— Вурдалачына стары, — не вытрымаў Някрас. — Не чакай, ніхто да цябе не пойдзе. Быў бы я новагародскім князем, ляжаць табе ў Нёмане з булыгай на шыі.
— Золата плавіцца агнём, а чалавек няшчасцем, — адказаў яму вяшчун. — Таму ты і не князь, а толькі княжыч. І заўсёды будзеш ім. Есць вялікія мужы, такія, як твой князь-бацька, міласнік Ізяслаў, а ёсць мышва, што круціцца, пішчыць у мужоў пад нагамі. Запомні гэта.
Валасач узяў у хлапчука-возчыка з рук хварасціну, шлегануў каня, і вазок, парыпваючы і пагрукваючы, пакаціўся па зялёнай лугавіне. Раз'ятраны Някрас ірвануўся быў следам, але Далібор прытрымаў яго за плячук. Новагародскія княжычы стаялі і глядзелі, як узбіваецца з-пад конскіх капытоў жоўты пылок, як падскоквае вазок, як падскокваюць разам з ім дзве спіны і дзве галавы. Адна спіна была вузкая, хлапчукоўская, пругкая, як малады зялёны парастак, другая, Валасачова, шырэйшая, але старая: сонцаварот-другі — і сагнецца ў крук.
На дзядзінцы княжычаў ужо чакаў лях Костка. Гэтага ляха вывеў з палонам з Мазавецкай зямлі Ізяслаў Новагародскі, калі разам з галічанамі і Міндоўгам хадзіў на мазавецкага князя Канрада. Добрым рыдзелем 5 5 Рыдзель — рыцар.
быў у сябе на радзіме Костка, у апошняй сваёй сечы з новагараджанамі паклаў чацвярых вояў, разваліўшы іх сякераю ад ключыцы да сцягна, але ляснулі булавою яму па галаве, разбілі жалезную шапку, і ўпаў харобры лях, каб ачомацца ўжо з дубовай калодкай на шыі. Да скону веку насіць яму на смуглым ілбе буйную сіняватую зорку, след таго страшнага ўдару. Князь Ізяслаў упадабаў палонніка, загадаў зняць з яго калодку, наблізіў да сябе і нават зрабіў настаўнікам сваіх сыноў. Пасля сямі гадоў няволі па хрысціянскаму звычаю хацеў адпусціць ляха ў Мазовію, але Костка адказаў, што нікога ў яго на белым свеце няма і да самай смерці сваёй будзе жыць ён у Новагародку. І яшчэ сказаў, што не сумна будзе яму ляжаць у гэтай зямлі, бо ў будучым завалодаюць ёю ляхі. Смяяліся новагараджане на такія словы, але Костка быў упарты, цвердзіў, што ў сне пачуў такое прароцтва ад свайго ляшскага бога.
Пад прыглядам Косткі княжычы скінулі з сябе кашулі, потым чаляднікі нацёрлі ім спіны і грудзі ваўчыным і барсуковым салам, каб цела было слізкае, каб меч не так чапляўся за яго. Костка даў ім невялікія круглыя шчыты, даў драўляныя мячы, для схову галавы загадаў надзець лёгкія, сплеценыя з жалезнага дроту, шапкі. Чаляднікі засыпалі круг дзесяць на дзесяць сажняў жоўтым рачным пяском, прывезеным з Нёмана. Наўкол гэтага рысталішча сабраліся княжыя баяры. Наперадзе ўсіх стаяў князь Ізяслаў.
Костка аб'явіў, што будзе біцца супраць княжычаў, таксама распрануўся да голага цела, узяў драўляны меч. Вырашылі біцца да чырвонага рубца, бо сінякі сапраўдны вой не павінен нават заўважаць. Трохі збоку чакалі свайго часу зялейнікі з прымочкамі, націраннямі і белымі ручнікамі ў руках.
Князь Ізяслаў пляснуў у ладкі, і бой пачаўся. Далібор з Някрасам, як галодныя ваўчаняты, рынуліся на ляха. Замільгалі мячы. Захрабусцеў пясок, і ўзвіўся пыл. Костка са спакойнай усмешкай на твары адбіў першы наскок-наступ княжычаў, вёртка ўхіліўся ад іхніх мячоў, сваім дастаў-такі, пекануў Някраса па плечуку. Той сашчаміў зубы, але нават не зморшчыўся, бо ўсе баяры і сам бацька глядзелі на яго, а яшчэ таму, што мужчына павінен вучыцца цярпець боль.
— Горкі корань у вучэння, ды салодкія плады, — паблажліва сказаў лях Някрасу і ледзь паспеў вывернуцца з-пад магутнага ўдару, які нанёс Далібор.
— Бі лацінніка! — выгукнуў нехта з зялейнікаў, што цярпліва чакалі свайго часу.
— У яго ўжо лыткі трасуцца, — здзекліва дадаў другі.
Князь Ізяслаў гнеўна зірнуў на зялейнікаў, і яны адразу ж прыкусілі языкі.
— Пакажыце, сыны, на што вы здатныя, — ціхім голасам прамовіў князь.
Княжычы пачулі бацьку і патроілі свой напор. Ды Костка быў дужа вёрткі. Цяжка было дастаць ягонае смуглае цела, на якім сінелі старыя рассечыны ад мячоў. Засланіўшыся шчытом і мячом, праходзіў, прасвідроўваўся ён, як яшчарка праз пясок, між княжычамі. Сам жа біць шкадаваў. Някрас, зразумеўшы гэта, закрычаў:
— Ты што нас гладзіш, лях?! Дай мне толькі дабрацца да цябе!
Занадта нецярплівым ва ўсіх сваіх справах і парываннях быў малодшы княжыч, і гэта не раз, як кажуць смерды, бокам яму вылазіла. «Часта будзе ў цябе, сын мой, чуб надзёрты», — гаварыў Някрасу князь-бацька, але і любіў за такую гарачку.
Сонца ў гэты самы міг прашыла промнямі лахманок хмаркі, што вісеў над Новагародкам. Мяккім жаўтавата-шэрым святлом заліўся пясок рысталішча, і Далібору падалося, быццам не на пяску б'юцца яны, а таўкуцца па самыя костачкі ног у густым мёдзе. Расказваў нядаўна бацька, як знайшлі ў пушчы смерда, што палез выдзіраць дупло і па самы пояс уваліўся ў пчаліны мёд. Карачун быў бы смерду, ды, на ягонае шчасце, надарыўся побач мядзведзь і за каршэнь выцягнуў недарэку з мёду. Хлусіў хітры смерд ці казаў праўду — невядома. Адно ісцінна — шмат, вельмі шмат мёду ў вакольных лясах, а дзе мёд, там і сіла.
Читать дальше