Ніна Мацяш: Шчаслівай долю назаві...

Здесь есть возможность читать онлайн «Ніна Мацяш: Шчаслівай долю назаві...» весь текст электронной книги совершенно бесплатно (целиком полную версию). В некоторых случаях присутствует краткое содержание. Город: Мінск, год выпуска: 1990, ISBN: 5-340-00468-6, издательство: Мастацкая літаратура, категория: Поэзия / на белорусском языке. Описание произведения, (предисловие) а так же отзывы посетителей доступны на портале. Библиотека «Либ Кат» — LibCat.ru создана для любителей полистать хорошую книжку и предлагает широкий выбор жанров:

любовные романы фантастика и фэнтези приключения детективы и триллеры эротика документальные научные юмористические анекдоты о бизнесе проза детские сказки о религиии новинки православные старинные про компьютеры программирование на английском домоводство поэзия

Выбрав категорию по душе Вы сможете найти действительно стоящие книги и насладиться погружением в мир воображения, прочувствовать переживания героев или узнать для себя что-то новое, совершить внутреннее открытие. Подробная информация для ознакомления по текущему запросу представлена ниже:

Ніна Мацяш Шчаслівай долю назаві...
  • Название:
    Шчаслівай долю назаві...
  • Автор:
  • Издательство:
    Мастацкая літаратура
  • Жанр:
    Поэзия / на белорусском языке
  • Год:
    1990
  • Город:
    Мінск
  • Язык:
    Белорусский
  • ISBN:
    5-340-00468-6
  • Рейтинг книги:
    3 / 5
  • Ваша оценка:
    • 60
    • 1
    • 2
    • 3
    • 4
    • 5
  • Избранное:
    Добавить книгу в закладки

Шчаслівай долю назаві...: краткое содержание, описание и аннотация

Предлагаем к чтению аннотацию, описание, краткое содержание или предисловие (зависит от того, что написал сам автор книги «Шчаслівай долю назаві...»). Если вы не нашли необходимую информацию о книге — напишите в комментариях, мы постараемся отыскать её.

Ёмістасць паэтычнага голасу, шматколернасць інтанацыйнай палітры, па-народнаму яркая, вобразная мова, тонкае успрыманне прыроды, вяртанне да беларускіх нацыянальных традыцый і фальклорнай паэтыкі, разуменне мінулага як падмурка сучаснасці, аптымізм,— жаданне «долю назваць шчаслівай» зусім невыпадковае,— асноўныя рысы творчасці Ніны Мацяш. Імі вызначана і новая кніга.

Ніна Мацяш: другие книги автора


Кто написал Шчаслівай долю назаві...? Узнайте фамилию, как зовут автора книги и список всех его произведений по сериям.

Шчаслівай долю назаві... — читать онлайн бесплатно полную книгу (весь текст) целиком

Ниже представлен текст книги, разбитый по страницам. Система автоматического сохранения места последней прочитанной страницы, позволяет с удобством читать онлайн бесплатно книгу «Шчаслівай долю назаві...», без необходимости каждый раз заново искать на чём Вы остановились. Не бойтесь закрыть страницу, как только Вы зайдёте на неё снова — увидите то же место, на котором закончили чтение.

Якія мізэрныя мы

I якое жыццё наша горкае,

Калі скарб аддаём неацэнны

Сумненням.

Сінція Віцьер. кубінскі паэт

Не атрымалася, не атрымалася,
Як малявалася, як спадзявалася.

Спіш, мая донечка? Спі, люлі-люлі...
Думкі мае, хоць бы й вы дзе прыснулі!

...Ты не прыкідваўся, о не.
Ты ў самым шчырым парыванні
Ад прагі ласкі, спачування
Тады хіснуўся да мяне.

Такія блізкія тугой,
Такія родныя самотай,
Як узаемнаю пяшчотай
Уваскрасалі мы з табой!

Былі шчаслівыя ж, былі!
Ты не ашукваўся, сам бачыў
Як цудадзейна свет іначаў
Пад чыстым небам тых хвілін,

Калі і словы, і маўчанне —
Усё гучала як адказ,
Што ёсць ад бед паратаванне,
Ёсць. Любасць. Гэткая, бы ў нас.

Не атрымалася, не атрымалася,
Як уяўлялася, як абяцалася.

Спі, мая донька, расінка малая.
Толькі табою свой боль прылюляю.

Людзі, як зёлкі, чый род — палыновы.
Поўніцца горыччу тут ім не нова.

Голькі чарнобылю цёмнае сілы,
Што неаднойчы сябе ўжо касілі.

Доўбняю. Мечам. Свінцом. Радыяцыяй.
I найстрашнейшым — душы дэвальвацыяй.

Хто ж мы?.. Ляжаць на грудзях у жанчыны
Дзеці ўсёй чыста зямное айчыны.

Хто ж мы?.. Хварэем бяссоннаю вартай
I за найгоднейшых, і за нявартых.

...Я вінаватая сама,
Што так паверыла ў нязводу,
У немінанне нашай згоды,
Што нам расстання тут няма.

У непрагляднай даўніне
Расцятыя на двух багамі,
Зліліся зноў вось, і над намі
Нішто ўжо неба не сатне!..

Забыла я, што чалавек
Сам спеліць і святло, і морак,
З багамі роўны быў учора,
А сёння — мураха ў траве.

Не думала, што ўжо і мы
Далучаны да той кагорты,
Дзе шчасце блытаюць з камфортам,
Дзе ўсё рашае суд гурмы...

Спі, прамянінка мая залатая.
Толькі табою жыццё апраўдаю.

Хай мае смуткі не стануць прычынай
Для наракання на долю жанчыны.

Праўда не ў тым, што нас папіраюць.
Ісціна ў тым, што без нас — паміраюць.

Гінуць як Рыцары, Воі, Паэты.
Лепшыя з іх сэрцам помняць пра гэта.

Вось чаму лепшыя з іх без вагання
Нават галовы складуць за Каханне.

...Як лёгка пагадзіўся ты
З маёю роспаччу адчайнай,
Што больш не трэба нас страчання,
Не трэба шчасця нам з лухты.
Як быццам толькі і чакаў,
Каб выдыхнулася такое, —
Усе харугвы здаў без бою.
Шчэ побач быў, а ўжо ўцякаў...

Я выжыла. Мне трэба жыць.
Як-небудзь звыкнуся са стратай.
Ды памяць!.. Як трымцяць напята
Таго яднання міражы!
Няма тых вуснаў, а гараць
На мне ўсе пацалункі тыя,
Няма тых рук, а трапяткія
Віры іх ласкі ўсё віраць!..

...А як жа, мілы, ты жывеш,
Як дыхаецца там, з другою?
Ты і яе найдарагою,
Каханай і яе завеш?
I з ёю гэтак, як са мнон,
Табе і ўдосвіта, і ў змроку,
I гэтак жа навідавоку
Ўсе барвы шчасця, мілы мой?

Ці ўсё ж — на самым дне маны —
Ты палкім прытварацца мусіш,
I слухаць у смяротнай скрусе,
Як звоняць па любві званы?!.
I не сканаць, і не забыць.
Ні апраўданнейка, ні рады.
Жахлівей не бывае здрады,
Як сонца ўласнае забіць!

Пракляты будзь — так званы доўг!
Будзь клятая — мараль натоўпу,
Што ад часоў патопу топіць
Слабых у багне пошлых догм!

Там кожны ведае, як жыць,
I кожны кожнага асудзіць.
I паразвучваліся людзі
Адзіна вартым даражыць —
Сваёй Любоўю...

Ах, першацвет мой кранальна чысцюткі,
Донька мая! Годы пройдуць так хутка.

Бачу той час, калі шызую чаплю
Суму твайго я прагнаць не патраплю.

Будзе кружыць над табой неадхланна,
Покуль і ты не прашэпчаш: «Каханы!»

Покуль не пойдзеш і ты па лязе
За сонцам уласным, а даль — у смузе!

О хай сабе, хай! Толькі б далеч — была:
Каханне без пространі — птах без крыла.

І як ні падтрымваць, і чым ні лячыць —
Сканае ў пакутах. Памрэ. Не ўзляціць.

Будзь ластаўкай, доля, будзь чорнай змяёй —
Дай пространь Кахання для донькі маёй!

Я дам ен нангожую ў свеце зямлю,
Якую да спазмаў у горле люблю.

Дам вежы яе, і яе курганы,
I казкі-паданні сівой даўніны.

Бярозку пры лёне, ў палёце бусла,
Усё, што і мне колісь мама дала,

Усё, чым багата сама я душой, —
Дай пространь Кахання для донькі маёй!

Я ведаю змалку, знаць будзе й дачка,
Чым слаўная ў свеце зямля Васілька.

I што мы любілі, і што мы клялі,
I як выжывалі на гэтай зямлі.

У мальвах надзей, пры тузе касачоў
Наш зранены сцяг развіну над плячом,

I дух Белай Русі ў дачцэ не прымрэ,
I мове сунічкай на вуснах гарэць.

Што трэба шчэ ў нашай старонцы жытной?! —
Дай пространь Кахання для донькі маёй!

Не дай ёй пачуць, як пачула я:
«I твой тут — ніхто, і ты — нічыя».

1986



АЛЕ ТВАЯ СЛЯЗА

Выясніваўся дзень. I ноч растаць хацела.
...О, як твая сляза ў маю слязу глядзела!

Ад промняў з-пад смугі ўся далеч залацела.
...Але твая сляза ў маю слязу глядзела.

Чародка галубоў над намі ўсё гусцела.
...О, як твая сляза ў маю слязу глядзела!

Крылялі галубы як свята, як нядзеля.
...Але твая сляза ў маю слязу глядзела.

1986



КАРА

Я змучыла цябе. I гэта праўда.
Як праўда тое, што каханы ты.
I што хранічны страх за нас — не наўда
Так закамплексаванай прастаты.

Я змучыла цябе. Не даравання,
А кары з любых рук тваіх прашу.
Хоць што яшчэ страшней за катаванне
Агнём, якім сама сябе душу?..

Ды кара твая падае!.. Упала! —
Мой горкі, адхінаешся ў журбе...
Такога пекла сэрца шчэ не знала...
Ці вернешся?.. У ножанькі б упала...
Ці вернешся?.. Я змучыла цябе...

1985



АПАТЫЯ

Разглядваеш паныла лямец дзён,
Адпушчаных на песню —
Змарнаваных
На тло бясконцых вымаганняў быту, —
Самапавагі, песні той жадзён,
Разглядваеш бяздарны лямец дзён:
Ах моташна ад затхлай поўсці...

Душа за кабалу адпомсціць!

1984



СЯБРЫНЕ

Не знадзейвайся. Перажыві.
Хоць якая, ды ёсць патоля:
Намарозіць радня па крыві —
Адагрэе радня па долі.

Скруха — зашмаргай... Перарві.
Ёсць лагода на боль, на скруху:
Адрачэцца радня па крыві —
Паратуе радня па духу.

Праўду гэту — як ёсць — прыві
Да сцяжыны далейшага руху.
Будзь здарова, радня па крыві.
Будзь бяссмертна, радня па духу!

1985



СТУДЗЕНЬСКІ ЛІСТ

Такая намаразь на шыбах,
Што праз яе амаль не дападае
Святло суседзяў з дому насупроць.

(Прашу цябе, самота:
Хоць на міг
Ад роднага мне чалавека
Адступі!)

На вуліцы вядзьмарыць завіруха:
След кожны ўвачавідкі зарастае
Ссівелым мохам — зеллем прамінання.

(Прашу цябе, трывога:
Хоць на міг
Ад роднага мне чалавека
Адступі!)

Над Белым возерам, над светам белым
Драпежна сцюжа кружыць. Толькі рэкі
Людской бяды ніяк не вымярзаюць...

(О слова — шпак вясновы!
Хоць на міг
Сагрэй сягоння
Роднага мне чалавека...)

1985



НА АДВІТАННЕ 3 БАШКІРЫЯЙ

Скажу яшчэ раз «дзякуй» краю гэтаму
За радасць лучнасці з харошымі людзьмі,
За песню цёплую курая[2], мне напетую
У самых весніцах пяклівае зімы.

Шмат што адпрэчу, шмат забуду я, ды знаю:
Ужо мне помніць, каб жыла хоць сто гадоў,
Як чуйная душа трысціны той — таго курая —
Трысцінку мыслячую прагла ўкрыць ад халадоў.

Вялізная Зямля мая, мая маленькая!..
Пад кронай сонца —
пад трывог адвечнай кронай!
Усюды марыш ты і верыш так жалейкава,
Усюды дзецям тваім трэба ласка, абарона...

1986



* * *

А ты жыві, каханы мой, жыві.
Хай журавель нарэшце дасца ў рукі.
Я забяру ў магілу тыя мукі,
Што выпалі нам на кастры любві.
Ад золі сэрцайка сваё адхукай:
Жыві, каханы мой, жыві!

На свеце гэтым шмат харашыні.
Хоць людзі ў свеце гэтым — тое голле,
Па-над якім вятрам бяды скуголіць
Усцяж, і ноч у ноч, і дзень пры дні.
Ці чалавек задуманы для болю?
Як ён жадзён харашыні!..

Не пасягнуць мне розумам маім
Тваіх намераў велічных, Прырода.
Жыццё дала — не папытала згоды.
Усе цацанкі-абяцанкі — дым.
Жыццё бярэш, — і мне зусім не шкода
Аднойчы развітацца з ім.

Бо што мяне прызеляніла тут?
Якая ўжо мяне чакае радасць,
Як дружны род мой расхітала здрада,
Як дзецьмі не ацеплены мой кут,
Як песенны мой дар не мае ўлады
I над драбнейшаю са смут?..

А ты жыві, каханы мой, жыві.
Хай сэрцу будзе да каго хіліцца.
Хай жураўлём абернецца сініца.
Сваю шчаслівай долю назаві.
Хай светла збудзецца, што светла сніцца, —
Жыві, каханы мой, жыві!

1985



ТАК ЗВАНАМУ РЭАЛІСТУ

Бядуеш: не цямлю як след,
Што свет скрозь ілжывы, злачынны.
Сама яго трохі звучыла.
Не трэба мне лекцый пра свет.

Ён часам папраўдзе турма,
Дзе людзі бязлітасна злыя,
Дзе сэрцы такія малыя,
Нібыта й зусім іх няма.
Дзе кожны адно аб сабе
Пыхліва, хапужліва дбае,
З убогай уявай аб раі,
Усё ў сваю норку грабе.

Жалёта казаць!.. Ды хіба
Яно не таму і балюча,
Што ў кожнай душы немінуча
Сядзяць — Чалавек і гурба?
Што гэта ж ад кожнага з нас,
Ад сэрца й сумлення залежыць,
Дабру нашы сцежкі належаць,
Ці зло мае сыты папас...

1985



МАНАЛОГ КАМІЛЫ МАРЦІНКЕВІЧ

Дзіва што! Канешне, я вар'ятка!
Ну, бо як жа — панна, а нашу
Простую сялянскую апратку
I павагі да яе прашу!
Ах, якая сарамота, ах, —
Гэта ж проста жах!

А яшчэ — ў касцёле, звонка, зычна
Пасярод малельнай цішыні
Заспявала гімн патрыятычны:
«Роўнасць людзям, божа наш, вярні!»
Ах, якое святатацтва, ах, —
Гэта ж проста жах!

А яшчэ — пры лютым пры тэроры
Тут, дзе праўда аплыла крывёй,
Не хачу сваё затойваць гора —
Па братах забітых смутак мой!
Ах, якая непрыстойнасць, ах, —
Гэта ж проста жах!

А яшчэ — гатова без вагання
I сама ў шарэнгі тыя стаць,
Хто за незалежнае дыханне
На цара пасмеў сякеру ўзняць!
Ах, ну што ж, як розуму няма —
Ёсць і багадзельня, і турма!..

Хай! Скажу адно шчэ на астатку:
Я не ўгну, панове, галавы!
Зразумее люд сваю вар'ятку:
Покуль пратэстуе — ён жывы!

1957



* * *

Якіх адно вякоў-стагоддзяў не было ў нас:
Каменны,
І жалезны,
І бронзавы,
І залаты!
Ажно да атамнага дажыліся...
А веку Людскага
Так і не выгаравалі
Ні разу.
Няўжо
Не выкаласяць людзі часу,
Калі набудзе вартасць велічную
Адзіна вартае тут велічы –
Самыя Людзі?..



МАНАЛОГ КАХАНАЙ КАСТУСЯ КАЛІНОЎСКАГА

«...галубка... чарнабровая мая... мая галубка...
галубка... чарнабровая мая... мая галубка...»
О божухна неміласэрны!..
Костусь!..
Не па свайму мяне абраў ты росту.
Не па свайму. Ты дужы. Я слабая.
Ты смерць прыняў за ўвесь гаротны люд.
А я адно табой была жывая.
А мне адзіна ты быў сонцам тут.

Цябе няма —
і сонца мне пагасла.
І не сарваць бязлітаснай пятлі
Цяперка з долі і маёй уласнай,
Як з долі нашай роднае зямлі.

Шторанку б'юць па сэрцы барабаны:
Я зноў на плошчы думкамі ў гурбе,
Дзе ў кожным новым вязні дацкаваным
Кат зноў і зноў, зноў вешае — цябе!

Кастусь, Кастусь! Саколе мой адзіны...
Паглянь з-пад зорак на Варшаўскі шлях,
Як тысячамі гоняць пабрацімаў
На катаржную згубу ў кайданах.

Ты з імі, ў іх. Для іх ты быў — як з крыцы.
Са мною ж ты...
«Марыська, заспявай
Любімую маю, што пра ўдавіцу...»
Цяпер яе галосіць цэлы край!..

«Прывыкайце, чорны вочы,
Адны начаваці:
Няма майго міленькага,
Не з кім размаўляці.
Няма майго міленькага,
Няма гаспадара,
Каму бы я пасцелечку
Пухаву паслала...»

Я знала: шчасце наша немагчыма,
Пакуль лютуе самаўладства гнусь.
Тваёй любоўю, верай і айчынай
Адна была жанчына — Беларусь.

Кастусь, Кастусь! Няўжо не збыцца мроі,
Няўжо дарма жывіла люд яна:
Каб не ўнямелай наймічкай —
сястрою
Суседкам стала наша старана?!

Каб разам з імі знебыла галечу,
Нароўні годна свой вяршыла лёс,
Каб ані цар, ні пан не смеў калечыць
Душы яе, аслеплае ад слёз.

Так прадзірацца праз такія церні,
Ускласці столькі жыццяў на алтар
Свабоды —
і няўжо з такога зерня
Не ўскаласуе годнай волі дар?!

Гараць, гараць двары, сялібы, вёскі,
Паўсюль балюе царскі глум і здзек,
Сціскае грудзі пах крыві і воску,
I ўжо няўцям, дзе звер, дзе чалавек...

«Навярніся, мой міленькі,
Да з таварышамі,
Калатніце міраедаў,
Каб яны не ўсталі!..»

Не вернешся. I я ўжо не крануся
Твайго крутога, мужнага чала.
I ласкаю тваёй не загаруся.
Адшчыравала радасці пчала.

Не разамкну няшчаднай скрухі кола.
Не адбаліць табой душа мая.
Не адгучыць ва мне твой сумны голас:
«Галубка, чарнабровая мая...»

Ён мой навекі — скарб пяшчоты гэтай,
Што мне ў суцеху ў смерці вырваў ты.
Хай над тваім апошнім запаветам
Закаркалі ўжо груганы лухты, —

Яшчэ не ўсе так подла, нізка ўпалі,
Каб слаць цару халуйства адрасы;

Яшчэ не ўсіх так моцна закавалі,
Каб зноў не ўзняць сякеры ці касы;

Яшчэ твой воблік родны Беларусі.
Кастусь, мой Костусь, любы мой Кастусе...

1987



З РАНКУ I ДА ВЕЧАРА

У юнацтве жывеш,
Не дужа думаючы
Пра вынікі ўласных учынкаў.

У сталасці,
Жорстка зранены ў вечных сутычках
Уявы і явы,
З павагаю часам глядзіш
На свой вопыт жыццёвы.

Але ён немінучы, прыход той хвіліны,
Калі да бязлітасці ясна сам бачыш:
Жывеш па старых шпаргалках.

1987



ВЯСНА ВОСЕМДЗЕСЯТ СЁМАГА

I зноў жывільны лівень мые
Ад хлуду мёртвага зямлю.
На думцы зноў сябе лаўлю:
Сплываюць дні мае нямыя.

Зямля не ходзіць у пазыку
Па сілу нанава радзіць.
Душы злачынна немай быць,
Як свет турбот такі вялікі.

Як дапякае палынова
Яшчэ і гэтая журба:
Жнем тое, што дала сяўба, —
Вось і ўмірае наша мова...

Калісь «халопскаю» панамі
Была ўсмак збэшчана яна.
Ды ўсё ж да смерці даўніна
Яе не ссекла бізунамі.

Уваскрасала жаўрукова
I на Палессі, і ў Ляўках,
На вуснах голі-мужыка
I ў Саўнаркоме Чарвякова.

Мы вольныя. Мы без прымусу
Савецкі лад жыцця пяём.
Між роўных роўныя жывём
З былінным імем — беларусы.

Чаго ж тады камяк у горле
Пры згадцы даўняга радка,
Радка Мацея Бурачка:
«Шануйце мову, каб не ўмёрлі»?..

1987



АДКАЗНАСЦЬ ШКОЛЬНАГА НАСТАЎНІКА

За адзнакі
(Асобна – за веды),
За наяўнасць на ўроках, вядома,
За паводзіны ў школе і ўдома,
З кім у дружбе і з кім пасварыўся,
Ці здароў, як абуты-адзеты,
Ці, як кажуць, напіты-наеты,
Дзе да зглухлай апоўначы лазіць...

О, настаўнік, не плач! Ганарыся,
Што аж так ты за вучня ў адказе:
Ты – дзяржава!
Бацькі не бядуюць:
Ім дзяржава дзяцей нагадуе.



НАБАЛЕЛАЕ

Дзіва з дзіў для чалавека: ён часовы,
Бюракрат жа несмяротны на пасту!
Колькі звону пра размах перабудовы,
Колькі лоску на чарговую лухту!

Покуль пуста ў кашальках у нас і ў крамах,
Покуль чэргі ёсць, і хабары, і блат,
Хто дудзіць «вярхам», што выканаў Праграму,
Той сумленнаму працаўніку — не брат!

Трэба помніць гэта, людзі, трэба помніць,
Каб, узняты плёнам нашых мазалёў,
Не пасмеў чыноўны хам сабе выкоўваць
Панцыр з медалёў!

Край і так ужо даведзены да краю
Пад маўчанне наша, бы ні да казны
Нам, ні нават да таго, за што ўміраюць
На чужой чужыне родныя сыны...

Мы не падкія да плётак і сенсацый.
Працінае ж душы сталіншчыны жах,
Каб вучыліся за годнасць мы змагацца,
Каб у рабстве не трымаў нас болей страх.

Не народ слуга ў чыноўніка, чыноўнік
Служка люду паспалітага свайго!
Мы забыліся пра гэта і віноўны
За трагічны свет усе да аднаго.

Трэба ўцяміць гэта, людзі, трэба ўцяміць,
Што апошні шанец маем сёння мы,
Каб устаць за праўду й стаць гаспадарамі
На зямлі без ашукальніцкай чумы.

1988



СУЗЯМЕЛЬЦЫ

Мае добрыя людзі,
Суайчыннікі,
Сузямельцы...
Вы і цяпер, як некалі,
Не так Бога баіцеся,
Як начальніка!
Пазавугаллю толькі
Прынцыповасць сваю выяўляеце,
Бы хвігу ў кішэні.
Цела недасканалае ваша ў руках
Невукаў дыпламаваных,
Крыўда ж духу народнага вашага,
Як лісцікам фігавым, хлусліва прыкрыта
Плакатнаю дружбай народаў.
Бедныя людзі мае, вы і цяпер,
Як за памяццю прадзедаў,
Пастаяць за сябе рызыкуеце толькі тады,
Калі вас давядуць да краю.
Што, калі нават гэтыя
Зернейкі годнасці спадчыннай
Па-рабску маўкліва
Паможаце вытруціць
I ў вашых дзецях?
Бедныя людзі мае,
Суайчыннікі,
Сузямельцы...

1988



МАЛІТВА АПАНАСА ФІЛІПОВІЧА

Маці Божая,
Царыца Нябесная,
Багародзіца Дзева Прасвятая Купяціцкая,
Адзіна Чыстая і Блаславёная,
Над юдоллю зямной Схілёная,
Узры мя,
Сляпога сярод сляпых,
Пачуй мя,
Глухога сярод глухіх,
Святлом невячэрнім
Вочы мае прасвятлі,
Гласам вяшчунным
Вушы мае адамкні!..
О Ўладарыня Усемагутная,
Нявеста ненявесная!
І думкаю, і душою пакутнаю
Да Цябе прыпадаю,
Малю-благаю,
Не за сябе, нэндзнага, грэшнага —
За Твой люд няўцешны:
Загаі, Чыстая,
Душы занямогу!
Не маем іншыя дапамогі,
Не маем іншыя спадзевы,
Апрача Цябе,
Прачыстая Дзева,
Убогіх заступніца,
Маркотных суцешніца,
Грэшных паратоўніца,
Хрысціян усіх атуліцелька і збавіцелька!
Не ўтаю ад Цябе стогну свайго,
Слёз крывавых:
Нясцерпна бачыць,
Якую над людам
Апастаты чыняць расправу,
Як гібее ўвесь край нядольны:
Калі раб у веры,
Дык у чым жа вольны?!.
Пяць дзесяткаў гадоў ад унеі праклятай,
А нямаш супакою,
А ўсё люцее нянавісць
Брата да брата.
Ды і як ён, той супакой магчымы,
Калі гэтыя лжэлюбцы-папежнікі,
Бесаносцы з ваўчыным нутром пад аўчынай,
Яхідны падступныя, крывасловы,
Пасягнуўшы на веру прадзедную,
Пасягнулі на сам на жывот наш,
На звычаі, на быт наш і мову?!
Толькі лепей памерці з Богавай ласкаю,
Чымся мусім
Даць адступнікам веру нашу
З грудзей нашых выдзерці і змірыцца,
Што няма Русі ў Русі!
Бо не за еднасць паміж языцамі
Рупяцца душахваты,
А жэ на золаце піць і есці,
Седзячы і на зямлі нашай
У сваіх залатых палатах!
Бо не дзеля ўзвялічвання духу
У Бозе адзіным
Усіх дазвання
Святая царкоўная мова наша ў пагардзе,
А тутэйшая руськая —
У асмяянні!
Школы брацкія драпежна зводзяцца,
Езуіцкія ж, бы саранча, плодзяцца,
Жэ лягчэй было канонікам лысым ды прэлатам
Дажэрці нянавідных ім «схізматаў».
I дажыраюць, дадушваюць нас
Уруганнем, забойствамі, кайданамі
Лёкаі сатаны — лаціняне!..
Ці не ён се,
Багалюб Златавусны,
Голасам маці-царквы нашаіс плакаў:
«Гора мне, беднай,
Гора няшчаснай,
Рукі ў ковах,
Ярмо на шыі,
Путы на нагах,
Ланцуг на бёдрах,
Меч над галавой абаюдавостры,
Глыб-вада пад нагамі,
Па баках агонь неўгасальны,
Зусюль страх,
Зусюль праследаванні...»
I нямаш міру нам,
Ні душэўнага, ні цялеснага,
Нямаш збавення,
Толко гнеў і лжа,
Только руіны-нырышчы і паглумленне...
Светлазарная Багародзіца Дзева,
Крыніца вечнай патолі,
Выбаў з лютага болю:
Чужакі чужакамі,
Але і айчынныя пастухі ўжо
Для авец сваіх сталі ваўкамі!
Не абаронцы ўжо -
Хульнікі,
Не бяссрэбранікі —
Нясытыя срэбралюбы,
З багацеем, а не з Лазарам жыці хочучы,
I ўвесь статак піхаюць да прорвы, да згубы!
Васіліскі нячыстай унеі
Не зжахнуліся славы здрайцаў цярлецкіх, пацеяў —
Будзі род іх пракляты! —
Жахаюцца славы «схізматаў»...
Бо аслеплены прагай славы й нажывы,
Негторппхіігае ілжывыя!
Царыца Нябесная,
Агідзітрыя Дабрачынная,
Навучы, навучы мя,
I ўмацуй, умацуй мя
У трыванш, ў люоові,
Днесь, і прысна, і на векі вякоў Міласэрдая!..
Я не ведаю,
Што мне тут наканована,
Але ведаю,
У Каго і ў Што веру я.
Да Цябе гарнуся,
Табою хвалюся,
Бо есмь раб Твой,
Да не ўстыдаюся!
А што з братчыкамі,
З «налівайкамі» аз у хаўрусе —
Ні пад агнём, ні пад кулямі
Не раскаюся!
Амін.

1988



МАНАЛОГ КАЗІМІРА ЛЫШЧЫНСКАГА

Я прысак. Тлен. Унежывелы попел.
Хто ў ім пазнае брэсцкага падсудка?
Я толькі цёмны попел. Тлену грудка.

Няма нічога, кром жыцця і смерці.
Я мёртвы ўжо. Не бойцеся мяне.
Мне ўжо ўсё роўна, міг ці веіс міне.

Больш не баляць мне спечаныя вусны.
Не вырвецца нечалавечы крык
Так, як тады, як кат мне рваў язык.

Больш не пякуць абвугленыя рукі
Так, як тады, як пажыраў агонь
У іх высновы роздуму майго.

Лаёлы служкі, вы пасатанелі:
Зраўняны ўжо і Лышчыцы з зямлёй —
А вас жахае нават попел мой!

Глядзіць у бок Тартарыі гармата:
I прысак мой адстрэліце туды.
Мне ўсё адно. Ні мукі. Ні жуды.

Багі ў Тартар нізрыньвалі тытанаў.
Выходзіць, не зусім нікчэмства я,
Калі туды дарога і мая?

О хлусы, крывадушнікі «святыя»,
Не верыце ж ні ў рай, ні ў пекла вы —
Ды выгадна ў ярме трымаць жывых!

Што, Сімяоне з Полацка, ты скажаш,
Як дападзе й да царавых палат
І ад майго кастра нясцерпны чад?
Паўторыш зноў, што ганьба, «егда можем,
Але не хошем знатн»? Сцвердзіш зноў
Навуку — як аснову ўсіх асноў?..

Што я адстайваў? Права быць сабою.
Свабодна мысліць. Ісціну шукаць.
Пра ўсё свабодна ўголас меркаваць.

Што я набыў? Расправу па даносу:
Сэрвета, Бруна ды Ваніні лёс.
У нас не ісціна ў цане, — данос!

Няма ў прыродзе слепага выпадку.
Заканамерна глумства на зямлі,
Як плодзяць глумства нават каралі.

Хіба даўно Ян Казімір Нячая
За здраду мог у золаце купаць,
Каб толькі Белай Руссю ўспанаваць?

Але ж кароль — зямны намеснік Бога!
Хіба Гасподзь сцярпець бы гэта змог,
Калі б ён існаваў на свеце — Бог?!

Ды ён тут ні за што ўжо не карае.
Бо мерай усяго ёсць чалавек:
Сам вершыць суд, сам творыць цуд і здзек.

Хіба даўно вялікі гетман Кішка
«Всех белорусцев с сущими младенцы»
Намерываўся «высечь» — да каленца?!

Маўляў, не ўзносся, отчыч, над васалам,
Не выяўляй, халопе, нораў свой, —
За волю, веды плацяць галавой!..

Папраўдзе, Сімяоне, «ложь господствует,
Попрася благость, злоба торжествует».
А мы жывем, адно пакуль зямнугм.

Чым меней праўды, тым гусцейшы морак.
Уладам гэта толькі на руку —
Трымаць люд паспаліты ў каўпаку.

Усё жывы закон Старога Рыма:
Што не здавольвае валадара —
Бясследна знішчыць, нематой скараць!

Праследуеце нават попел, попел
Таго, хто не адрокся й на судзе,
Што — ад матэрыі жыццё ідзе.

I што Зямля — не боскі цэнтр Сусвету,
Што так, як Сонца, Месяц, і яна
З прычын рэальных існуе здаўна.

Няма нічога, кром жыцця і смерці.
Мне ўжо ўсё роўна, міг ці век міне.
Шлях праўды не закончыцца на мне.

Я тлен. Заўчасны попел. Багасловы!
О, вам і попел гэты — што чума,
Бо цвердзіць:
Бога — вашага — няма!

1987



* * *

Не можа быць, каб ты не адазваўся,
Не можа быць, каб помніць перастаў,
Калі ў жыццё маё так уварваўся, —
Не памяццю — маёй крывёю стаў.

Ці б нашы адзіноты нас звялі,
Каб мы несумяшчальныя былі?

О, свет не аднаго так загубіў!..

Не можа быць, каб ты мяне забыў.

1985



ПРЫЗВАННЕ

Як цяжка гардыню зміраць у сабе,
Як важна адолець ў такой барацьбе –
Ахвярна служыць найшчырэйшаму другу,
А не прагнуць ягонай ахвярнай паслугі,
І бачыць у гэтым не ахвяраванне,
А прызванне!..



ШТО ПАКІНЕМ

Не спяшаешся адгукацца.
Замаўкаю сама.
А ў духмяных сумётах акацый
Дацвітае мая зіма.

Як усё, праміне і гэта.
Адгарэняць плады.
О, няўжо мы пакінем свету
Толькі раннія халады?

Сэрца — быццам пчала на гронцы:
Медазбор, медазбор...
Як мы ўсё-ткі аблашчаны сонцам
Пры ўзыходжанні на касцёр!..

1984



ВЯРТАННЕ ЖУРАВОЎ

Вы жывыя! Вярнуліся! Нейк амаглі
Пашчу стронцыя, продань дарогі!..
Журавелькі-жураўкі мае, жураўлі,
Сцяг вясны над палескай разлогай!

У Чырвоную кнігу занесены вы,
Бо, як людзям, не заўжды спрыяе
Вам паветра айчыны, наш кут векавы,
Дзе зламыснасць любові наўчае.

Леціцё! — і вяснеюць бары і палі,
Леціцё! — крышаць лёд рэчкі і рэкі.
Хай жа вашая любасць да роднай зямлі
Не спаткае знішчальнай апекі!

1987



НЕ НАХЛУСІ

Змалку мне доля казала мая:
Трэба вучыцца без радасці жыць.
Горам карала, каб верыла я,
Быццам няма мне тут чым даражыць.

А ты не спалохаўся гэтае мовы,
Птах мой вясновы.

Ты прыляцеў —
і наледзь тугі
Змыла, нібыта яе й не было!
Змораны дзень, беспрасветна даўгі,
Ружавым цветам уміг завіло!

Ружа ніводнай калючкай не коле...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Не нахлусі гэтай радасцю, доля.

1985



* * *

...А што радок, ён выжыве — ці не.
А ты жывы. Табе са мною светла.
I я ўжо знаю, як сюды імкне
Душа тваёй сцяжыны — з будніх нетраў.

I тут ён, будзень, толькі — на дваіх.
Таму і ўмее ён рабіцца святам.
I я ўжо знаю, што з хвілін маіх
Той рэдкі міг мой — самы найкрылаты.

О, не радкі, а ты мне — канавое,
Калі й радок вось зноў жывы табою...

1985



* * *

Шарэе па-асенняму ваколле,
Ніжэе пацяжэлы небны дах.
I хай сабе! Я ўжо цябе нікому,
Нікому і нічому
не аддам.

Пазалягалі туманы ў лагчыне.
Хай зменлівасці ў часе не ўпыню —
Я не аддам цябе другой жанчыне,
Пакуль сама — з даверу і агню.

На самы жорсткі, незагойны верад
Ёсць недзе, ёсць зялінка на, загой!
Я не аддам цябе імгле зняверы,
Самоце шляху колкага твайго.

I хай зімою лёд — не выпадковасць, —
Не вымерзне цалюшчая вада.
Ты толькі сам мяне ўжо анікому,
Ніколі больш
нікому
не аддай.

1985



АДПОМСТА

Жыву на Беларусі.
Беларуска.
Кахаю беларуса. —
Вось ён, мой
Найдасканалы свет:
Адзіна тут,
У Любасці дзяржаве,
I ўтульна мне,
I вольна мне,
I песенна.
Бо толькі тут
Я дыхаю паветрам праўды,
I справяддівасці,
I мовы прадзедаў маіх.

Так мала нас,
Шчаслівых узаемнасцю,
На заняхаянай адступнікамі,
На абабранай,
Абражанай зямлі радзіннай.

Ты й тут, Адпомста!

1987



ПЕСНЯ Ў ЦЯРНОЎНІКУ

Алесю Разанаву

Читать дальше

Похожие книги на «Шчаслівай долю назаві...»

Представляем Вашему вниманию похожие книги на «Шчаслівай долю назаві...» списком для выбора. Мы отобрали схожую по названию и смыслу литературу в надежде предоставить читателям больше вариантов отыскать новые, интересные, ещё не прочитанные произведения.


Отзывы о книге «Шчаслівай долю назаві...»

Обсуждение, отзывы о книге «Шчаслівай долю назаві...» и просто собственные мнения читателей. Оставьте ваши комментарии, напишите, что Вы думаете о произведении, его смысле или главных героях. Укажите что конкретно понравилось, а что нет, и почему Вы так считаете.