— Ты ведаеш, якія гэтыя кукурузныя масівы, на колькі яны кіламетраў цягнуцца? — сказаў Ява. — Калі не туды пойдзеш, можна ісці два дні — і не дойдзеш. Зусім заблудзіцца можна.
— Што? Што ты вярзеш? — сказаў я, адчуваючы, як ледзянее маё сэрца. — Кукуруза не лес і не плаўні, у кукурузе нельга заблудзіцца. Уставай, пайшлі.
Мы ўжо не думалі пра Кныша з Бурмілам, мы думалі толькі пра тое, як выбіцца з гэтага жахлівага кукурузнага палону.
Праз паўгадзіны мы зноў селі адпачыць.
І раптам у мяне ўзнікла ідэя.
— Ява, — кажу, — а што, калі залезці і паглядзець, куды ісці.
— Залезці? Гэта табе што — дрэва? Гэта ж кукуруза. Злак. Не чуў я, каб людзі на злакі лазілі.
— Ну дык і што, — кажу я. — Глянь, якое тоўстае! Як бамбук! Можа, утрымае.
— Ну, дык лезь.
— Не, ты лезь. Ты лягчэйшы — у цябе штаны карацейшыя і гузікаў менш. А я падсаджу.
Ява махнуў рукой:
— Ну, давай паспрабуем.
Мы выбралі самую высокую і тоўстую кукурузіну, я павярнуўся да яе спіною, сашчапіў пальцы, каб вытрымаць Яву, калі ён стане на іх нагой, і сказаў:
— Ты больш на мяне абапірайся, а за кукурузіну толькі трымайся.
— Добра, добра, — сказаў Ява і, крэкчучы, пачаў лезці на мяне. Вось ужо каленам на плячо стаў, абапёрся рукамі аб галаву. — Ой! — чаравікам за нос зачапіўся. Але я маўчу, трываю. Чаравік давіць мне на плячо, ключыцу ламае. Я пачынаю хістацца, калені трымцяць, падгінаюцца, падгінаюцца...
— Ява! — крычу. — Хутчэй глядзі, я падаю.
І... вось затрашчала і зашумела, — нібыта бомба ў кукурузу ўпала.
Я ляжу, уткнуўшыся носам у зямлю. У роце — пясок, у вушах — пясок, вочы зацярушаныя. Адплёўваюся, праціраю вочы і гукаю:
— Ява, дзе ты? Ты жывы?
— Жы... апчхі!.. вы! — і з груды патрушчанай кукурузы высоўваецца Явава галава.
— Ну, што, — пытаюся, — бачыў?
— Дулю з макам я бачыў. Вярхі самыя пад носам.
Ява ўздыхае.
Я паглядзеў у неба.
«Дзіўна, — падумаў я. — Касманаўты лятаюць у бязмежным небе, сярод зорак, на такой адлегласці ад зямлі — і нічога. А мы ў кукурузе заблудзіліся. Ды яшчэ ў такі адказны момант! Кіно!»
— Ява, — падскочыў я. — Гэта ж дурніца нейкая. Гэтага не можа быць, бо гэта немагчыма. Яшчэ ніхто ў свеце не заблудзіўся ў кукурузе. Мы проста пайшлі не ў той бок. Я добра памятаю, што сонца, калі мы выйшлі, свяціла нам у спіну. Хадзем назад.
Спачатку Ява недаверліва пазіраў на мяне. Але я гаварыў, мабыць, так пераконліва, што ён падняўся.
— Хто яго ведае, можа, і праўда. Хадзем.
І мы папляліся назад.
Ох, як цяжка было ісці. Мы ўжо не чулі ног. Мы проста механічна перастаўлялі іх, як хадулі. І навошта мы поўзалі на каленях? А тут я яшчэ спатыкнуўся і падвярнуў нагу, ажно ўскрыкнуў, так забалела.
Сеў я на зямлю і скрывіўся, як серада на пятніцу. Калі б не Ява, заплакаў бы.
— Што? Што? — схіліўся нада мною Ява.
— Кінь мяне! Ідзі, прабівайся сам, — сказаў я хрыплым, безнадзейным голасам.
— Цьфу, дурны! — Ява абняў мяне за плечы. — Зараз пройдзе.
Ён дапамог мне падняцца. Я абапёрся на яго, і мы паціху пайшлі.
Праз некалькі крокаў боль аціх, і я зашкандыбаў досыць бадзёра. А хутка і зусім забыў пра нагу.
Цяжка сказаць, колькі мы ішлі: паўгадзіны, гадзіну ці дзве — і колькі мы прайшлі: кіламетр, два ці дзесяць. Але нарэшце я не вытрымаў:
— Ява, — кажу, — я болей не магу. Я зараз павалюся. Давай адпачнём.
Мы леглі на зямлю.
Доўга ляжалі.
Было ціха. Толькі кукурузнае лісце шаргацела над намі. Нават конікаў-скакункоў не чутна было.
— А што, калі мы зусім адсюль не выберамся? — ціха сказаў я. — І ніхто не ведае, куды мы пайшлі. І нас не знойдуць. І мы загінем. І праз два тыдні камбайн разам з кукурузай збярэ нашы костачкі.
— Добра б паабедаць. Усё ж такі даўжэй бы пратрымаліся. А так да раніцы і памерці можна, — сказаў Ява.
Пры згадцы пра абед мне так захацелася есці, што я ледзь не заплакаў.
— У нас сёння на абед боршч і варэнікі з мясам, — сумна паведаміў Ява.
— А ў нас суп з галушкамі і смажаная курацінка, — сказаў я, ледзь стрымліваючы слёзы.
Не, далей я ўжо цярпець не мог.
— Ява, — кажу, — давай клікаць людзей. Давай людзей клікаць, Ява.
Але Ява быў больш стойкім.
— Ты што, — кажа, — каб смяяліся? Здаровыя бугаі і сярод белага дня ў калгаснай кукурузе «ратуйце» крычаць.
— Няхай, — кажу я. — Было б толькі над кім смяяцца.
— Не, — кажа Ява, — калі ўжо на тое пайшло, давай лепш спяваць.
— Няхай, — кажу, — хоць і спяваць.
І мы зацягнулі першае што прыйшло ў галаву. А першай чамусьці прыгадалася песня касманаўтаў.
Читать дальше