Ганна
Дык ты помніў, што ёсць Ганна
Дзесь на хутары ў глушы?
Сымон
Ты была ў маёй душы
Заўжды міла і жаданна.
Ганна
Ты, здаецца, за сняданне
Думаў сесці? Снедай, дружа!
Чаго тут сціскацца дужа?
Абы меў на то жаданне!
А то хочаш: будзем разам
Мы спраўляць маёўку тут?
Сымон
Я скажу, як Шлёма: «гут!»
Ганна
А мой полудзень пад вязам —
Баль устроім, як паны!
Там з суніцамі збаночак,
Сыру смачнага кусочак
I грачанікі-бліны.
У цяньку старога дрэва
Селі, снедаюць яны,
I іх сэрцы згоды, спеву,
Светлай радасці паўны.
Не змаўкае іх гаворка:
Расказаў Сымон аб тым,
Як жылося яму горка,
Хто быў Шлёма і Яхім,
Як ён рабіну ліхому
Там папомсціўся за здзек,
I як пойдзе ён дадому —
Ён, з грашамі чалавек!
Павандруе ў свет з скрыпуляй,
Песні будзе ён складаць,
Ён людзей дабром атуліць,
Каб палёгку людзям даць.
Потым сціх Сымон панура,
Смутак злёг яму на твар, —
Так змаўкае перад бурай
Поля стомлены абшар.
Ганна голаву схіліла,
Смуткавала і яна,
Бы адным крылом акрыла
Іх мысль нейкая адна.
Сымон
Што ж мы змоўклі? Эх, Гануся!
Як падумаю, што зноў
Я адзін павалакуся —
Проста ў сэрцы стыне кроў.
Я нядаўна быў шчаслівы,
Не гадаў я ні аб чым,
Не палохаў свет жахлівы,
Як бы я не жыў у ім,
Бо ў той міг перад сабою
Меў цябе, цябе адцу.
Сэрца білася табою,
Бы сваю знайшло вясну
Ў свеце гора і блукання;
Ды канец ёсць усяму:
Наша скончыцца спатканне,
I мой дзень у сум змяркання
Зноў апусціцца, бы ў цьму.
Мы разойдземся. Дарогі
Нашы розна пабягуць:
Поміж намі ёсць парогі,
I нам іх не абмінуць.
Мы, Гануся, — каляіны,
Адной скрыпкі дзве струны —
Іх аднакі скрозь пуціны,
Ды не сходзяцца яны…
Ганна
Кінь, Сымонка, смутак гэты,
Ты «не ў родных каранёх»,
Многа ў свеце ёсць дарог,
Дык шукай жа свае мэты,
А парогі —
Прэч з дарогі!
Ты паслухай: хай у полі
Роўна колейкі ідуць,
Няхай дзве струны, дзве долі
Песню ў згоднасці вядуць.
Пойдзем вось да нас у госці —
Не цурайся нашай хаты.
А для мамы і для таты
Многа будзе весялосці!
Сымон
Я зайду да вас, Гануся!
Я найду к табе дарогу,
Я прыйду к твайму парогу —
Дом пабачу і вярнуея!
Залатыя твае слоўкі —
Мая песня ў час вандроўкі,
Ты як бы дала мне крылле,
Многа радасці дала,
I забудзе чарнабылле,
Краскі згледзеўшы, пчала.
Ганна
Ну, то хоць на развітанне
Паіграй, Сымонка, мне,
Каб мінута расставання
Нам казала аб вясне.
Слухаў ён, мацнеў душою,
Свет хацелася абняць,
На калені стаць прад ёю,
Ёй жыццё сваё аддаць.
I чароўна зыкаў хвалі
Паліліся, пацяклі,
А зязюлька кукавала
Ім аб радасцях зямлі.
Дрыжыць агонь, як смех крывавы,
Дрыжыць агонь у цьме густой,
У цьме варожай і пустой,
Як адбіццё даўнейшай славы,
I зліўся з мрокам дым бялявы
Над гэтай плямкай залатой.
Дрыжыць агонь, як песня жалю,
Дрыжыць агонь у цьме начной
Пад адзінокаю сасной,
Як плеск апошні рэчнай хвалі.
У мроку нікнуць сонна далі,
Крычыць сава ў цішы лясной.
Дрыжыць агонь, як плач прашчальны,
Дрыжыць агонь, забыты тут,
Скрозь мрок нямы, скрозь чорны мут,
Як звон жалобы пахавальны,
Як песні голас развітальны,
Як струн дрыгучых ціхі гуд.
Гарэў агонь, былі тут людзі,
Вянок плялі яму з галін.
Цяпер загас ён тут адзін,
I цёмна стала на тым грудзе.
Ніхто і ведаць-знаць не будзе
Яго апошніх тут гадзін.
Цянюе мрок, густы, як сіта,
На месцы тым, дзе быў агонь,
I вецер попел знёс на гонь,
Ад лесу дзьмухнуўшы сярдзіта.
I ўсё вакол у цьму спавіта:
Гарэў агонь — пагас агонь!
Ганна
— Ну, мой мілы! хоць і цяжка,
Што ж? бывай здароў! бывай!
Чаму я, чаму не пташка:
Паляцела б я ў твой край.
Ну, хай будзе час прыўдалы
Долю добрую спаткаць,
Каб лёс гэты заняпалы
На лёс светлы памяняць.
Я ж у думках сваіх буду
Жычыць шчасцейка табе,
Каб яно спрыяла ўсюды,
Каб верх меў ты ў барацьбе.
Выйду я ў садок вішнёвы
Ясны месячык спытаць:
Дзе Сымонка? як здаровы?
Папрашу яго заслаць
Мой паклон і прывітанне.
Сам на месячык зірні,
А ў цяжэнькі час блукання
Ты наш дом успамяні.
Не забудзь жа нашай хаты
I мяне не забывай.
Ну… бывай!
Будзь шчаслівы, будзь багаты!
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу