І тым самым даказваеце, што вы самі ў яго не верыце, не прытрымліваецеся яго светапогляду. Аднак вы не разумееце, што нельга прымусіць людзей верыць сілаю, якой бы моцнай яна ні была. Вера – гэта тое, да чаго кожны чалавек павінен прыйсці самастойна. Так, з дапамогай мудрых парад сваіх бацькоў, сваякоў, якія перадаюць свой жыццёвы вопыт. Але парад, не прымусу! Ці вы думаеце, што тыя, хто пагадзіўся прыняць вашага Бога пад страхам смяротнага пакарання, будуць шчыра і аддана ў яго верыць? Не, ніколі! Ноччу, у непрагляднай цемры, калі ніхто не будзе іх бачыць, яны пойдуць туды, куды хадзілі ўсё сваё жыццё, і будуць прыносіць ахвяры сваім сапраўдным багам, у якіх яны вераць, нягледзячы на тое, што давялося казаць падчас жудасных катаванняў. І багі гэтых людзей будуць ім дапамагаць, бо ведаюць, што словы словамі, але ў верных сэрцах гэтых мужных людзей засталася сапраўдная, трывалая, бескарыслівая вера. І багі не будуць злавацца на гэтыя простыя словы, бо яны літасцівыя і не патрабуюць бяздумнай, сляпой пакорлівасці і зневажальнай, самааданай паслухмянасці, як ваш Бог.
Міхаіл:
Я не збіраюся з вамі гэта абмяркоўваць. А зараз ідзіце прэч!
Нарбут:
Я і пайду, але ведай: тут табе не радыя. Ты ніколі не зможаш прымусіць нас адмовіцца ад сапраўных багоў, у якіх мы верым, у якіх верылі нашы бацькі, нашы дзяды і дзяды нашых дзядоў. А ты што са сваім адзіным Богам? Хочаш сказаць, што мы памыляемся? Што ўсе нашы продкі памыляліся? Ты не зможаш адабраць у нашага народа сапраўдную веру. Бо вера – гэта нашы звычаі, гэта тое, вакол чаго будуецца ўсё наша жыццё. Ты і такія, як ты, не зможаце ў нас усё гэта адабраць. Чуеш мяне? Не зможаце!
Нарбут хуткім крокам сыходзіць.
1299 год
Навагрудак. Замак вялікага князя Віценя. Галоўная зала ў княжым замку. У ёй сядзіць Віцень, з аднаго боку ад князя стаіць высокі прыгожы мужчына – старшыня купецкай гільдыі Богуш, з іншага – дужы барадаты ваяр – мясцовы ваявода Румбольд. Хуткім упэўненым крокам уваходзіць Нарбут.
Нарбут:
Вялікі князь, колькі мы будзем трываць гэтага агіднага, нахабнага місіянера? Ён зусім не паважае нашых багоў і нават не хавае гэтага, не баіцца ні нашай лютасці, ні лютасці нашых багоў! Трэба гнаць яго безадкладна прэч, як мага далей ад нашага княства, ад нашага народа!
Віцень:
Паважаны спадар Нарбут, вы не горш за мяне ведаеце, што так неабходна. Няўжо вы забыліся, што, калі я дамаўляўся наконт саюзу з Рыгай, я абяцаў, што прыму хрысціянства?
Нарбут:
Вядома, памятаю. Нават калі б я і хацеў не памятаць, усё роўна складана забыцца на такое.
Віцень:
Але ж мы ўсе добра ведаем, што я ні ў якім выпадку не збіраюся так рабіць. Аднак калі я яшчэ і праганю хрысціянскага місіянера, тады дакладна непрыемных наступстваў нам усім не пазбегнуць.
Нарбут:
Усё роўна! Нават казаць такое – вялікая непавага да нашых багоў! Вялікая абраза! Хай літасцівыя Багі нам гэта даруюць!
Віцень:
Гэта было неабходна, каб дасягнуць таго, што было нам патрэбна.
Богуш:
Так, вялікі князь, саюз з Рыгай – гэта вельмі мудры і дальнабачны крок, які моцна паспрыяў хуткаму і паспяховаму развіццю гандлю ў нашым княстве.
Румбольд:
А перамогай пад Коркгаўзам нашы продкі будуць ганарыцца яшчэ шмат гадоў!
У гэты момант у залу ўваходзіць вартаўнік. Спрэчка заціхае.
Вартаўнік:
Вялікі князь, Вас жадае бачыць нейкі юнак. Ён кажа, што ў яго да Вас ёсць важная і неадкладная размова.
Віцень:
І што ж гэта за юнак такі? Як яго імя?
Вартаўнік:
Ён прадставіўся як Давыд, сын Даўмонта.
Некалькі імгненняў пануе поўная цішыня.
Віцень (праз паўзу):
Што ж, у такім выпадку хай Давыд, сын Даўмонта, уваходзіць.
Румбольд (шэптам, звяртаючыся да Богуша):
Няўжо гэта папраўдзе ён? Сын здрадніка? І як у яго толькі смеласці хапіла з’явіцца ў Вялікім Княстве пасля таго, што нарабіў ягоны шалёны бацька? Ды не толькі з’явіцца ў княстве, але яшчэ і прыйсці да нашага князя? Калі гэта сапраўды ён, тады яго неабходна неадкладна схапіць і пакараць смерцю.
Вартаўнік сыходзіць і вяртаецца з юнаком, які ўпэўненым крокам набліжаецца да вялікага князя і становіцца перад ім на калена.
Віцень:
Можаш устаць, Давыд, сын Даўмонта.
Юнак уздымаецца.
Віцень:
Читать дальше