Не ляці туды, дзе вечар
Рассцілае хмараў хусткі,
А ляці, дзе сонца свеціць
I звіваюць гнёзды птушкі.
Бо не хопіць ў цябе сілы,
Будзеш сніць свае разоры
I на паламаных крылах
Прыляціш зноў на азёры.
А калі заснуць прыйдзецца
Недзе на астрожных нарах, —
Прынясе з-за кратаў вецер
Песні вольныя на Нарач.
Прынясе, — там іх пазнаюць
Маці і старэнькі бацька…
Толькі хай іх не спявае,
Зажурыўшыся, батрачка.
Бо складаў я свае песні
У мурах астрожных, цесных,
Каб яны і ў час пануры
Над зямлёй грымелі бурай.
Грышка
Цяжка, брат, ісці,
Ўжо выбіліся з сілы.
Дарога — лес, імшары і кусты.
А мы з табой і ранаў не абмылі.
Ну што ж, хоць да азёр
Ці дапляцешся ты?
Прахор
Вады дастаць бы,
А то у роце горка.
Грышка
Мо лепш табе плячо перавязаць?
Спачнем, хай толькі вечар
Крылом слонкі
Ўзмахне над лесам, зоры замігцяць.
Прахор
Я, можа, недайду…
Арыбакам скажы ты:
Няхай азёр панам не адцаюць,
Няхай памогуць і маім сіротам
I мой загон арцеллю узаруць.
Вечар цёплыя рассеяў зоры,
Звон камарыны чуецца ўначы.
За паплавамі з жабамі гавораць,
Варожачы пагоду, туркачы.
Дрэмле папараць з густой крушынай
Лясным, чароўным, непрабудным сном,
I ледзь шапочуць цяглыя асіны…
Грышка
Прахор
Гарыць агонь.
Спакойна дрэмле Нарач.
I ноч, як песня ціхая, без слоў,
На сонны бераг навявае чары,
Калыша хмары-думы рыбакоў.
Часамі з поля падкрадзецца вецер,
Рукамі згорне золата з агню
I, рассяваючы, нясе, здаецца,
Па небе зораў поўную сяўню.
Часамі хваля падпаўзе пужліва,
Як бы пра нешта хоча запытаць
Ці, можа, казку задрамаўшым нівам,
Арцелям сонным хоча расказаць.
I да затокі ў зарыве чырвоным
Ізноў бяжыць з пакатых берагоў.
Грызуць мурог папутаныя коні,
Дзе-недзе звон сарвецца з капытоў.
Першы рыбак
Далёка нашых ўжо хлопцаў загналі,
Дзе не шумяць ні хвалі, ні чарот…
Другі рыбак
Адных ўзялі, але прыбою хвалі
Ужо калышуць збуджаны народ.
Трэці рыбак
Прыехалі асаднікі, паны.
Азёры пахнуць ім не толькі рыбай,
Яны глыбей ўпушчаюць кіпцюры
У нашы нівы,
ў прадзедаў сялібы,
I ў нашы песні, і ў лясы-бары.
Чацвёрты рыбак
Не за ваду мы пачалі змагацца,
Але за тое, хто гаспадаром
З нас будзетут…
Заціснуць хутка і на горле пальцы,
Калі мы катам іх не адсячом.
Пяты рыбак
Цішэй!.. Чуваць, здаецца, нейкі голас здалі
Ці, можа, зашумелі каласы…
Зноў успаўзла на скат пясчаны хваля,
Змываючы людскія галасы.
Спакойна дрэмле Нарач на прыволлі,
А колькі зор у возеры гарыць!
Іх не злічыць, не вылавіць ніколі
I залацістым невадам зары.
Грышка
Глянь!
Там Нарач сінее, як неба кавалак,
Там гатаўскай пушчы цямнеюць хваіны!
Прахор
Хоць пад канец яшчэ ўбачу
Сваю азёрную краіну…
Дык гэта Нарач!..
Грышка
Здаецца, ціхі кут,
Ніякіх змен не адбылося тут.
Ды толькі дням
Не дагараць спакойна ў сонечным загары,
Як некалі…
Пара ісці ўжо нам.
Прахор
Не, брат,
Ісці я не магу.
Тут застануся і абмыю раны.
А ты ідзі дамоў.
Хай рыбакі памогуць
На бераг свой дабрацца на світанні.
Ідзі, табе яшчэ ісці далёка.
Грышка
Там нехта гаспадарыць ля чаўноў,
Пайду спытаю, можа, перакіне
Мяне праз возера дамоў
Ці скажа мне, як абмінуць гасцінец…
— Дзядзька, можа, ты перавязеш
Мяне на бераг гатаўскі,
А то ісці абходам
Далёка і праз лес.
Рыбак
Не, сынку!
Я тут ад усходу
Пераважу вартаўнікоў.
А сёння, як на безгалоўе,
Наехала паліцыі, паноў, —
Ператрасаюць глуш сасновую.
Работы шмат, а зарабіць на соль
Не зараблю, яй-богу!
Грышка
Гаворыш, што ля нарачанскіх сёл
Абстаўлены паліцыяй дарогі?
Рыбак
Эт, кажуць людзі!
Чуткі з поля, з лесу прыпаўзлі,
А тут азёры іх расплёскалі
Па жвіры, —
Нібыта нашы людзі
Ад паліцыі ўцяклі…
Ты, можа, чуў,
Аж з-пад сівога Свіру?
А ты адкуль сам будзеш, а?
Читать дальше