«Жаласць і вінаватасць» — гэта і ёсць «святое штосьці» ў душы кожнага чалавека. Імя таму святому — Любоў, якая валадарыць людскасцю і вызначае яе.
Апісанне вяртання ў роднае гняздо кампазітара Сцяпана Вячоркі складае змест рамана Н. Гілевіча «Родныя дзеці». Многае перажыў і пабачыў ён за сваё жыццё, але сапраўднае, вечнае ўсвядоміў, толькі калі наведаў родныя мясціны, пабываў ля сваіх вытокаў. I ўсвядоміў Сцяпан Якубавіч, што, якіх бы вышынь ні дасягнуў чалавек, сутнасць яго вызначаецца тым, ці з'яўляецца ён родным сынам сваёй сям'і і сваёй зямлі. Як усвядоміў яшчэ раней, жывучы ўдалечыні ад Радзімы, што талент любога творцы жывіцца сокамі роднай зямлі. Кампазітар Вячорка пераканаўся, што ўладаром беларускай песні (а ён менавіта пра гэта і марыў) можа стаць толькі той, хто ўзгадаваны, успешчаны на нацыянальнай глебе. Крыніцай натхнення для любога мастака з'яўляюцца створаныя народам духоўныя каштоўнасці, жыццё народа, маці-прырода і неруш матчынай мовы.
Вяртанне дадому — вяртанне па «святое штосьці», без якога чалавек нетрывушчы ў гэтым свеце, нежыццястойкі. Героі апавядання В. Карамазава «Дзяльба кабанчыка» таксама час ад часу вяртаюцца дадому, але толькі на… дзяльбу кабанчыка, выгадаванага для сваіх дзяцей самаахвярнай, нямоглай маці. Дзяльба кабанчыка выявіла поўнае маральнае банкруцтва дачок і зяцёў. I толькі сын Сцяпан загадвае спыніць загружаную матчынымі дарункамі машыну і зноў вяртаецца дадому — да адзінокай маці. Яго вяртанне — па «святое штосьці» — дае нам спадзеў, што яшчэ не ўсё страчана.
Чакае сваіх сыноў і герой апавядання У. Арлова «Клён». Чакае з надзеяй, што яны, маладыя, дужыя, разумнейшыя за яго (так павінна быць!), парадзяць нешта, дапамогуць уратаваць тое, што яму дорага. Сусед патрабуе спілаваць клён, з якім знітавана ўсё жыццё гаспадара. Клён ведаў яго бацькоў і дзядоў, гадаваў яго дзяцей і нават ратаваў у час жыццёвых віхураў. I сыны прыехалі. Клён зразумеў, што ён памрэ менавіта ў дзень іх прыезду. Старэйшаму сыну не цярпелася хутчэй спілаваць дрэва, скончыць справу і вечарам выпіць. Малодшы (клён адчуў гэта) пакутаваў, шкадаваў, але пакорна рабіў тое, што патрабаваў сусед. Выключнае ўздзеянне на чытача дасягаецца прыёмам адухаўлення. Клён надзелены здольнасцю помніць, любіць, трывожыцца, хвалявацца, клапаціцца, разважаць — усім тым, чым, на жаль, валодаюць далека не ўсе людзі.
Бацькоўскі дом — прошча, святое месца для кожнага чалавека, здольнае лекаваць душу, сунімаць мітушэнне і боль, гаіць раны. Над бацькавай хатай часцей і верагодней, чым дзенебудзь, можа заззяць высокае неба ідэала. У родным доме хутчэй можа адкрыцца раней нязнанае, проста і легка вырашыцца тое, што было тупіковым і не вырашальн ым.
Наведаць любога чалавека, калі той чакае нашага прыходу, — добрая справа, наведаць жа бацькоў — святая. Бацькі чакаюць нас заўсёды. Толькі не заўсёды будуць чакаць… I потым «не трэба анікому ён, сум ля сляпых слупкоў», як папярэджвае ўсіх лірычны герой верша Р. Барадуліна:
Наведвайце бацькоў,
пакуль яны жывыя,
Пакуль дымяцца коміны — нагрэйцеся ў бацькоу.
Любіць трэба жывых. I «лепшая памяць аб мёртвых» — наша любоў да жывых.
Жыватворная сіла быцця — праца
Бы жыватворная тут сіла
Ад сну зямельку абудзіла.
Якуб Колас.
Я признаю одну работу,
Её — и только — признаю.
Я. Смелякоў.
У евангельскай прытчы расказваецца, як строгі гаспадар раздаў сваім рабам таланты — грошы. Першы атрымаў пяць талантаў, пайшоў і памножыў іх; другі атрымаў два і таксама іх памножыў. Трэці атрымаў адзін і, спалохаўшыся строгага гаспадара, закапаў талант, каб не згубіць.
Праз некаторы час усе трое прынеслі гаспадару свае таланты: першы і другі — памножаныя, трэці — толькі адзін, чым выклікаў вялікі гнеў строгага гаспадара. I загадаў ён, каб трэці аддаў і гэты адзіны, непамножаны, першаму, бо «кожнаму, хто мае, дадзена будзе, а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае».
I кожнаму з нас строгім гаспадаром дадзены талент, які мы павінны не закапаць, а вярнуць памножаным. Толькі пры такой умове — «дадзена будзе». Каб «усё зацвіло, загаманіла», неабходна жыватворная сіла — нястомная праца кожнага на сваёй ніве, сваім полі, дзе можна рэалізаваць сябе, памножыць свой талент.
Нельга не пагадзіцца з высновай вучоных, якія даводзяць, што працавітасць — катэгорыя не столькі маральная, колькі біялагічная, бо яна — сведчанне моцнага інстынкту самазахавання. Лянота, нядбайнасць і гультайства — праграма на самавынішчэнне. З працавітасцю цесна звязана і вынікае з яе яшчэ адна якасць, што ў ментальнасці нашага народа наогул, — імкненне быць гаспадаром на сваёй зямлі, закласці надзейны падмурак для годнага жыцця сваіх дзяцей, клопат пра іх. «Дык трэба грунт мець пад нагамі, каб не бадзяцца батракамі» — такая жыццёвая выснова коласаўскага героя, якую ён стараецца перадаць сваім дзецям.
Читать дальше