Геніяльнае ў нашым грамадстве сёння пакуль што ў адчаі, бо ваяўнічая шэрасць і дурасць правяць баль. I так будзе, пакуль Мурашкі не аб'яднаюцца з Дабрыянамі, Чарнавусамі, Тулягамі. Адзін у полі не воін! Толькі хаўрус усіх сумленных і здаровых сіл можа супрацьстаяць сілам, «у шэрую бронь» адзетым.
Асабліва настойлівы ў сцвярджэнні гэтай думкі I. Шамякін. Пісьменнік часта выпрабоўвае сваіх герояў сяброўствам і з уласцівай яму мастацкай сілай і пераканальнасцю славіць сапраўднае сяброўства паміж людзьмі. Прыгадаем вялікае і кранальнае сяброўства Сені Пясоцкага і Пятра Шапятовіча з пенталогіі «Трывожнае шчасце».
Наша захапленне сяброўствам Яраша і Шыковіча, герояў рамана «Сэрца на далоні», нельга лепш выказаць, як праз усведамленне Зосі: «Заўсёды хораша ад іх вось такой дружбы». Так думае Зося, назіраючы цёплыя, шчырыя адносіны паміж сябрамі, знешне такімі рознымі, але аб'яднанымі агульным — сумленнасцю. Так думаем і мы, усведамляючы, што толькі еднасць сумленных людзей здольна супрацьстаяць злу ў самых агідных яго выявах. Гэтымі вобразамі пісьменнік дае нам урокі аптымізму, пераконвае, што сілы дабра, калі яны дзейнічаюць супольна, заўсёды мацнейшыя за сілы зла.
Урокі паспяховай барацьбы са злом дае нам і В. ДунінМарцінкевіч вобразам Юліі з п'есы «Ідылія». Можна скептычна ставіцца да «хітрага» плана дваранкі Юліі выдаць сябе за сялянку, закахаць у сябе франкамана і ненавісніка ўсяго нацыянальнага — Лятальскага, каб паўплываць на яго стаўленне да народа. Але ніяк нельга адмаўляць думку пісьменніка, што гармонія знешняй і ўнутранай прыгажосці, дасканалы розум, часам нават хітрасць і хаўрус з усімі, хто, так ці інакш, паспрыяе высакароднай мэце, — дзейсныя сродкі ў барацьбе са злом. Галоўны ўрок Юліі ўсім нам не столькі ў тым, што яна сваім «хітрым» планам паўплывала на франкамана Лятальскага, а ў тым, што яна вывела на чыстую ваду Банавантуру Выкрутача. Ён быў упэўнены, што апошняе слова будзе абавязкова за ім, што смяяцца апошнім будзе ён. Атрымалася наадварот. Вобразам Юліі пісьменнік даводзіць, што для таго, каб дабро смяялася апошнім, недастаткова толькі высакародных намераў, адвагі і гатоўнасці рызыкаваць у імя перамогі над злом. Адвагу і высакароднасць зло часам касуе з лёгкасцю, а вось з дасканалым розумам і супольнымі намаганнямі справядлівых сіл яму не справіцца.
Даючы нам рэцэпты паспяховай барацьбы са злом, многія творы нашай нацыянальнай літаратуры вучаць і папярэджваюць нас, што ваяўнічасць зла намнога лягчэй папярэдзіць, чым потым з ім змагацца. Запабегнуць ваяўнічасць зла можна толькі клопатам і дбаннем пра духоўнае, бо «людская злосць яму (злу) добрая паша», даводзіць Ян Баршчэўскі творам «Шляхціц Завальня…». Чалавек стане годным уладаром і зямных скарбаў, калі навучыцца пазнаваць і любіць духоўнае. Пісьменнік нецярпімы да тых, хто гоніцца за багаццем «не дзеля таго, каб рабіць дабро бліжнім, а каб нічога не рабіць, або — што яшчэ горш — каб шкодзіць. Але што ж далей?». На ўсё жыццё шляхціц Завальня засвоіў урок бацькі: «добры лёс і ўладу над зямнымі скарбамі — дзеля бліжніх сваіх».
«На свеце трэба быць асцярожным». Быць асцярожнымі і пільнымі заклікае нас пісьменнік менавіга для таго, каб зло не распладзілася і не стала ваяўнічым. Толькі лічаным героям фантастычных апавяданняў Яна Баршчэўскага Удалося перамагчы зло, усіх астатніх яно перамагло. I ў гэтым рэалізм пісьменніка і яго філасофія. Пісьменнік сцвярджае таксама і магутную сілу слова, перасцерагае ўсіх, хто лічыць, што «слова — вецер, які не можа ані дапамагчы, ані, таксама, пашкодзіць». Славячы выратавальную сілу слова, ён заклікае нас быць пільнымі да таго слова, якое здольна пашкодзіць, разбэсціць, паклікаць у шырокую браму, што вядзе да пагібелі.
У апавяданні «Вучань Твардоўскага» пераканальна паказана, што асабліва магутнай сілай, як стваральнай, так і разбуральнай, валодае слова настаўніка і святара-духоўніка, бо яно палоніць душы людзей. Пра чысціню душы і павшей быць пільны клопат чалавека. Тэрыторыя любові і дабра — сумленная душа, авалодаць якой зло бяссільна. Там, дзе занядбана духоўнасць, пладзіцца зло і становіцца ваяўнічым. I вось тады бой з ім ужо непазбежны. А ніякай бітвы не бывае без ахвяр. I вялікай платай, якую запатрабуе перамога дабра над злом, будуць і сумленныя сілы. Запабегнуць ваяўнічае зло — ашчаджаць, зберагаць сілы дабра, а значыць — зберагаць само жыццё.
«Простае шчасце людское…» (Максім ТАНК)
Читать дальше