Бадунова.Як зварот да народа ён у сваім жанры і палкі, і эмацыйны, але ж вельмі агульны.
Грыб.Настолькі агульны, што не зразумела, якімі канкрэтнымі абставінамі выкліканы і куды той жа народ кліча.
Краўцоў.Лічу, што трэба неадкладна зрабіць не проста Грамату, што кліча народ туды няведама куды, а распрацаваць канкрэтную канцэптуальную праграму, якая будзе выносіцца на абмеркаванне Усебеларускага кангрэсу ці з’езду.
Захарка.Настаў час, каб вызначыцца і з тэрмінам склікання кангрэсу. Для гэтага ж і сабраліся, як я разумею…
Рак-Міхайлоўскі.I не гуляць у хованкі са стварэннем войска. Трымаць сакрэты дазволіць толькі Езавітаву, пакуль яго Менскі полк пад носам у Мяснікяна набірае сілу і колькасць. Правільна было заўважана: не чакаць тысячы франтавікоў адразу, а ствараць атрады, вайсковыя дружыны валанцёраў, урэшце, паднімаць народнае рушэнне з таго, што ёсць тут, дома, пад рукою і зараз. I не толькі ў Менску, а на ўзроўні ўездаў, валасцей, гарадоў і мястэчак.
Езавітаў.Абсалютна згодзен і падтрымліваю!
Смоліч.Трэці з’езд Грамады не двухсэнсоўна выказаўся і вітае ўтварэнне беларускай народнай арміі і жадае, каб яна стала рэвалюцыйнай гарантыяй працоўнага народу беларускага і памагла яму дабіцца яго нацыянальных і сацыяльных мэтаў. Мэта ж БСГ — зрабіць хоць зачатак сваёй беларускай народнай улады на тэрыторыі Беларусі. I ад гэтага Грамада не адступіць!
Серада.Я падтрымліваю абедзвюма рукамі!
Фальскі.Лічу, што зварот, грамата, адозва да народа, ды яшчэ першая перад кангрэсам, павінна складацца з двух частак: канстатацыі становішча, што склалася ў краі і пастаноўкі канкрэтных задач, вызначэнне дзеянняў, якія павінны гэтыя задачы вырашыць, каб незайздроснае становішча выправіць, а край уратаваць, хоць ад расейцаў, хоць ад немцаў, хоць ад палякаў!
Скірмунт.Пад такой Граматай-устаноўкай я падпісаўся б.
Фальскі.У такім важным дакуменце найперш павінна быць чорным па беламу запісана, што для абароны свайго права на нераздзельнае існаванне беларускага народа ў яго этнаграфічных межах ён павінен мець сваіх паўнамоцных прадстаўнікоў не толькі на Берасцейскіх перамовах з немцамі, але і на Мірным кангрэсе краін-удзельніц вайны.
Бадунова.А мясцовая ўлада абавязана прыняць усе неабходныя захады, каб захаваць і зберагчы тое, што яшчэ засталося з багаццяў краю. У звароце-грамаце неабходна падкрэсліць: у межах Беларусі, як разбуранай прыфрантавой паласе, ужо зараз, неадкладна, можа быць, нават явачным, рэвалюцыйным парадкам забароніць усялякія рэквізіцыі харчавання, фуража і быдла, бо ніякія камітэты дапамогі пацярпелым ад вайны не ўратуюць край ад голаду. А голад набліжаецца штодня.
Гарун.З нашай Граматы сялянства павінна даведацца аб бясплатнай перадачы яму панскай, царкоўнай, касцельнай, манастырскай, кабінетнай, удзельнай і іншых зямель, падкрэсліўшы, што гэта будзе найважнейшай заваёвай сялянскага люду беларускага, гарантыяй яго захавання і нацыянальнага эканамічнага росквіту.
Скірмунт.Калі хочаце, шаноўны паэт, уратаваць родную краіну ад крававага кашмару і поўнага разбурэння не толькі эканомікі, але і чалавечага ў чалавеку, адмоўцеся ад вар’яцкага бальшавіцкага закліку: «адабраць у багатых і падзяліць паміж беднымі».
Гольман.Видали, чего барин захотел?!
Скірмунт.Адмоўцеся, пакуль яшчэ не позна, а свой дзікунскі заклік расейцы няхай праэкспераментуюць на сабе.
Гарун.Не, пан Скірмунт. Дзесяць катаржных гадоў з гакам я чакаў волі і шчаслівай магчымасці адабраць у багатых, каб падзяліць паміж беднымі.
Скірмунт.Ну што ж… Кажуць: вольнаму воля, а вар’яту голае поле. Між іншым, мужыцкая прымаўка…
Смоліч.Якія яшчэ будуць заўвагі, прапановы?..
Серада.Калі пайшла такая прадметная размова, то, як той казаў, ад аперэтачнай каманды прашу ў адозву-грамату ўнесці, што для забеспячэння непадзельнасці краю і для абароны яго кроўных інтарэсаў Вялікая рада і Цэнтральная вайсковая рада ў выкананне рэзалюцый франтавых з’ездаў ваяўнікоў і Балтыйскага фронту прыступілі да фармавання аддзелаў нацыянальнага войска… з генералам Кандратовічам ці без яго…
Смоліч.Калі іншых прапаноў у пашыраную і паглыбленую Грамату «Ко всему Народу Белорусскому», а яна павінна быць менавіта рускамоўнай, то мне застаецца толькі паведаміць вам, што такая Грамата ёсць. ( Паказвае Грамату .) Яна ўтрымлівае амаль усе прапановы і пажаданні, якія тут прагучалі, можа толькі за выключэннем рэплікі пана Скірмунта аб «верноподданической» ганебнай просьбы да Расеі дазволіць нам начаваць у сваёй хаце хоць пад лаўкаю.
Читать дальше