Дрозд спяваў на ўсе лады,
Кукавала штось зязюлька,
Мо лічыла ім гады.
Ды якія? хто згадае?
Варажыла, ды пра што?
Эх, вясна ты маладая!
Хто не ведаў цябе, хто?
Заглядала ціш лясная
На льняныя дзве касы…
Толькі ён да сонца знае
Гэтых спеваў галасы.
I знайсці ён хоча слова,
Многа слоў, і слоў жывых,
Каб тых гукаў сэнс і мова
Ясна выліліся ў іх.
Бліснуць у бяздонні вячэрнія зоры,
Зямлю чуць авее таемная ціша, —
Імя тваё ў сэрцы мне думка напіша,
Імя тваё скажуць мне тыя прасторы,
Дзе срэбраны серп пазірае са ўзвышша,
I вочы твае мне паказваюць зоры.
Калі ясным ранкам адвечнае сонца
Запаліць у росах мільёны вясёлак, —
Я чую твой голас у шолаху зёлак,
Я чую твой голас у спевах бясконцых
Травы прыбярэжнай, дзе мыецца золак,
I усмех твой ясны адсвечвае сонцам.
I поўдзень, і вёчар, і ззянне дзянніцы,
Прасторы надзем’я, ружовыя далі, —
У моманце кожным сустрэчанай хвалі
Пакінуў мне вобраз твой след бліскавіцы;
З табою я ў шчасці, з табою і ў жалі,
Ты ўсюды мне ззяеш блісканнем дзянніцы.
Ты — мая радасць, маё летуценне,
Ты — песня натхнення,
Ты — зорак блісканне,
Ты — голас світання,
Ты — краскавых струн дрыгаценне;
Ты — водгук сэрца, душы парыванне,
Ты — выплыванне
Вясёлкі агністай,
Ты — блеск прамяністы,
Ты — сонцавых косак блуканне…
Быў у замку дзед Даніла,
Родам дзесь з-пад Мазыра.
Ласка князя прыхіліла
Дзеда тут паміж двара.
Бацька князя маладога
На Палессе наязджаў;
Вепраў біў, ласёў біў многа
I мядзведзяў паляваў.
Але раз быў зроблен воступ,
Пушча-цемра ў зімні час
Чула рог і людскі поступ
За ўсё жыцце першы раз.
I пакрыўдзілася пушча:
Хто ступіць смеў у яе?
I знак грозны невідушча
Верным служкам падае.
Устае мядзведзь, вылазіць
I, угнуўшы галаву,
Садзіць просценька на князя —
Разарву, моў, разарву!
I, як бура, націскае.
Князь злажыўся і — бах-бах!
Звер на лапы прысядае,
Зубы выскаліў і — шах!
Хто быў блізка — прэч з дарогі!
Князю некуды ўцякаць,
«Аман», — думае нябога,
Стрэльбу некаму падаць.
А мядзведзь вось-вось аблапіць,
На два крокі ўжо падбег,
Падабраць ён князя квапіць,
Ды ў той момант — шусь у снег!
— Кінь ты, княжа, сваю жынку,
Каб не смела пудлаваць!
Вось дзе стрэльба! — Паядынку
Стаў Даніла выхваляць.
— Хай звязаў я лыкам рулю,
Але пудла не дала,
I глядзі, якую дулю
У чмыс зверу паднясла!
Князь Данілу абнімае.
— Ты жыццё мне дараваў!
Як аддзякаваць, не знае.
— Што табе даць? — запытаў.
Паляшук-ляснік абцёрся,
Выняў люльку з капшуком,
Крок назад ступіў, прыпёрся
Ён да хвоі плечуком.
— Памяняйма, князь, на люлькі, —
Кажа проста паляшук. —
А ў прыдачу да крывулькі
Я табе, князь, дам капшук.
Засмяяўся князь, вымае
Сваю люльку, аддае,
А Даніла разглядае,
Рады, цешыцца з яе.
З таго часу ўжо ніколі
Князь яго не забываў,
I пасаду, лес і поле,
Ён яму падараваў.
Прыязджае князь, бывала,
На Палессе паляваць, —
Па Данілу пасылалі
Князя ў лесе праваджаць.
I ніхто так, як Даніла,
Не знаў пушчы той, лясоў.
Гадавала і ўскарміла
I Данілу, бы звяроў,
Шыр балотаў несканчоных,
Пушчаў дзікіх гушчары,
I ў яе таемных лонах
Чуўся панам у двары.
Потым князь забраў Данілу,
Прыпісаў яго ў свой двор,
Хоць яму і болып быў мілы
Бор палескі, родны бор.
Дзед Даніла парк вартуе,
Службу верна ён нясе,
Ўсё агледзіць і прачуе,
Ўсе куты ператрасе.
Тая ж вопратка мужыча —
Світка рудая і брыль.
Дзед Даніла ціха смыча,
Сам з сабою штось мармыча, —
Мо Палесся казка-быль
Дзеду думкі ўзварушыла,
Пушча ў памяці ўсплыла,
I душа па ёй тужыла, —
Паляцела б, каб магла.
Дзед пад хвояй штось зважае,
Павярнуў, ідзе туды.
— А ты хто такі? — пытае. —
Баравік ты малады?
— Я — замковы, дзедка, божы,
Ці не можна тут пабыць?
Тут так добра, гэтак гожа,
Лес — што з небам гаманіць.
Усміхнуўся дзед Даніла.
— Любіш, хлопча, лес?.. Эге ж,
Хараство ў лясочку, сіла…
А ты тут даўно жывеш?
— Эхе-хе, мая дзяціна, —
Уздыхнуў Даніла-дзед,
— Падрабнела і людзіна,
Падрабнеў цяпер і свет.
А лясоў ты настаяшчых,
Бачу, хлопчыку, не знаў,
Нетры, нерушаў лядачых —
Дзе табе! — не сустрачаў.
Ты падумай толькі: пушча!
Дзень ідзеш і два ідзеш,
I такая табе гушча —
Вокам цемры не праб’еш!
I такія дзеравякі
Ты натрапіш, брат, у ёй,
Што прад імі стане ўсякі
Падзівіцца іх красой.
Тоўшч і веліч — страх праймае,
Волас дыбам устае!
А як пушча загуляе,
Зашуміць ды запяе!
Вось дзе музыка — паслухаць…
Але пушча болып маўчыць,
Ды не ўсякім носам звюхаць,
Што ў нутрох яе ляжыць…
Не быў ты ў вялікім лесе:
Войдзеш — свята вее ў ім,
А ўгары, зялёнай стрэсе,
Цягне спевам маладым.
I заўваж, мой хлопча-колас, —
Дрэва кожнае ў бары
Мае свой асобны голас,
А зацягнуць угары —
Спеў выходзіць самавіты,
Эге ж, хлопчыку мой, так:
Лес гаворыць, а скажы ты, —
Не павераць аніяк…
А лес, хлопча, хоць ён дзікі,
Але мудры і дзіўны,
Сэнс ён мае патайны,
Асабліва бор вялікі. —
Дзед прымоўк у задуменні
I, панізіўшы свой голас,
Зноў гаворыць:
— Вось здарэнне,
Ты паслухай, што было раз:
Знаў я пушчу на Палессі…
Што за дзіва? стаў я чуць
Нейкі шум у яе стрэсе,
Незнаёмы, асаблівы,
Голас жаласны, тужлівы,
Дрэвы смутна нейк гудуць.
У другіх лясох — нічога,
Там звычайны гоман-шум,
А ў той пушчы — плач, нябога!
Я гадаў і думаў многа,
Так і гэтак браў на вум, —
Не разблутаў той загадкі.
Так аб ёй я і забыў.
Раз зімою пад калядкі
Зноў я пушчай прахадзіў.
I што ж? пушча тым жа ладам
Шум цягнула свой тужліва,
Ну, аж проста брала дзіва:
Дзе прычыва гэтым звадам?..
Што ж ты думаў? — тую пушчу
Адкупілі гандляры,
I праз сэрца, яе гушчу,
Перайшлі іх тапары. —
I дзед раптам замаўкае
Ды на хлопчыка глядзіць,
Палец к чолу прыціскае.
— Ну, як будзеш тут судзіць?
— А вам, дзедка, не здавалась,
Вы не думалі аб тым,
Што у лесе адбівалась,
Як адбілася ва ўсім,
Жыццё, дзедку, адчуванне?
Я так думаю, дзядок,
Што на свеце ўсё дазвання,
Нават камень і пясок,
Мае думкі і настроі,
Толькі ж нам іх не згадаць:
Трэба чыстым быць душою,
Каб іх тайнасці пазнаць.
Дзед у хлопца ўтарапіўся.
— А цікавы ты хлапец:
Разважаеш, як мудрэц,
Бы старэчым ты радзіўся. —
Азірнуўся дзед таёмна.
— Стаў я штось тут прымячаць,
Эге ж, хлопча: ночкай цёмнай
Штось дзіўное тут чуваць.
Штось тут творыцца уночы,
Сам пачуеш ты, эге ж.
Ці то жарты патарочы [31] Жарты патарочы — тут у сэнсе: жарты нячысціка, вячыстай сілы.
,
Ці то знак які прарочы,
Ці там што — не разбярэш.
Не натрапіш тога следу,
Не налучыш ты на троп.
Пазіраў Сымон на дзеда,
На маршчыністы той лоб
I так слухае ўнікліва —
Захапляе хлопца дзіва.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу