Богуш:
А я не веру, што наш вялікі і мудры князь можа выклікаць абурэнне з боку багоў.
Нарбут:
Неабачлівы вялікі князь Віцень таксама не верыў у мае прадказанні. Але ўсё ж такі загінуў ад стралы Перуна, як я яго і папярэджваў.
Богуш:
Так, з гэтым складана не пагадзіцца.
Румбольд:
А вось Міндоўга забіў не Пярун, а чалавек. Я ўсё ж такі не разумею, як у такога мужнага ваяра, сапраўднага героя, як наш Давыд, мог быць такі злосны бацька-здраднік.
Нарбут:
Хто яго ведае, мабыць, ягоны бацька Даўмонт тады і меў рацыю.
Богуш і Румбольд (адначасова):
Што ты такое гаворыш?
Румбольд:
Раней ты так не разважаў!
Богуш:
Так-так! Гэта, напэўна, піва на цябе так падзейнічала!
Нарбут:
Не, гэта не піва. Гэта жыццёвая мудрасць. Я заўсёды ведаў гэту трагічную гісторыю, але раней я глядзеў на яе па-іншаму. Аднак зараз, калі я пасталеў, памудрэў, я змог нарэшце пабачыць усё гэта і з другога боку. А вы ўпэўнены, што вы ведаеце ўсю гісторыю цалкам? З усімі падрабязнасцямі? Што вы можаце ацэньваць яе з усіх пунктаў гледжання? Як бы вы паступілі на месцы Даўмонта?
1263 год
Жамойць. Замак жамойцкага князя Траняты. У галоўнай зале замка сядзіць Транята.
Транята:
Цікава, што яму патрэбна ад мяне? Што выклікала ў яго такое нястрымнае жаданне сустрэцца са мной? Нічога, хутка даведаюся.
Уваходзіць Даўмонт.
Транята:
Мне сказалі, ты вельмі хацеў мяне бачыць?
Даўмонт:
Так і ёсць.
Транята:
Сам-насам? Без магчымых сведак?
Даўмонт:
І гэта праўда.
Транята:
Што ж гэта за размова такая падазрона таямнічая?
Даўмонт:
Я шукаю надзейнага і рашучага чалавека, які хоча адпомсціць Міндоўгу настолькі ж моцна і нястрымна, наколькі хачу гэтага я. І мне сказалі, што такога чалавека я магу знайсці тут.
Транята:
Цябе не падманулі. У мяне з маім дзядзькам даволі няпростыя адносіны. Чым я магу дапамагчы?
Даўмонт:
Міндоўг пасля таго, як згубіў сваю жонку Марту, зусім звар’яцеў. Яго ўчынкі і дагэтуль не заўсёды можна было зразумець, але зараз… Ён запрасіў маю… маю жонку Агну прыехаць на пахаванне сястры. Я, на жаль, тады быў вельмі заняты і не меў магчымасці паехаць з ёй, аб чым зараз вельмі шкадую. Калі б я там быў, гэтага б ніколі не адбылося… Калі Агна прыехала на пахаванне, Міндоўг прымусіў яе да сужыцця. Пры жывым мужы! І ніхто, ніхто не можа яму зараз і слова насуперак сказаць! Ён жа кароль! Ён сказаў, што Марта прасіла яго, каб за яе дзецьмі прыглядала выключна Агна. Ніхто іншы. Бо малыя яе добра ведаюць. Зараз ужо цяжка вызначыць, ці казала яна так насамрэч. Але нават калі і казала, дык Міндоўг зразумеў гэта па-свойму і адабраў усё, што ў мяне было. А мая любая Агна… Яна… Яна не вытрымала гэтага. І памерла ад сораму.
Транята:
Так, я чуў гэту сумную гісторыю.
Даўмонт (пасля паўзы):
Я хачу забіць яго. Адпомсціць.
Транята:
Што ж, гэта годнае памкненне. Як у мужнага ваяра ў цябе не застаецца іншага шляху, акрамя помсты.
Даўмонт:
Слушна. Аднак адзін я не здолею. Мне патрэбна дапамога надзейнага і рашучага чалавека.
Транята:
Я падумаю, чым змагу табе дапамагчы, і адразу, як у мяне будуць для цябе навіны, паведамлю. А зараз ідзі. Не трэба нам загадзя прыцягваць непатрэбную ўвагу нашымі занадта доўгімі таямнічымі сустрэчамі без сведак.
Даўмонт ківае і моўчкі сыходзіць. Транята застаецца адзін.
Транята:
Вось гэта лёс у чалавека. Нават найгоршаму ворагу не пажадаеш такога. А Даўмонт – чалавек нядрэнны. Неабходна яму дапамагчы. Тым больш я сам даўно шукаў магчымасці пазбавіцца ад нашага акрутнага караля. У нас з ім заўсёды былі складаныя адносіны. Спачатку ён адмаўляецца ад нашых багоў. Затым перадае ўладу над Жамойцю чужынцам, хаця яна яму самому і не належала і ён не меў ніякага права ёй так распараджацца. Пасля таго як я ўзначаліў войска ды вызваліў ад ворагаў гэтыя землі, я паабяцаў падараваць Жамойць яму ва ўладанне, калі ён канчаткова прагоніць чужынцаў прэч і вернецца да веры нашых продкаў. Міндоўг пагадзіўся. Але што ж гэта за кароль такі, які сёння верыць у адных багоў, заўтра – у іншых, а паслязаўтра зусім ні ў кога не верыць! Старэйшы сын яго таксама змяніў веру, ды яшчэ больш рэзка і незваротна, чым бацька. У манахі пайшоў! Затое такім бязглуздым учынкам ён паказаў, што адмаўляецца ад каралеўскай спадчыны. Іншыя два сыны Міндоўга яшчэ зусім маленькія, і калі мы з Даўмонтам ажыццявім наш рызыкоўны намер, я як пляменнік караля змагу ўзначаліць дзяржаву. Так! (Ён ускаквае.)
Читать дальше