Далібор прагна слухаў пакалечанага вешчуна і быццам бачыў непраходную пушчу, дзе ўладарыць Міндоўг з Войшалкам, звярыныя сцежкі, засыпаныя мяккім лісцем і расой, залатыя іскры ручаёў.
— Пойдзем, Далібор, — тузануў брата за рукаў ільняной кашулі Някрас. Далібор схамянуўся, са шкадаваннем пайшоў следам за Някрасам.
— Не хоча пакланіцца Міндоўгу літва, але што паробіш, — казаў наўздагон ім Валасач. — Кланяцца моцнаму нас навучыла маланка. У чыстым полі ў лютую навальніцу ўпадзеш на зямлю — і ты жывы.
Княжычы, не азіраючыся на вешчуна, шпаркім крокам рушылі да церама. Натоўп перад імі разломваўся, развальваўся на дзве палавіны, быццам бярозавы кругляк, у які ўпэўнена і лёгка ўваходзіць дубовы клін. Вельмі непадобныя былі княжычы. Грубая чарната валасоў Далібора, ягоная камлюкаватая постаць, вялізныя жылістыя рукі рэзка адрозніваліся ад шаўкавістай русявасці і гнуткасці малодшага брата. Не ведаўшы іх, можна было падумаць, што не з аднаго ж і таго мацярынскага лона з'явіліся яны на божы свет. Дарэчы, балбатлівыя доўгія языкі, а іх, як усюды, хапала і ў Новагародку, казалі, што ў свой час княгіня Мар'я мела салодкі грэх з адным з галіцкіх князёў. Вядома, такое казалі на пачцівай адлегласці ад князя Ізяслава, а то адразу загадаў бы набіць жалезных цвікоў у язык. Як бы то ні было, а браты-княжычы моцна сябравалі і адзін за аднаго не задумваючыся перарэзалі б глотку любому нядобразычліўцу.
Свайго бацьку, князя Ізяслава, яны сустрэлі на двары церама ў акружэнні купцоў і залатароў з вакольнага горада. Разам з князем быў новагародскі ваявода Хвал, высокі, магутнаплечы, са светла-жоўтымі, заўсёды як бы трохі мокрымі валасамі. Купцы і залатары пачціва пакланіліся княжычам і прыціхлі. Ваявода Хвал злёгку кіўнуў галавою. Князь Ізяслаў, убачыўшы сыноў, перапыніў сваю вельмі ажыўленую гаворку з купцамі і залатарамі, спытаў:
— Глеб і Нікадзім, вучыў вас сёння ляшскі настаўнік рукапашнаму бою?
На людзях ён ужываў толькі хрысціянскія імёны сыноў.
— Вучыў,— адказаў Далібор.
— А ты чаму маўчыш, Нікадзім? — незадаволена звярнуўся князь да малодшага сына.
— Вучыў,— паспешліва прамовіў Някрас і пачырванеў.
Ізяслаў, строга звёўшы густыя русыя бровы, падышоў да яго ўпрытык, сказаў, узяўшы сына за плячук:
— Даносілі мне чалядзіны, што няма ў цябе належнага старання ў войскіх справах, што з вялікай неахвотаю бярэш у дзясніцу сваю меч. Праўда гэта?
Нікадзім маўчаў. Князь Ізяслаў са злосцю глядзеў на доўгія сынавы валасы, што жаноча віселі-віліся ўздоўж ружовых шчок, на ягоную далікатную шыю, на вузкае падбароддзе, абсыпанае юначымі прышчыкамі. Вось гэтыя прышчыкі, такія безабаронна-пяшчотныя, гэта не надта загарэлая скура, калі ўвесь горад пёкся пад сонцам, гэтыя бясхмарна-блакітныя прыгожыя вочы давялі князя да шаленства. «Ззяе, як вясновы ручай», — падумаў пра сына Ізяслаў і, каб не ўдарыць яго зняважлівым словам прылюдна, бо меў за сабой такі грэх, сашчаміў кісці рук, хруснуў пальцамі. Някрасам па настойлівай просьбе княгіні Мар'і назвалі малодшага сына, схаваўшы пад такім імем прыгажуна. Доўга не знойдзе яго смерць, бо будзе шукаць непрыгожага.
— Да літвы паедзеш, Глеб, да Міндоўга. Праз сядміцу паедзеш з ваяводам Хвалам, — строга сказаў старэйшаму сыну князь і адвярнуўся. А сыны глядзелі на яго з замілаваннем, бо моцна любілі, хоць кожны пасвойму. Ізяслаў быў апрануты ў сіняе тонкай воўны карзно з чырвонымі разводамі на грудзях. На правым плячы карзно зашпільвалася вялікай срэбнай фібулай і давала волю правай руцэ. Левая рука хавалася пад крысом. Зялёную ядвабную кашулю з касым выразам, з якога вылузвалася магутная загарэлая шыя, цесна падпяразваў шырокі скураны пас. На ім зіхцелі рознакаляровыя металічныя бляшкі. На галаве ў новагародскага князя, хоць займала дых спёка, горда сядзела шапка з ярка-чырвонага сукна, аблямаванага светлым сабаліным футрам. Князь без шапкі не князь.
— Бацюхна, — трохі павагаўшыся, прамовіў Далібор, — вяшчун Валасач вярнуўся. Нагі і рукі не мае. Гаворыць, што нямчыны адцялі.
Гэта навіна, як заўважыў Далібор, здзівіла і адначасна ўзрадавала князя. Незразумела толькі было, чаго ён радуецца. У хрысціянскі горад вярнуўся паганец, і ўжо кіпяць, як мухі, каля яго людзі. Зноў могуць слабыя духам перавярнуцца ў паганства.
— Прыпоўз паміраць, — лагодным голасам сказаў Ізяслаў і, зняўшы шапку, трохі астудзіў ад ліпучага поту галаву.
Читать дальше