Менавіта ў гэтым жанры захавалася апісанне жыцця і дзейнасці выдатнай хрысціянскай асветніцы Ефрасінні Полацкай (каля 1103–1173). Зусім юнай князёўнай Прадслава (свецкае імя Ефрасінні), дачка полацкага князя Георгія Усяславіча і ўнучка славутага Усяслава Чарадзея, прыняла манаскі пострыг.
Лёс князёўны склаўся нетрадыцыйна. Надта рана зрабіла яна свой выбар паміж свецкім жыццём, поўным зямных радасцей і клопатаў, і ўзвышаным, духоўным. Паводле легенды, даведаўшыся, што яе хочуць выдаць замуж за аднаго з князёў, Прадслава знайшла прытулак у манастыры, дзе была ігуменняй яе цётка. Так Прадслава і стала манашкай. Хутка яна сама заснавала жаночы манастыр недалёка ад Полацка, у Сяльцы, пазней – мужчынскі.
Шмат зрабіла “Хрыстова нявеста” Ефрасіння для ўзвядзення храмаў, іх аздаблення. Але найбольш мы цэнім яе асветніцкую дзейнасць. Яна адкрывала школы пры манастырах, перапісвала ў скрыпторыі кнігі, вучыла людзей справядлівасці, праўдзе, дабру. У канцы жыцця Ефрасіння паломніцай наведала Святую зямлю і там, у Ерусаліме, у праваслаўным манастыры скончыла свой жыццёвы шлях. Астанкі яе былі перавезены на родную зямлю ўжо значна пазней.
Ефрасіння Полацкая – адна з першых жанчын на ўсходнеславянскіх землях, якую кананізавала царква. Вобраз Ефрасінні Полацкай натхніў нямала мастакоў слова, якія працавалі і працуюць у гістарычным жанры. Аднак імя аўтара “Жыція Ефрасінні Полацкай” невядомае. Гэта адзін з найбольш ранніх твораў гістарычнай прозы. Да нашага часу ён дайшоў у спісе XVI ст. Падзеі ў “Жыціі Ефрасінні Полацкай” падаюцца строга храналагічна. Акрамя біяграфіі Ефрасінні, апісання яе паломніцтва ў Святую зямлю ў творы ёсць цікавыя звесткі пра жыццё палачан, побыт княжацкай сям’і.
“Жыціе Аўрамія Смаленскага” напісана каля 1240 г. манахам Яфрэмам. Захавалася шмат рукапісных спісаў, найбольш раннія датуюцца пачаткам XVI ст. Апавядаючы пра жыццё героя, аўтар перадае і агульную атмасферу таго часу.
Як ужо адзначалася, папулярнымі на Беларусі былі перакладныя творы “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, зборнік “Жыціі святых”.
Адначасова з жанрам агіяграфічнай літаратуры развівалася аратарская проза. Найбольш яркім прадстаўніком гэтага жанру з’яўляецца сучаснік Ефрасінні Полацкай, выдатны прамоўца, царкоўны дзеяч, пісьменнік і прапаведнік Кірыла Тураўскі (каля 1113 – пасля 1190). Ён нарадзіўся ў багатых бацькоў у Тураве.
Кірыла Тураўскі пачынаў сваю прамоўніцкую і асветніцкую дзейнасць пад уплывам старажытнарускай і грэчаскай духоўнай спадчыны. Ужо ў сталым узросце ён адмовіўся ад сямейнай маёмасці і пачаў служыць Богу і людзям у Тураўскім Барысаглебскім манастыры.
Найбольшая заслуга Кірылы Тураўскага ў тым, што ён з’яўляецца не толькі распаўсюджвальнікам, але і стваральнікам аратарскай прозы. Ён сам складаў малітвы, прамаўляў арыгінальныя пропаведзі, ведаў шмат прытчаў, вучыў сваіх прыхаджан дабру, праўдзе, справядлівасці. Да нашага часу дайшлі тры сачыненні святога Кірылы аб манаскім жыцці, некалькі “слоў”-пропаведзяў, аповесцей-прытчаў, каля 30 малітваў, якія прамаляў Кірыла Тураўскі ў царкве. У сваіх творах ён шырока выкарыстоўваў яркія вобразы-сімвалы, параўнанні, метафары, эпітэты. Дзякуючы магічнай сіле мастацкага слова маленні і пропаведзі Кірылы Тураўскага доўгі час жылі і распаўсюджваліся ў народзе. Яны былі вытрыманы ў духу рэлігійнай літаратуры тагачаснай Еўропы. Вядомы яго прытчы пра чалавечую душу, пра Боскі суд, пра ўваскрэсенне Хрыста, пахвалы Госпаду і прароцтвы людзям. Яго называлі Залатавустам. Ён сеяў слова Божае сярод людзей.
Пытанні для кантролю
1. Назавіце характэрныя рысы Антычнасці.
2. Якія творы мастацтва створаны ў эпоху Антычнасці?
3. Дайце характарыстыку эпасу Сярэднявечча.
4. Ахарактарызуйце мастацкія вартасці вядомых вам твораў агіяграфічнага жанру.
5. Вызначце ролю Ефрасінні Полацкай у развіцці беларускай і ўсходнеславянскай культуры.
6. У чым найбольшая заслуга Кірылы Тураўскага?
Эпоха Адраджэння(XIV–XVII стст.) – найважнейшы этап у развіцці сусветнай культуры. Адраджэнне чаго, патлумачым у першую чаргу. Гэта было новае “адкрыццё” Антычнасці, адраджэнне ўвагі да чалавека, яго ўнутранага свету, пошукі гармоніі Чалавека і Свету. Адраджалася павышаная цікавасць да культуры, навукі, літаратуры, да духоўнага свету асобы, яго гармоніі, да традыцый Старажытнай Грэцыі і Рыма. Але гэтае Адраджэнне (Рэнесанс) адбывалася на новай аснове. Узрасла цікавасць да самога чалавека, дзякуючы чаму значна пашыралася гуманістычнае светаўспрыманне, светаразуменне і светаадчуванне. Быт і быццё асобы ў грамадстве сталі асновай для раскрыцця ўнутраных заканамернасцей развіцця жывой паўсядзённай рэчаіснасці. Чалавек станавіўся свабодным у сваім выбары. Пафас радасці жыцця стаў галоўным зместам і сэнсам існавання. У грамадстве вылучаюцца тытаны духу, абагаўляюцца асобы-творцы, расце павага да тых, хто займае адпаведнае высокае месца на іерархічнай лесвіцы. Адбываецца актыўнае абуджэнне народнай свядомасці.
Читать дальше