Князь Ізяслаў уважліва паглядзеў на сыноў. Яны слухалі не дыхаючы.
— А на захад сонца ад Новагародка ляжаць нашы гарады: Услонім, Ваўкавыйск, Здзітаў… Далей за імі ў пушчах жывуць яцвягі, за яцвягамі — прусы, шматлікі і ваяўнічы народ. Прускія землі, Памязанія, Вармія, Самбія раскінуліся да Варажскага мора і да Віслы. Шмат у іх сваіх багоў. А адным з самых магутных багоў яны лічаць лес. Яны кажуць: «Лес — гэта калыска народа».
— Добра кажуць, — не стрымаўся Далібор.
— Добра, — згадзіўся Ізяслаў.— А вось тут, на адным з рукавоў Віслы, які завецца Нагат, стаіць Марыенбург, горад святой дзевы Марыі, сталіца тэўтонскіх рыцараў.
Далібор з Някрасам нізка нахіліліся над мапаю, каб лепш разгледзець тую дзяржаву і той горад, пра якія апошнім часам столькі розных чутак даходзіла. Яны ўбачылі чырвоны кружок, што прыляпіўся да срэбнага дроціка ракі.
— Рыцары-тэўтоны нядаўна аб'ядналіся з мечаносцамі, якія сядзяць у Рызе і на землях эстаў і ліваў,— гаварыў Ізяслаў.— Пра мечаносцаў вы, вядома ж, чулі, і чулі не раз. У сечы з імі, як бясстрашны леў, загінуў князь полацкага роду Вячка.
— Хто не ведае Вячку! — адначасна ўсклікнулі княжычы.
— Вячку ўсе ведаюць, — згадзіўся Ізяслаў.— Такія людзі жывуць вечна, як багі. Вучыцеся ў яго, дзеці мае, вернасці і мужнасці. Будзеце такія, як ён, ніколі вораг не ўзыдзе на новагародскі дзядзінец, на нашы курганы, у якіх ляжаць косці прадзедаў. Але я вам яшчэ колькі слоў скажу пра рыцараў. У бітве каля Шаўляя амаль дашчэнту высеклі мечаносцаў войскі мясцовых тубыльцаў. Ад страху закалола рыцарам у пяты, і пабеглі яны прасіць рымскага папу, каб выратаваў іх, далучыўшы да Тэўтонскага ордэна. Папа выратаваў мечаносцаў, загадаў ім усюды і заўсёды насіць белыя плашчы з чорным крыжам. Ідуць гэтыя крыжаносцы вайною вялікай на прусаў, бо прусы, як і родзічы іхнія жамойты і літоўцы, паганцы. А зараз гляньце сюды. На поўдзень ад прусаў жывуць мазуры з ляхамі, пладавіты моцны народ. Вераць яны Хрысту, плацяць дзесяціну і святапетрык, срэбра з кожнай душы на ўтрыманне лампады, якая дзённа і ношчна гарыць у царкве святога Пятра ў Рыме. За Берасцейскай зямлёю месціцца дзяржава валынян і галічан, адзінаверцаў нашых. А яшчэ далей — угры, чэхі… Колькі размаітых народаў жыве побач з намі і далёка ад нас! Народ сінь 8 8 Сінь — кітайцы.
, які валодае стэпамі і горамі там, дзе ўзыходзіць сонца, кажа: «Няма большага няшчасця, чым няведанне меж сваёй краіны». Вось для гэтага я і загадаў прынесці мапу. Глядзіце, сыны, запамінайце.
Ен змоўк, пацёр лоб смуглымі пальцамі, рашуча хітануў галавой.
— У кожнага чалавека свой крыж. Мой крыж — Новагародак, зямля Новагародская. Славы і сілы хачу Новагародку. Хай чэрві завядуцца ў вачах у таго, хто хоча ўбачыць пагібель і няславу Новагародка, хто дзясніцу ўздыме на нашу дзедзіну. Даверымся ж ва ўсім богу, бо гасподзь наш вышэй галоў нашых і Зямля на водах і на нябёсах пакладзена яго промыслам.
Князь перахрысціўся. Разам з ім перахрысціліся сыны. З шыракагорлай рамейскай амфары, што стаяла ў куце святліцы, князь дастаў пажоўклы, скручаны ў трубку, пергамен, разгарнуў яго, знайшоўшы патрэбнае месца, сказаў Някрасу:
— Гэта пісанне мудраца Яфрэма Сірына. Чытай адсюль.
Някрас, злёгку пачырванеўшы, пачаў чытаць:
— Мінае дзень, следам за ім ідзе другі, і калі не гадаеш — смерць ужо стаіць над галавою тваёй. Дзе мудрацы, якія напісалі кнігі і пісаннямі сваімі напоўнілі свет? Дзе тыя, каторыя дзівілі свет сваім словам і тварамі, чаравалі сваімі думамі? Дзе тыя, каторыя пышыліся дарагімі шатамі, спачывалі на пурпуровых ложах? Дзе рукі, якія аздабляліся перламі? Дзе тыя, перад загадамі якіх трухлелі і якія панявольвалі зямлю страхам сваёй улады? Скажы зямлі, і яна пакажа табе, дзе яны: спытай магіл, і яны табе пакажуць, куды яны паложаны. Во ўсе яны разам ляжаць у зямлі, усе абярнуліся ў прысак, і не разрозніш, дзе астанкі багатага і дзе парахно ўбогага. Бачыў я, як прагная магіла пажырае і заўсёды не сыта: чым больш нябожчыкаў у яе ўходзіць, тым шырэй разяўляецца яе пашча. Незлічоныя тысячы ляжаць там і багатых, і бедных, незлічоныя соймы бачыў я ляжачых там. Ціха ляжаць яны ў дамоўках.
— Годзе, — сказаў Ізяслаў, і Някрас адразу ж замоўк. Далібор як скамянеў ад пачутага. Жахотнасць і холад былі на сэрцы. Колькі пакаленняў пайшло ў змрок, а ён, Далібор, які яшчэ ні добрай сечы не бачыў, ні жанчыны не аблагодзіў, хоча нечага дамагчыся, хоча нешта зразумець у зямным малачасным жыцці. Навошта бацька загадаў Някрасу чытаць гэтага Сірына? З непаразуменнем глядзеў княжыч на князя і бачыў суровы твар, строгія прыжмураныя вочы, якія, як яму зараз падумалася, амаль ніколі не ўсміхаюцца. Цёмныя няўсмешлівыя бацькавы вочы помняцца з самага зялёнага малалецтва. Нейкае бясконцае чаканне і нейкі одум у іх.
Читать дальше