Людзі сабралі зброю і, пакінуўшы яе пад даглядам Кірдуна, сталі над вартай. Унтэр пагойдваўся, трымаючыся за руку, выскаляў зубы.
— Баба, — загадаў Алесь адной з катаржанак, — перацягні яму рану.
Тая боязна — бачком паўз Алеся — падалася да параненага. Надта ўжо грозна глядзелі вочы над павязкамі.
Алесь адчуў раптам страшэнны позыў да таго, каб памачыцца. Яму стала нясцерпна сорамна. Намаганнем ён стрымаў сябе і тут убачыў, што ў гэты самы непадыходзячы момант Мсціслаў і Шчалканаў робяць тое самае. Робяць, не саромячыся нават таго, што, магчыма, нейкая баба з вазоў бачыць іхнія спіны сярод дрэў.
І тут ён зразумеў, што нічога саромнага тут няма.
Сямёра супраць паловы ўзвода. Неабстрэляныя хлопцы супраць ваякаў.
Нічога саромнага тут не было.
І тады прыйшла радасць. Такая вызваленая, што Алесь затрымцеў.
— Катаржане, — глуха сказаў ён. — Той, хто хоча ўцякаць, хто можа ўцякаць, хто абдумваў уцёкі — можа зараз скарыстацца з гэтай магчымасці. Хто не думаў над гэтым, але каму пагражаюць руднік або смерць — таксама. Я патрабую толькі аднаго: парадку. Мы здымем з вас кайданы, але той, хто будзе пнуцца наперад усіх, — здыме іх апошні.
У галаве калоны сядзеў ужо Аляксандар Шчалканаў захутаны, як бедуін, пабрынкваў вязкай адмычак.
Салдат паднялі і пад рулямі павялі ў гай. Зноў паклалі на траву.За імі, але трохі ў другі бок, папоўз этап. Апошнія вызвалілі дарогу вазы: перавалілі канаву і з рыпеннем пацягнуліся ў гушчар.
Алесь паглядзеў, ці добра сочаць за салдатамі (іх, на ўсякі выпадак, перавязалі і паклалі квадратам), і пайшоў да вязняў. Там ужо ваўсю ішла праца. Шчалканаў перабіраў адмычкі, з бліскавічнай хуткасцю шукаючы патрэбную, камбінуючы іх, час ад часу весела пазвоньваючы імі.
Загорскі абвёў вачыма вязняў і ўбачыў, што Адрэя між іх не было. І гэта было добра. Значыцца, яго ўжо ўмыкнулі хлопцы. Яны дамовіліся, што гэта будзе зроблена непрыкметна, каб ніхто не ведаў, дзеля каго быў зроблены напад на этап.
А новавяскоўцы не скажуць. Звязаныя па руках і нагах, павінныя ў падвойным разбоі, а значыць, і ў падвойным пакаранні.
— Людзі, — сказаў Алесь. — Цяпер ужо не катаржане, а людзі. Падумайце добра. Я раіў бы пайсці ўсім. Хто пападзецца, а хто і не. Адсюль нямераныя дарогі. На Ўладзімір, і Ніжні, і Кержанец, і налева, на Растоў Вялікі, Пераяслаў, Волагду, Архангельск. А калі за Волгай павернеце — то Вялікі Ўсцюг і Перм… Думайце хутчэй. Канваіраў патрымаем да вечара… Хто не будзе ўцякаць?
Знайшлося чалавек восем.
— Ну вось. Астатнія — ідзіце.
Падалі кайданы. І гэта была найлепшая для слыху музыка.
Сонца сядала. Калоднікі даўно разышліся ў розныя бакі. Тыя, што не захацелі ўцячы, сядзелі каля салдат.
Прарыпелі вазы. На месцы вызвалення засталася купа кінутых халатаў ды яшчэ паўсюль, як змеі, блішчалі ў траве кінутыя кайданы. Нібыта распаўзлося кубло.
Шчалканаў паматваў кісцямі рук:
— Гэх, работачка крывая, прыгож-жая! І разбягуцца ж яны цяперака, літасцівенька, як тарганы.
Алесь падумаў аб тым, колькі мужыкоў сёння не далічыцца на вяроўках кашуль і портак, — і ўсміхнуўся.
— Хадзем, Шчалканаў.
— Гэ-эх, бар-рын, святы ваўчок. Вызваліў ты нас ад Хлюста. Ці вызваліш ад Хваста?
— А хто за вамі пацягнецца? Імя ты майго не ведаеш. А каб і ведаў — каму сказаў бы? За табою, брат, падвойны хвост.
— Ведаю, — Шчалканаў прыплясваў. — Эх, чынчаль-мінчаль, хлюст мазепа. Табе хіба катарга, а мне яшчэ за разбоі па белай спінушцы ды тысяча палачак… А што, калі я на гэта не ўважу?
— Не ўважай, — спакойна сказаў Алесь.
— То ж бо… Ды чорт яго ведае, адкуль цябе Багатыроў выкапаў?… А гэта, брат, крэмень!… Калі нехта з нас брынкне языком — горш чым ад Хлюста не жыць нам. Кругавая парука… Дый потым: Сноп з Міхайлам мяне таксама ў такім разе за бессаромнасць прырэжуць… Гэта мужыкі строгія…
— Зладзейскае тваё сумленне, — сказаў Алесь. — Няўжо толькі гэта цябе і стрымлівае?
Шчалканаў нечакана сур'ёзна паглядзеў на яго.
— Не, — падумаўшы, сказаў ён. — Яшчэ тое, што я ў гэтым тваім учынку выгады не бачу. Ну адбіў, ну адпусціў усіх. А далей што? Якое-такое золата здабыў? Га?
Касыя праменні сонца стрэламі білі ім у твар. Маладзенькі пырнік шастаў пад нагамі. Прабіваліся з яго скручаныя, як дэка старой віёлы, парасткі папараці.
— Адкрыйся, — нечакана папрасіў Шчалканаў, і ў вачах ягоных Алесь раптам убачыў састарэлую ваўчыную тугу.
— Чаму не.
Ён ведаў, што чымсьці вінен і перад гэтай душой, якая паяснічала, але і тужыла, як усе.
Читать дальше