Раніцой 5 жніўня 1263 года загрымела навальніца. Гняўлівыя зломы чырвоных маланак перасеклі неба. Міндоўг з сынамі Руклюсам і Рупінасам спаў у паходным шатры. Густа білі па туга нацягнутым палатне дажджавыя кроплі.
Раптам каля ўвахода дзіка закрычаў і адразу ж захрыпеў баярын-ахоўнік. Міндоўг вылецеў з туравай шкуры, у якой спаў, згарнуўшыся клубком, вылецеў, быццам страла з лука. А на парозе ўжо стаяў кунігас Доўмант з мячом у руцэ. Чалавек дваццаць — трыццаць, узброеных, злых, тоўпіліся за ягонымі плячамі.
— Чаму ты вярнуўся? — раздражнёна спытаў Міндоўг.
Ні слова не кажучы, Доўмант ударыў з усяго пляча. Ягоныя саўмыснікі пачалі секчы яшчэ сонных Міндоўгавых сыноў. Да апошняга ўздыху Міндоўг маўчаў, толькі голымі рукамі лавіў, перахопліваў чырвоныя ад крыві лёзы мячоў, сваім целам закрываючы дзяцей.
Вялікім князем зрабіўся жамойцкі кунігас Трайнат. Ен паклікаў Таўцівіла, каб той прыехаў з Полацка дзяліць «зямлю і дабытак Міндоўгаў». Таўцівіл, надумаўшыся забіць Трайната, прыехаў, але першым смяротны ўдар нанёс Трайнат. Войшалк зноў уцёк, у Пінеск, Далібор — у пушчу. А праз нейкі час Міндоўгавы конюхі зарэзалі Трайната, калі той ішоў у лазню-мыйніцу. Трайнат паміраў пакутліва, доўга крычаў страшным голасам.
Узнялася, забурліла Новагародская зямля і Літва. Далібор з дружынаю выйшаў з пушчы. Тысячы людзей сталі пад ягоныя харугвы. Трэба было ратаваць дзяржаву, якая нарадзілася ў агні і крыві. Адразу ж Войшалк з пінянамі рушыў праз лясы і балоты ў бок Новагародка. Недзе каля Ясельды два войскі сустрэліся.
— Слава вялікаму князю! — крыкнуў Далібор і схіліў перад Войшалкам калена. Войшалк абняў ваўкавыйскага князя, пацалаваў. Далей яны пайшлі разам.
Неадступна і грозна рухалася шматтысячнае войска на поўнач. Недзе там, у пракаветных пушчах, у зеленатраўных лугах, іскрыўся пад сонцам, клікаў да сябе Нёман.
І ў гэты самы час у Лукеры і Курылы Валуна нарадзіўся сын, прыгожы і здаровы. Шчаслівы Курыла ўзняў першынца на сваёй вялізнай далоні, сказаў:
— Расці, сынок. Расці, ліцвінок. Добрым воем будзеш.
Лукера смяялася. Сын залівіста плакаў. Сонца пазірала ў акно.
Шуйца — левая рука.
Валачай — валацуга.
Акрутны — грозны, жорсткі.
Сынавец — пляменнік.
Рыдзель — рыцар.
«Ні пес, ні выдра» — выраз у польскай мове, які адпавядае нашаму «ні рыба, ні мяса».
Мапа — геаграфічная карта.
Сінь — кітайцы.
Мар'ін Гарадок — Марыенбург, з 1309 года сталіца тэўтонскіх рыцараў.
Ясны влосы (польск.) — русыя валасы.
Чата — разведка, дазор.
Алтын-Арда — Залатая Арда.
Вадас (літоўск.) — правадыр, кіраўнік.
Бакшта — вежа.
Каймас (літоўск.) — вёска.
Коймінцы — нявольныя людзі, якіх гаспадар надзяляў зямлёй.
Валошскім — італьянскім.
Шапатнік — даносчык, пляткар.
Скудзельніцы — агульныя магілы.
Краду вогненную сатварыць — раскласці, запаліць ахвярнае вогнішча.
Таль — заложнік.
Аўшра (літоўск.) — зара, дзянніца.
Крывы горад — адна з першапачатковых назваў Вільнюса.
Коўцік — кадык. Узяць за коўцік — павесіць.
Ядзь — ежа.
Бліжыка — родзіч.
Адзін сажань адпавядае 152 сантыметрам.
Выправа крыжова (польск.) — крыжовы паход.
Клумпы — зроблены з дрэва літоўскі абутак.
Братачада — пляменнік, братаў сын.
Цурка (польск.) — дачка.
Мардалысы — чалавек з рэдкай барадой.
Вож — правадыр, важак.
Думец — дарадчык, радца.
Сто — купецкія арганізацыі, якія існавалі ў старадаўніх Усходнеславянскіх гарадах.
Фуртавіна — непагадзь, бура.
Рад — дагавор, умова.
Місцюк — ілгун, хітрэц.
Вырак — рашэнне, прысуд.
Гародня — так у той час называлі Гродна.
Срэбра корнае — срэбра ў злітках.
Читать дальше