каб меў я мабільнік, зараз было б на ім безь сямі тры
ноч – і мы сьнім адно аднаго, але без сымэтрыі
ты сьніш, быццам я на верш для цябе не шкадую паперы
я сьню, быццам ты мне звоніш, і я званю – табе ў дзьверы
ты сьніш, бы вязеш з бацькамі знаёміць, а я – што іх дома няма
і ты са мной застаесься зусім нечакана сама
ты сьніш, нібы я сарамлівы, а я – што нахабны і дужы
ты – быццам кахаю ў душЫ, а я – што кахаю ў дУшы
ты сьніш, нібы кажаш: каго яшчэ ў свае запішу я абраньніцы
а я – што лаві імгненьне і хопіць згадваць аб раніцы
ты сьніш, бы звоніць мабільнік і мы спыняемся ў выніку
а я – што за кайф, калі табе не ламаюць кайф па мабільніку
я сьню, нібы вучыш мяне такім рэчам, якім не вучылі ў школе
ты сьніш, нібы я нарэшце кажу, чаго не казаў ніколі
я сьню, што мы разам з табой парушаем да раніцы цішыню
у сьне, дзе ты проста ню, а я цябе проста сьню
ДЗЕСЯЦЬ СПОСАБАЎ БЫЦЬ ВЫЦЯГНУТЫМ З ЛОЖКА ДЗЯЎЧЫНЫ
Ты ўжо разьдзеў і цябе ўжо разьдзелі.
Хто ж цябе выцягне зь цёплай пасьцелі?
Шмат перашкод у інтымным жыцьці.
Спынімся на дзесяці.
Першы спосаб банальны. Сусед прыходзіць пазычыць крэслы
для застольля, а заадно й запрасіць на бяседу.
І нецярплівы чытач, што чакае тут рыфмы “чрэслы”,
будзе расчараваны – яна адчыніць суседу.
Другі. Разам з ложкам вы расхісталі й кніжную шафу, і – бля-
кбастэр зь бібліятэкай адразу даходзіць да кульмінацыі, бо зьверху на вас сыпецца поўны збор з творамі Васіля
Быкава. Першыя восем тамоў. Магло быць і чатырнаццаць!
Трэці. Ты заўважаеш, што вас у пакоі ня двое:
хтосьці варожа шыпіць за стосікам “Нашае Нівы”.
“Гэта мой коцік, – тлумачыць яна, – бо я люблю ўсё жывое”.
І, выціраючы кроў табе з твару: “Ну так, ён вельмі раўнівы”.
Чацьверты. Усё было клас. Яна грызла падушку зубамі.
Толькі ў самы разгар інтымнасьцяў вашых:
“Стой! Там жа па тэліку інаўгурацыя прэзыдэнта Абамы!
Пойдзем глядзець! Што значыць “лепш ідзі да мяне”? Ты што, фашык?!”
Пяты. Звоніць мабільнік. “Танечка, прывітаньне!
Так, толькі вельмі хуценька. Я размаўляць ня ў стане”.
І размаўляе гадзіну, радасная, як слон.
З гора вылазіш з ложка і йдзеш глядзець біятлон.
Шосты. Толькі яна прашаптала: “ну ўсё, цяпер я цяжарная”, як вас, уварваўшыся ў дом, паліваюць са шлянгаў пажарныя.
Паўбудынку згарэла, і ты вінаваты, каўбой:
сьвечку запальвалі? Трэба гасіць за сабой!
У параўнаньні зь сёмым, папярэднія – дробязі,
бо яна, пасярод любошчаў, кажа: “З табой так добра!
З раніцы напішу пра гэта ў жывым часопісе...”
Ты ўцякаеш так хутка, быццам у ложку – кобра.
Восьмы. Суворыя людзі ўламіліся ў хату пад раніцу,
і забіраюць, але не цябе, а тваю абраньніцу.
Трэ было ў войска самой ісьці, як сяброўкі раілі.
Ледзь не забыўся: падзеі разгортваюцца ў Ізраілі.
Дзявяты. Раптам – сьвятло і хтось шасьцікрылы з трубою.
Ты думаў, што апакаліпсіс і сьвету настаў хэпі-энд.
“Дзяўчына! У нашай галяктыцы ўсе трызьняць толькі табою!
А ты брысь адсюль, распусьнік, ты лішні тут элемэнт!”
Дзясяты – і самы надзейны – спосаб такі:
у дзьверы звоняць яе бацькі.
Беларускі мужчына прыходзіць на сьвет
у камарыных укусах замест радзімак
і таму добра ведае: дзе больш балотаў, там больш радзімы.
Беларускі мужчына ўмее апынуцца ў такой багне,
што адтуль ні халеры ня выцягнеш, але беларускі мужчына цягне.
Беларускі мужчына выдатна ведае дзесяць бульбяных страваў
і сто дзесяць адмазак ня чысьціць бульбы,
бо мае шмат іншых справаў.
Беларускі мужчына жыве ў самым цэнтры Эўропы,
калі верыць мапе:
ў гэтым цэнтры стаіць канапа і беларускі мужчына
ляжыць на канапе.
Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.
Беларускі мужчына купляе машыну, прыгнаную з-за мяжы, і другую палову жыцьця шчасьліва жыве зь ёй у гаражы.
Беларускі мужчына – футбольны фанат. Калі раптам заб’юць мазілы, шматкватэрны дом патрасаюць пякельныя сілы.
Беларускі мужчына ня чуў пра паліткарэктнасьць ніколі
і таму жартуе так сьмешна, што лепей ня слухаць без алькаголю.
Кожны трэці п’е піва, другі кожны трэці – гарэлку, а трэці трэці
разумее: гарэлка бязь піва – грошы на вецер.
Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.
Беларускі мужчына падасьць жанчыне руку і набудзе кветак, і аднойчы паабяцае не раскідваць па доме шкарпэтак!
Беларускі мужчына аматар праводзіць выходныя дома.
Часам выйдзе на дзесяць хвілін і вяртаецца ўночы.
Дзе быў, невядома.
Засынае ў таксоўцы, што едзе дамоў,
прачынаецца ў незнаёмым трамваі…
І нікому ня ясна, за што яго жонка трывае,
выбачае футбол і канапу, гараж і буханьне?
Беларускі мужчына – чысты аб’ект каханьня.
Яго дзед перажыў калгас і мэліярацыю.
Яго бацька – крызіс сярэдняга веку і гіпэрінфляцыю.
Яго дом перажыў рамонт. Яго кот перажыў кастрацыю.
Ён гаворыць, што можа быць горай, – і мае рацыю.
Читать дальше