Агна:
Так. Я сама паеду. Я паеду…
1323 год
Навагрудак. Невялічкая мясцовая карчма. Румбольд, Богуш і Нарбут заходзяць у яе і сядаюць за стол.
Богуш:
Хоць штосьці ў гэтым жыцці не змяняецца. Колькі часу мінула, а наша любімая карчма выглядае менавіта так, як і дзесяць гадоў таму.
Румбольд:
Што ёсць, тое ёсць.
Нарбут:
Чулі апошнія навіны? Давыд Гарадзенскі гераічна разбіў дацкае войска пад Псковам.
Румбольд:
Мяне ўжо гэтым не здзівіць. Я, як упершыню Давыда ўбачыў, адразу зразумеў, што ён – мужны ваяр. Недарма мудры вялікі князь Гедымін з ім парадніўся. З яго боку было вельмі прадбачліва ажаніць з Давыдам сваю дачку.
Богуш:
Так, гэта цяпер усе гэта разумеюць, але ж тады было шмат незадаволеных. А зараз нават складана сказаць, ад шлюбу якой з дачок Гедыміна карысці для дзяржавы больш. ( Ён пачынае загінаць пальцы. ) Данміла пабралася шлюбам з Вацлавам, князям плоцкім, Марыя – з Дзмітрыем Міхайлавічам Грозныя Вочы, вялікім князям цвярскім і ўладзімірскім. Такое сваяцтва, безумоўна, узмацніла нашу дзяржаву. Але, на мой погляд, не так моцна, як шлюб з Давыдам.
Румбольд:
Дакладна! На першы погляд можа падацца, што сын здрадніка, звычайны гарадзенскі кашталян не варты стаяць у адным шэрагу з такімі вялікімі і ўплывовымі князямі. Аднак мудры Гедымін, як заўсёды, усё прадбачыў.
Нарбут:
Карчмар, піва нам!
Богуш:
Між іншым, вы чулі, што распавядае народ пра нашага князя і пра горад, які ён загадаў пабудаваць на рацэ Вільні?
Румбольд:
Не. Няўжо нешта кепскае?
Богуш:
Не, вядома не! Кажуць, што наш князь паляваў побач з тым маляўнічым месцам, і калі пасля палявання ён застаўся там пераначаваць, нібыта ўбачыў дзіўны сон.
Румбольд:
Які?
Богуш:
Кажуць, яму прымроілася, што на гары, якая знаходзілася побач з ім, стаяў велізарны воўк у латах, які выў настолькі гучна, нібы там былі тысячы ваўкоў. А раніцай ён папрасіў аднаго са сваіх жрацоў патлумачыць яму гэты незразумелы сон. Як жа было імя гэтага жраца? Не магу згадаць.
Нарбут:
Ліздзейка… Калі верыць чуткам.
Богуш:
Мажліва, што і Ліздзейка. Дык вось, гэты самы Ліздзейка патлумачыў, што воўк у латах – гэта замак і горад, якія пабудуюць на гэтым месцы. А выццё – гэта слава, вядомасць і пашана, якую будзе мець гэты неверагодны горад па ўсім свеце. Князь яго паслухаўся і без вагання загадаў неадкладна пачаць будаваць горад.
Румбольд:
Слухай, Нарбут, а чаму цябе не было тады на тым паляванні з вялікім князем? Чаму там быў нейкі іншы жрэц?
Нарбут:
У мяне былі больш адказныя і важныя справы, чым розныя там забавы. І вялікі князь гэта добра ведаў, таму і ўзяў з сабой гэтага Ліздзейку…
Богуш (са смехам):
Глядзі, Нарбут, зараз з-за сваёй ганарлівасці застанешся без славы. А Ліздзейка, мажліва, увойдзе ў гісторыю, і яго імя, мабыць, будуць ведаць праз стагоддзі і нават тысячагоддзі.
Нарбут:
Цьфу ты. А яна хіба мне патрэбна, гэта слава? Ад яе часам шкоды нашмат больш, чым карысці. І ніхто не зможа прадбачыць, да чаго яна можа прывесці. Слава – падчарка гісторыі. А гісторыю, як вядома, пішуць тыя, хто перажыў усіх іншых сведак, тыя, у каго больш уплыву на наступныя пакаленні. І ніхто не ведае, як пра той жа новы горад і пра тых, хто загадаў яго пабудаваць, будуць казаць у будучыні. Мабыць, яго, ды не дазволяць гэтага багі, захопяць ворагі і будуць сцвярджаць, што гэты горад належаў заўсёды ім. Мабыць, яны падаруюць гэты горад нашым саюзнікам, каб пасеяць паміж намі варожасць і нарадзіць спрэчку? І тады нашы нашчадкі, верагодна, будуць праклінаць усіх тых, хто быў звязаны з гісторыяй гэтага горада. Ці, мабыць…
Румбольд:
Хопіць-хопіць нас пужаць сваімі шалёнымі прадказаннямі. А можа гэтага нічога не здарыцца, і нашы багі даруюць гэтаму гораду доўгае і слаўнае існаванне!
Падыходзіць карчмар, ставіць на стол тры куфлі піва і сыходзіць.
Богуш:
Вып’ем жа за нашага мудрага князя. І за тое, каб горад на рацэ Вільні, які згодна з княжым загадам нарэшце дабудавалі, праіснаваў тысячы гадоў. І каб слава аб гэтым цудоўным горадзе разышлася па ўсім свеце.
П’юць.
Нарбут:
Наш мудры князь быў бы яшчэ больш мудрым, калі не абяцаў бы замежнікам прыняць іх веру. Спачатку ён паспрыяў з’яўленню ў нашым княстве праваслаўнай мітраполіі, зараз збіраецца прыняць каталіцтва. Нельга так крыўдзіць нашых багоў. Яны могуць раззлавацца. Багі літасцівыя, але і іх трыванне не бясконцае.
Читать дальше