Ён вітае яснасць неба,
Сакаўное поле, лес,
Пах зямлянай, свежай глебы,
Каласкоў жывы навес,
Мнагадумныя прасторы
I шумлівыя бары…
Унь і хвоі ў жытнім моры,
Бы дзве родныя сястры,
Ён пазнаў іх, ён ім рады —
Ён замеціў іх тады.
Скора будуць і прысады —
Ці не іх унь то рады?
Ён ідзе, падходзіць сонца,
Лес агортваецца ў сінь…
Будзе горача бясконца,
Хоць садзіся адпачынь!
Убок глянуў, там сунічкі,
Бы каралі на траве.
Ну, прыпынак невялічкі —
Ён збярэ іх жменькі дзве!
I лясок тут такі слаўны —
Так і горне той лясок.
I дзесь дрозд, знаёмы даўны,
Падае там галасок,
Як бы ў госці заклікае.
I Сымонка не чакае:
Ён з дарогі зварачае
I на сонцы пад кустом
Прысядае, спачывае,
Потым моцна засыпае,
Распасцёршыся пластом.
Доўга спаў ён, як забіты;
Сонца ўстала на паўдні,
I гудуць над ім сярдзіта
Дзеці лесу, авадні.
— Устань, любы! — шэпча сонца.
— Уставай! — шуміць дубок.
— Абудзіся, галубок! —
Кажуць травак валаконцы.
— А-а! — Ён вочы раскрывае.
— Дзе ж то я? — глядзіць вакол.
Перад ім сцяна жывая,
Над ім шапка баравая,
Лес — зялёны частакол.
I адразу ясна стала —
Вольны ён, ён не слуга!
Разышлася і прапала
Гэта сонная смуга!..
Але што то? здань ці дзіва?
Ці то лес навёў туман?
Мільгатнула штось маўкліва,
Промень кінуў смех шчаслівы,
Бы ажыў унь той дзірван,
Вочкам бліснуў дурасліва!
Не, не можа быць, то — зман!
То быў вобраз іскраззянны,
Момант радасці, надзей,
Сэрца гімн агнём параяным,
Песня зорак, санцавей.
Знікла здань — так сон знікае,
Але водгулле яе
У вачох яшчэ бліскае
I спакою не дае.
Ды якая ж то праява?
Сон няўспомнены ці яў?
Ці русалчына забава?
Ці лясун пажартаваў?
I задумаўся хлапчына:
«Сон такі прысніў, знаць, я».
Над ім гэтая хвіліна
Вее чарамі жыцця.
— Э! — махнуў Сымон рукою,
Каб ход іншы думкам даць:
— Не мне з доляю такою
Аб ёй марыць і гадаць!
Сеў і з клунка ён вымае
Рыбу, хлеб, кладзе на дол;
Няхай Шлёма прабачае:
Шабасовы [24] Шабасовы (яўр.) — святочны.
гэта стол!
Будзе снеданне, бы ў пана,
На пахучым мурагу…
Што за цуд? з таго дзірвану
Хтось азваў: — Сымон! а-гу!
Ён ускочыў, азірнуўся,
Галавой абвёў вакруг;
Бачыць — куст узварухнуўся,
I адтуль, бы светлы дух,
Тварык мілы выглядае,
Здаваленне, смех на ім,
Шчасце-радасць маладая
Ззяе сонцам веснавым.
— Ганна! Родненькая Ганя!
Крок наперад ён ступіў,
Так здзівіўся! і ў тым стане
Рукі смешна апусціў.
— Ай, Сымон! які дзіўны ты! —
Ганна смехам залілася.
Смех, бы зорамі спавіты,
I галоўка самавіта
З траўкі-зелені ўзнялася,
I бліскаюць яе вочкі,
Як у жыце васількі;
Голас — срэбраны званочак,
Шчочкі — макавы лісткі.
— Дзе спаткаліся, Сымонка!
Як жа ты папаў сюды?
А як зыгнуў ад нас гонка —
Помніш тую ноч… тады? —
Ганна борзда гаварыла,
Распытоўвала сябра,
Нават трошкі пажурыла,
Што іх выракся двара.
— Я збірала тут суніцы,
Зірк — аж бачу, нехта спіць!
Я спужалася, дурніца:
Злодзей, думаю, ляжыць!
Я ўжо бегчы прэч хацела,
Ды дай, думаю, зірну
На «разбойніцкае цела».
Крок ступаю я нясмела,
Голькі ціхенька гарну,
Як зірнула ж — і пазнала!
I так шкода цябе стала —
Не пасмела я будзіць,
I гадзіны дзве чакала —
«Няхай, думаю, паспіцы».
Ці здароў жа? як жывецца?
Скуль ідзеш? куды? зачым?
Сядзьма тут! — Яна смяецца
I садзіцца радам з ім.
I так добра стала ў лесе!
Ён бярэ яе руку,
А зязюлька на суку
У жывой зялёнай стрэсе
Ім варожыць штось — ку-ку!
Ён глядзіць дзяўчынцы ў вочы,
Ён маліцца ёй гатоў.
Ёй сказаць так многа хоча,
Ды не знойдзе толькі слоў —
Аж той дрозд з яго рагоча!