Вяршыла. Віктар Паўлавіч…
Загуменная. Не скарджуся, Віктар Паўлавіч. Я прашу. За свае грошы прашу. А з мяне кпяць. Некаторыя нават гэтай самай… псіхічкай называюць.
Вяршыла. Такіх трэба здымаць з работы і… на пятнаццаць сутак! Каб дзесятаму заказалі! А што вы просіце, Кацярына Антонаўна?
Загуменная. Ай, дробязь, Віктар Паўлавіч! Нават няёмка гаварыць.
Вяршыла. Смела гаварыце. Мы вас правільна зразумеем. На тое мы тут і сядзім.
Загуменная. Дамавіну хачу заказаць.
Вяршыла (не адразу) . Што заказаць?
Загуменная. Дамавінку. У якой на могілкі адвозяць.
Вяршыла. Наколькі я ведаю… Ёсць жа спецыяльныя камбінаты. А ў вашым раёне няма такога?
Загуменная. Камбінат–то ёсць. А мой заказ не прымаюць. Кажуць — не паложана.
Вяршыла (з абурэннем) . Дажыліся! Дабюракраціліся! Дакаціліся! Нюра! Знайдзіце мне нумар іх камбіната. Я сам з імі пагавару!
Нюра. Зараз, Віктар Паўлавіч.
Вяршыла. Заява ў вас пры сабе?
Загуменная. Прысабе, прысабе, дзеткі. (Корпаецца ў сумачцы.) Вось заўсёды так… Калі трэба — як скразняком змахне… Ага! Вось яна. (Працягвае паперку Вяршылу.)
Вяршыла (яшчэ не разгарнуўшы заявы) . Хто ж у вас памёр, Кацярына Антонаўна?
Загуменная. Ніхто, дзякуй Богу. Усе жывы і здаровенькі.
Вяршыла (са здзіўленнем) . Для каго ж вы труну заказваеце?
Загуменная. Для сябе, мае дзеткі…
Усеагульнае ашаламленне. Папсуева круціць пальцам каля скроні, стараючыся, каб гэта ўбачыў Вяршыла.
Вяршыла. Для сябе?! Але ж вы яшчэ… Даруйце… Жывая!
Загуменная. Аяк жая паспею заказаць, калі памру?
Вяршыла. Бабуля! У вас адзінаццаць дзяцей і трыццаць тры ўнукі! Няўжо яны не паклапоцяцца?
Загуменная. Ай, пра што вы кажаце, Віктар Паўлавіч! Вядома, паклапоцяцца. Але навошта ж ім лішні клопат?.. Хадзіла я ў той камбінат… Там заўсёды чарга. Людзі нервуюцца, плачуць, лаюцца… I на тых, хто жыве. I на тых, хто памёр… Ведаеце, колькі я за сваё жыццё ў чэргах настаялася? У–га! Па хлеб, па мыла, па керасін, паркаль, па муку, па масла, па сялёдку… Калі скласці ўсё гэта ў адно месцейка, дваццаць гадоў з майго жыцця выкрасліць трэба. Дальбог, не меней!.. Не хачу, каб мае дзеці праз мяне яшчэ ў чарзе стаялі. Непакоіліся… Перажывалі… Я ж не толькі дамавінку, я і стужкі да вяночкаў хачу заказаць. Ад іх імя… Няхай прыедуць яны на ўсё гатовае і паплачуць трошкі па мне… Яны ж у мяне вельмі харошыя! Занятыя ад ночы і да ночы… То канферэнцыі, то сімпозіумы, то футбол…
Вяршыла. Ну, матуля… Усякае чуць даводзілася. А такое чую ўпершыню. Аналагаў яшчэ не было. I дзе ж вы, прабачце, будзеце трымаць… дамавіну?
Загуменная. У хаце, за шырмачкай. А як адчую, што пара мая прыйшла, пераапрануся ва ўсё чыстае і лягу… I нікому ніякіх клопатаў. Толькі перад гэтым усім тэлеграмы пашлю…
Нечакана вельмі гучна загучала арыя князя Ігара «О дайце, дайце мне свабоду!».
Ой, якая прыгожая музыка ў вас! Проста сэрца ў ёй купаецца! А то цяпер як пачнуць дзьмуць — ва ўсім калгасе шыбы з вокнаў высыпаюцца…
Вяршыла (справіўшыся з хваляваннем) . Можа, мяне і асудзяць, але просьбу вашу, Кацярына Антонаўна, я выканаю.
Загуменная (расчулена) . Дзякую, сынок! Вось нездарма ж падказалі людзі да цябе ісці… Толькі ты ўжо, калі ласка, напішы, каб прыгажэйшая была. Грошы ў мяне ёсць. Я заплачу… Жыццё ў мяне ой якое было! Не дай бог нікому такога. То хоць паляжу ў прыгожым доміку. Гэты ж ужо апошні будзе…
Вяршыла. Напішу, каб самы прыгожы быў. I бясплатна.
Загуменная (спалохана замахала рукамі) . Не! Не! Не трэба бясплатна! Што пра мяне людзі скажуць? Я ж багатая!.. Вось толькі, калі можна… Напішы ты, сынок, каб з дубу зрабілі… Я разумею, чаму ты так глядзіш на мяне. Думаеш, з глузду з’ехала бабка! Нібыта не ўсё роўна ёй, у якой дамавіне будуць яе костачкі тлець?.. Ды не… Мне ўсё адно… А раптам я яшчэ затрымаюся на гэтым свеце? А шашаль возьме ды і паточыць маю дамавінку… Калі яна будзе з простых дошак змайстравана. А дуб яму не па зубах…
Вяршыла (хутка піша і аддае заяву) . Вось, Кацярына Антонаўна… Напісаў, каб без усякай чаргі! Самую прыгожую і абавязкова з дубу.
Загуменная. Дзякую, сынок! Праўду кажуць: свет не без добрых людзей. Дзякую! (Нізка кланяецца Вяршылу.) Хоць я ў Бога і не веру, але памалюся за цябе… Сардэчны ты чалавек, хоць і міністр! (Кланяецца Папсуевай і Міралюбаву.) I вам, дзеткі, дзякую! (Ідзе да дзвярэй, нізка кланяючыся. Там яна здымае тапкі, зноў надзявае пантофлі і, яшчэ раз пакланіўшыся, выходзіць.)
Читать дальше