...Так ён знайшоў прытулак свой, аднак
Так і не ўцяміў, што за тайны знак
Яму пасланы гарбуновым богам,
I сіліўся, прыпамінаў дарогу...
Ён ехаў больш за суткі як-ніяк,
А помніў толькі шэпты, толькі стукі —
I ўсё... I адчуваў сябе ён так,
Як сам сябе спаткаў пасля разлукі.
Яго Таццянін бацька ўладкаваў
На млын рабочым... Ён мяшкі цягаў,
Ад поту і мукі сівы, салоны
Дамоў прыходзіў, мыўся... Памагаў
У хатніх справах... У жыцці ягоным
Хоць нейкі сэнс нарэшце праступаў.
Цяпер яго бянтэжыла Таццяна...
У схованцы душы, спачатку цьмяна,
А з кожным днём усё ярчэй, ярчэй
Цяпельца разгаралася;
вачэй
Не мог падняць, калі яна стаяла
Насупраць...
Без яе было лягчэй,
Бо, як раней, з ёй побач прыціскала
Гарой гарба, праклятаю навалай,
Не скінутай з натруджаных плячэй.
Яго таміла гэта пачуццё.
Пракручвалася ў памяці жыццё:
У ім такога не было і блізка...
Здаралася: дзяўчат лавіў і ціскаў,
Яны крычалі; Ванду абдымаў,
Але такога не было і з Вандай...
Ён браў люстэрка, зачыняўся ў ваннай
I горб з плячэй, як мех з мукой, скідаў.
З люстэрка, з-пад прытомленых павек
Глядзеў
Звычайны
Голы
Чалавек,
Не лепшы за астатніх і не горшы,
Усмешкай ганарлівай губы моршчыў...
Жабрак.
I ён падумаў: трэба грошай
Паболей зарабіць...
Ён наледзь сек,
Капаў зямлю, цэмент грузіў і вугаль,
Дамоў прыходзіў —
і валіўся ў вугал,
I засынаў, здавалася, навек.
Аднак з тых грошай толку не было:
Іх трэба зарабляць умець і траціць,
Тым больш што браць іх не хацелі ў хаце...
I зноўку ў ім заторгалася зло:
Выходзіла, што ён дарма лапаціў!
Упрогшыся ў работу, быццам вол,
Высільваўся дарэмна!.. Навакол
Ён вымяраўся не па звыклых мерках,
Са скідкаю...
I ён каньяк на стол
Паставіў неяк. I зрабіў праверку.
...Не, не, ён не прасіў яе рукі,
На гэта проста смеласці б не стала.
I ўсё-ткі нешта над сталом вітала
Такое, што сумеліся бацькі
I Таня палахліва паглядала.
Ён зразумеў: пакуль што не пара...
I гэтая пара наўрад ці прыйдзе...
Дапіў каньяк, настоены на крыўдзе,
Сказаў сабе: "Як выйдзе — так і выйдзе",-
А ім сказаў:
— Мяне на млынара
Перавялі... Дык я хацеў адзначыць...
I раптам Таня ўголас як заплача,
Як стане ў грудзі кулачкамі біць!
А бацька ўзяў кілішак:
— Што ж, за ўдачу.
Не плач, Таццяна... Нам і так баліць.
...Ён першы раз спіртное піў, таму
Ніяк не засыналася яму,
Сушыла... Ён на кухню ўстаў папіць,
I толькі ўзяўся дзверы адчыніць —
Застыў, напрогся:
змейкай з-пад дзвярэй
Канец размовы выпаўз:
— Не дурэй.
Харошы хлопец гэты твой Андрэй.
— Харошы, мама... Каб не быў гарбаты,
Каб горб ягоны ўзяць ды спілаваць...
Ён нават барахло не стаў збіраць.
У чым стаяў — у тым і рушыў з хаты.
Куды ісці — не ведаў. Па начных
Блукаў завулках, у дварах пустых
Напружваў слых, як звер, што ўсіх баіцца..
Нічога не хацеў — адно: напіцца
Вады...
Ілбом
Упёрся ў белы дом,
Дзе тлелі вокны нежывым святлом,
I прачытаў на шыльдачцы:
Б а л ь н і ца.
Пастукаў... Аніхто яго не ўчуў.
Ён сеў тады на ганак — і заснуў.
Прысніўся млын, Прыснілася рака.
Млынар-асілак у апратцы чорнай
З рукой жалезнай...
Сыпала рука
З мяхоў ке зерне, а людзей у жорны.
Ва ўсіх людзей
Гарбы былі...
Клубы
Агню і дыму з жорнаў выбухалі,
А з латака
каціліся
гарбы
I злоснымі сабакамі брахалі.
Пазбыўшыся іх, людзі напралом —
Праз лазнякі — кідаліся наўцёкі,
А брэх сабачы даганяў іх, цёкаў,
Каб зноў на плечы ўскочыць, стаць гарбом.
З усімі разам і Андрэй пабег.
Але дагнаў яго сабачы брэх,
На спіну ўскочыў...
— Чуеш ты ці не?
Чаго ты тут?.. —
Андрэй расплюшчыў вочы.
— Галіна Львоўна, ён сядзіць тут з ночы.
— Я ведаю. Таварыш да мяне.
На ганку тупацеў руды мужык,
А з ім — нібы знаёмая? — жанчына.
— Вы да мяне? Вас зваць Андрэй Крушына?
Андрэй кіўнуў. Ён да ўсяго прывык.
— Хадзем...—
I ён падняўся і пайшоў.
...Пасля, калі з яго здымалі шво,
I валасамі — мяккімі, як воўна —
Кранулася яго Галіна Львоўна,
Па дотыку прыпомніў ён: вагон!
Там — несвядома — спавядаўся ён
Жанчыне нейкай... Ёй!.. Перахапіла
На міг дыханне... Вунь як закруціла
Ягоны лёс!.. I ён праз слёзы, праз
Разломны боль сказаў:
— Я ўспомніў вас.
— Каго? — перапытаўся санітар.
— Мяне,— Галіна Львоўна адказала
І нахіліла над Андрэем твар:
— Ты вынес невыноснае, млынар.
Ты малайчына...
— Дык пашкадавала
Мяне Таццяна? — ціха ён спытаў.
— Яна ўсё чула?
— Правадніца?.. Пэўна.
Прыкметная дзяўчына. Каралеўна.
Але цяпер і ты не горшы стаў.
Адпачывай. Праз суткі — трэба ўстаць.
Читать дальше