«Бывай, Ганька! Можа, мы і не пабачымся болей. І ты ўсё жыццё будзеш успамінаць вось гэтую сустрэчу каля калодзежа... Ой! — успомніў я раптам. — Кукуруза ж скрыплікаў прасіў прывезці. А прадмаг вось-вось зачыніцца».
І тут нібыта кіем стукнулі мне па галаве: «Ну-ну! У мяне ж грошай ні капейкі. А скрыплікі дзевяць капеек сто грамаў. Што рабіць? Калі мама альбо тата прыедуць, дык прадмаг будзе зачынены».
Грабянючка ўжо ўваходзіла ў сваю фортку.
— Гр... Гр... Ганька! — паклікаў я, мабыць, упершыню назваўшы яе па імені.
Яна хітнулася і ажно выліла трохі вады ад нечаканасці.
— Ганька, — падбег я да яе, — чакай! Ведаеш, пазыч мне дзевяць капеек. Маці з работы прыйдзе, я адразу аддам.
— Навошта? — здзекліва глянула яна на мяне. — На цыгарэты? Так? На цыгарэты?
— На якія там цыгарэты! Вельмі трэба... Я на рыбалку на ноч іду. Кручкоў купіць, а то сельмаг зачыніцца.
— Толькі ў мяне дзевяці няма, у мяне цэлых пяцьдзесят. Маці на кніжку дала. Ох, якая цудоўная кніжка.
— Дык я здачу прынясу. Я хутка.
— Пачакай, я вынесу.
Карацей кажучы, скрыплікаў я купіў, Грабянючцы здачу аддаў, а калі маці прыйшла, і доўг вярнуў. Усё атрымалася добра. Нават не давялося доўга прасіць дзевяць капеек. Адразу дала. І на ноч адпусціла. Вось што значыць быць добрым і выконваць усё, што маці загадае!
Яшчэ і торбу прадуктамі напакаваў — нібыта на месяц ў падарожжа іду.
І калі зайшло сонца, я рушыў. Па дарозе ў сенцах намацаў доўгую вяроўчыну, якой маці бычка на выгане навязвае. «Хто ведае, можа, давядзецца звязваць, дык каб было чым», — падумаў я, адчуваючы пры гэтым халадок у жываце.
РАЗДЗЕЛ XIX. «Рукі ўгару!»
Кукуруза з вудачкай у руках тырчаў па пояс у вадзе каля берага. Тырчаў, мабыць, даўно, бо нават пасінеў, як гусіны пуп, і ляскаў зубамі.
— Нечага сказаць, спяшаўся ты, як свёкар рукі мыць, — сярдзіта прамармытаў ён, але я заўважыў, што ён хавае радасную ўсмешку. Ён усё ж баяўся, што я не прыеду, і ўзрадаваўся, калі ўбачыў мяне.
Кукуруза выйшаў з вады і пачаў размахваць рукамі і прысядаць, каб сагрэцца. Потым запытаў:
— Ну як там? Што новага? Як мой дзед? Яшчэ ў міліцыю не заявіў?
— Ну што ты? Сядзіць сабе спакойненька і касу клепле. Пра цябе і не думае.
Кукуруза насупіўся. І я зразумеў, што яму непрыемна такое чуць. Яму, мабыць, здавалася, што ён ужо так даўно на гэтым востраве, а выяўляецца, што ніхто нават не заўважыў яго адсутнасці.
— Ну і правільна. І добра. Хутка наогул усе забудуць, што быў такі... І ўсё будзе ў парадку, — бадзёра гаварыў ён, ало ў голасе чуўся сум. Каму гэта хочацца, каб яго ўсе забылі!
Я выцягнуў кулёк са скрыплікамі і працягнуў яму.
— О! Усё ж прывёз! Дзякуй! От засумаваў... — і ён адразу ўгрызся зубамі ў скрыплік.
— Ну, а што ты рабіў? — запытаў я.
— Ды што, рыбу вось лавіў і проста так...
— Ну, а дзённік свой ты хоць пішаш?
— Не, не пішу, — легкадумна сказаў ён, жуючы скрыплік. — Кінуў. Гэта ж тое самае, што ўрокі рыхтаваць. Ці для гэтага я на бязлюдны востраў запёрся?!
Я нічога не адказаў: я ж ведаў, што там — у дзённіку.
— Слухай, давай у цуркі-палкі пагуляем. Я так даўно не гуляў! — неспадзявана прапанаваў Кукуруза.
— А што, можна, — згадзіўся я.
І старыя стрэляныя качары, бяльматыя жабы, палахлівыя чарацянкі і іншыя жыхары плаўняў упершыню, мабыць, у сваім жыцці пачулі адчайнае і працяглае:
— Цуркі-палкі — накувалкі накую-ю-ю...
Да саменькага цямна гулялі мы з Кукурузай. Перасталі толькі тады, калі ўжо ні цуркі, ні нават палкі не відна было.
Яшчэ калі мы гулялі, чым цямней рабілася, тым большы неспакой мяне ахопліваў. Я, вядома, не хацеў прызнавацца Кукурузе, але з кожнай хвілінай нешта ўсё мацней муляла мне ўсярэдзіне. А калі зусім сцямнела, я ўжо быў, як кажуць, гатовы: ледзь стрымліваўся, каб не заляскаць ад страху зубамі.
— Ну, паехалі на Высокі, — сказаў Кукуруза. Ён выцягнуў з будана стрэльбу, зарадзіў.
Мы селі ў човен. Кукуруза на носе са стрэльбай. Я веславаў.
Ноч, як на тое, зноў была хмарная, без зорак, нібыта нехта ахінуў зямлю чорным радном.
— Значыць, план такі, — зашаптаў Кукуруза. — Я з ружжом, ты — з ліхтарыкам. Я кажу: «Рукі ўгору!», а ты ў гэты час свеціш ліхтарыкам і клічаш: «Таварыш Вялігура, заходзьце з правага боку! Мікалай Іванавіч, заходзьце з левага!» Каб ён падумаў, што нас многа. Так нават сапраўдныя пагранічнікі робяць, калі затрымліваюць шпіёна.
— А... што мы потым будзем рабіць? Калі затрымаем яго? — пацікавіўся я.
— Як — што? Перададзім у міліцыю таварышу Вялігуру.
Читать дальше