Няма ў нашай таленавітай літаратуры песняра, які б з такой мастацкай сілай паказаў узвышанае ў зямным, прыгожае — у будзённым, вечнае — у імгненным, які быў бы такім настойлівым у сцвярджэнні думкі, што самае прыгожае «ў свеце Божым» — зямля і на ёй чалавек, як Якуб Колас. Ужо радкамі ў пачатку паэмы «Новая зямля»:
Мае знаёмыя няўзрачны,
Нічым не слаўны і нязначны —
народны пясняр быццам «правакуе» чытача на спрэчку з ім. Якой жа сілай, якім магутным духам трэба валодаць, каб з такой мужнасцю і без страты сваёй душы вынесці ўсе тыя выпрабаванні, што выпалі на долю яго «знаёмых»! Героі Коласа ўсім нам даюць урок, як нават у бесчалавечных абставінах ад чалавека залежыць самае галоўнае — застацца чалавекам, бо абсягі поўнага валадарства чалавека — яго ўласная душа.
Героі Коласа зямныя, рэальныя і адначасова асобы моцныя, выключныя, сіла якіх — у бязмежнай любові да сваёй зямлі-карміцелькі, да бліжняга свайго і найперш да сям'і і родных дзяцей.
Кім быў, ёсць і будзе М. Багдановіч для нашага народа, вычарпальна і афарыстычна сказаў У. Караткевіч у вершы «Багдановічу»:
Бо як ёсць у народа такія —
Не загіне давеку народ.
Максім Багдановіч сваім «гарачым словам рунь узняў на роднай зямлі», як вобразна сказаў пра яго духоўную спадчыну У. Караткевіч. А кожная хвіліна яго кароткага і яркага жыцця — нямы дакор нам, што не спраўдзілі яго надзей. Некаторыя з нас, жывучы на зямлі сваіх продкаў, так і не змаглі авалодаць іх мовай… I ўжо адным гэтым не выключылі магчымасці весці ганебныя і абразлівыя для любой нацыі спрэчкі, ці патрэбна наогул нам тая мова, бо, можа, «ёй знікнуць пара»!
Ен жа, народжаны ў Менску, асірацелы ў Гродне, вывезены пяцігадовым з Беларусі, на доўгія гады адарваны ад роднай зямлі, ад матчынай мовы і бабуліных казак, вырашыў «авалодаць роднай мовай сваіх продкаў, і авалодаць так, каб пісаць прыгожыя вершы і абагаціць гэтую мову новымі мастацкімі формамі», як пра тое расказваецца ў зборніку ўспамінаў і біяграфічных матэрыялаў «Шлях паэта».
Схіляючы галаву перад вечным словам апосталаў нашай нацыі, нашых слынных дзядоў, мы ўсведамляем: дзяды — тыя, каго няма з намі, але хто ў нас, у нашых душах, нашых справах.
Праблема бацькоў і дзяцей у беларускай літаратуры
Дзеці, павінуйцеся сваім бацькам у Госпадзе, бо таго патрабуе справядлівасць. I вы, бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, але выхоўвайце іх у вучэнні і настаўленні Гасподнім.
З Паслання святога апостала Паўла да Ефесянаў.
Праблема бацькоў і дзяцей вечная. Як свет стаіць, бацькі імкнуцца перадаць свой вопыт і ўсцерагчы ад памылак дзяцей. Дзеці ж упарта працівяцца гэтаму, бо хочуць пражыць сваё жыццё самі і без падказкі выбраць свой лёс.
Лявон, герой апавядання Ядвігіна Ш. «Бярозка», выпраўляючы сваю адзіную дачку ў свет, навучае яе быць абачлівай і нікому не давяраць свайго гора. А калі стане невыносна — даверыцца бярозцы. Счарнела бярозка, прымаючы на сябе боль і пакуты Марыські. На пытанне дачкі, чаму чалавек не знаходзіць спагады і паратунку ў людзей, «Лявон маўчаў». Гэтай фразай апавяданне і заканчваецца.
Маўчаў, магчыма, не толькі таму, што не ведаў адказу на гэтае вечнае пытанне, а таму, што адчуваў сваю віну за такую сваю «навуку» недаверу да людзей. Магчыма, усвядоміў нарэшце, што нават у шчырым жаданні шчасця і дабра свайму дзіцяці не павінен быў навязваць дачцэ сваё ўспрыманне свету, пазбаўляць яе права на свабоду выбару і ўласны вопыт.
У рамане «Каласы пад сярпом тваім» ёсць выдатна выпісаны і прасякнуты мудрасцю Караткевіча-філосафа эпізод.
Алесь пераконвае старога Вежу і пана Юрыя, што неабходна паступова, як стануць багацець, аддаваць зямлю мужыкам, пакінуўшы сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаветныя ўрочышчы, яшчэ тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы і слуг: «Хай фермерствуюць. Хіба табе найміт будзе так працаваць, як мужык для сябе на сваёй зямлі?» У адказ на абурэнне бацькі Алесь даводзіць, што сялянская канкурэнцыя ім нястрашная, бо на прыдбанні іх прадукцыі Загорскія зробяцца заводчыкамі. «У купцоў ператварыцца?!» — жахнуўся пан Юры. «У купцоў — не ў старцоў», — зноў мудра адказвае Алесь, даводзячы, што маёнткам усё роўна пагражае галеча пры такой, як ёсць, сістэме; і гэта толькі пытанне часу.
Стары Вежа ўспрыняў прапановы ўнука са спакойнай мудрасцю. I гэта пры яго характары і заўсёднай упэўненасці ў сваёй праваце! Ён зразумеў, што адзіны спосаб не стаць непатрэбным у старасці — змяніцца, зразумець новае, маладое, што ідзе на змену табе. «А калі няздольны зразумець — ставіцца да яго з любоўнай верай». Любоўная вера і ляжыць у аснове здольнасці зразумець новае, маладое. Такой здольнасцю, як і мудрасцю, быў надзелены стары Вежа.
Читать дальше