Прысьмерку бэзавы шоўк.
Ночы адчынены лёх.
Пень, быццам змораны воўк,
На лапы-карэньні прылёг.
Настане дзень у шэрагу панылым,
Дзе заступае ймглу ізноў імгла,
Калі душа свае згадае крылы
I паляціць туды, адкуль сышла.
Рассыплецца пакінутае цела,
Як недарэчны i цяжкі ланцуг.
Ты ж гэткае свабоды так хацела!
Чаму ж табе так раптам зойме дух?
Вярнуцца зноў, ізноў уцелавіцца
І крылам даць стамлёным адпачыць.
Кім станеш ты: ці рысьсю, ці ваўчыцай,
Упаляванай некалі ўначы?
Яшчэ кастрычнік, a ўжо ў сьнег сьляды.
Трымцяць, але трываюць хрызантэмы.
Зьбіраюцца сучасныя нацдэмы
Адсьвяткаваць спрадвечныя Дзяды.
Ніхто ўжо не разгоніць, не заб'е,
Ніхто? Ну, дзякуй Богу, калі гэтак,
Калі ня стануць за ахвяр i сьведак
Сябры мае й суродзічы мае.
Спакваля спакусьлівы матыў
Разьняволіць плойму крыўд, амбіцый...
Дай мне сілы, Госпадзе, у тым,
Каб за ўсіх нялюбых мне маліцца,
Каб уратаваць сваю душу
Ад памкненьняў помсьлівых i злосьці,
Каб драпежны i няварты хтосьці
Сьвет ня засьціў, Госпадзе, прашу...
Паклікала цябе па імені.
Ты адгукнуўся: што?
A ў мяне не было ніякай справы,
проста хацелася паклікаць
цябе па імені i пачуць адказ,
каб зразумець, які гэта цуд,
калі ёсьць каго паклікаць па імені,
i ёсьць каму на яго адгукнуцца.
Князю мой сьветлы, за рысаю гэтага гаю
Я не спытаю цябе, я цябе не спытаю,
Я не спытаю цябе, дзе радзінны твой замак,
Я не спытаю, дзе конь твой i дзіда таксама,
Я не спытаю цябе, дзе харугвы i войска
У тую хвіліну, якая ня кропка, а коска,
Толькі баюся, а раптам цябе не пазнаю,
Князю мой сьветлы, за рысаю гэтага гаю.
Недзе між дзённымі справамі й снамі
Ёсьць неназоўнае н е ш т a:
Тонкі праменьчык паветра між намі,
Выціснуты дарэшты.
Рыцар самотны прыйшоў да мяне,
Рыцар самотны, якога я клікала
Ў сьветлым маленстве, такога вялікага,
Рыдар самотны прыйшоў да мяне.
Я яго ведада гэтак даўно,
Ведала продкаў яго, радаслоўную,
Горкую, слаўную жытку вандроўную,
Я яго ведала гэтак даўно.
Царства свайго, Каралеўства свайго
Ён да карэньчыка воласа варты,
Возьме мяне як найлепшую варту
Царства свайго, Каралеўства свайго.
Дай мне, о Госпадзе, сілу тады
Варту ня здрадзіць сваю выпадкова
І распазнаць, дзе варожая змова,
І ўсьцерагчы мне яш ад бяды.