш народ у тым, што ён жорсткі, што ён крыважэрны? Не, наш народ самы добры, самы мяккі, самы рахманы на зямлі. Я прашу пра літасць. Вось ён сядзіць, гэты няшчасны. Няўжо вы не бачыце, як ён схіліў галаву, як слёзы накіпаюць на гэтах добрых вачах, як ён стрымлівае ўздыханні сардэчныя? Майце жаль у сэрцах сваіх. А вось яго слаўны бацю глядзіць з нябёс на няшчаснага сына і плача. І няўжо вы забудзеце яго дабрату? Ён браў у нас коней, але непараўнальна больш ён даваў нам. У вялікіх паходах і войнах пад яго началам мы прыдбалі ўтрая больш коней, мы хавалі іх тут, і ніхто не асмельваўся іх зачапіць. А якія гэта былі коні! Божа мой, іх грывы былі, як хмары, вочы, як чорныя зоры! А якой славы дастала пры іх дзяржава цыганская! Як баяліся яе ворагі, як слухаў яе голас у сейме сам кароль!
Народ плакаў наўзрыд. Нават радцы, падобныя адзін на аднаго, шырока раскрыўшы зяпы, раўлі густымі галасамі:
- Ы-ы-ы!
- Ну што ж, - перапыніў роў аднавокі радца. - Адвядзіце арыштаванага караля прэч.
І кінуў уладна:
Читать дальше