Ёсць усе падставы сцвярджаць, што менавіта к 1929 году на Беларусі сфармавалася беларуская нацыя і адпаведна абазначыліся контуры беларускай нацыянальнай ідэі (БНІ). З’явіліся і першыя тэарэтычныя працы прысвечаныя беларускай праблематыцы. Асабліва трэба адзначыць ксяндза Адама Станкевіча, якім былі, па сутнасці, закладзены асновы беларускага нацыяналізму і БНІ.
Калі ў перыяд 20-х — 40-х гадоў ва Усходняй Беларусі ўсталяваўся камуністычны рэжым, то ў Заходняй панаваў капіталізм, які быў адносна больш лаяльным рэжымам і нават дазваляў шматпартыйнасць. Найбольш буйнай з беларускіх партый Заходняй Беларусі была БХДЗ (Беларуская хрысціянска-дэмакратычная Злучнасць), якой кіравалі Ян Пазьняк і ксёнз Адам Станкевіч. БХДЗ аб’ядноўвала ў сваіх шэрагах некалькі тысяч чалавек. Гэта былі галоўным чынам сяляне, а таксама збяднелая шляхта. Вялікі ўклад у развіццё нацыянальнай беларускай думкі зрабіў ідэолаг БХДЗ А. Станкевіч, які надрукаваў шэраг ключавых кніг аб хрысціянстве і беларускай нацыянальнай ідэі і ён фактычна заклаў асновы беларускага нацыяналізму.
Акрамя БХДЗ у Заходняй Беларусі існавалі і іншыя партыі: БСДРП (Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя), БНФ (Беларускі народны фронт) і, нават, Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя.
У часы рэпрэсій галоўным абвінавачваннем, што выдзвігалася да дзеячоў беларускай культуры, пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў, вучоных і іншай творчай інтэлігенцыі было абвінавачванне ў «нацдэмаўшчыне», г. зн. у прыхільнасці да ідэалаў дэмакратыі і нацыянальнай ідэі — дакладней да ўсяго нацыянальнага. Гэтая «нацдэмаўшчына» амаль ўзводзілася ў ранг нейкай ідэалогіі, варожай да сацыялістычных і камуністычных ідэй і наогул «да будаўніка камунізму». Але на самой справе «нацдэм» — гэта быў толькі ярлык, які прыдумалі бальшавікі, а якой-небудзь пэўнай тэорыі, канцэпцыі, ці ідэалогіі, што падыходзіла б пад тэрмін «нацыянальная дэмакратыя», не існавала. Пад ярлык «нацдэма» маглі трапіць і былыя сацыял-дэмакраты з «Грамады» і хрысціянскія дэмакраты, што выехалі з Заходняй Беларусі у Савецкую Беларусь, і нацыянал-камуністы, і, нават, звычайныя беларускамоўныя пісьменнікі і паэты. Але з’яўлялася рэальнасцю і наяўнасць нацыянальна-адраджэнцкага руху ў БССР, які, па-сутнасці, і атрымаў назву «нацдэмаўшчына».
Культ асобы на многія гады прыпыніў працэс нацыянальнага адраджэння беларусаў. Творы найбольш грунтоўных мысліцеляў даваеннай эпохі А. Станкевіча, В. Ластоўскага, Я. Лёсіка, Я. Самойлы не паспелі стаць усенародным набыткам — іх аўтары былі рэпрасаваныя, а кнігі былі забароненыя.
У сувязі з гэтым гаварыць аб існаванні прынамсі палітычнага нацыяналізму і тым больш ідэалогіі нацыяналізму ў дзяржаўным маштабе — даваеннай БССР — заўчасна. Аднак нацыянальны рух 20-х гадоў быў ужо асновай будучай нацыянальнай дзяржавы і канцэпцыі беларускага нацыяналізму.
На працягу панавання савецкай улады, фактычна, адзінай ідэалогіяй у БССР была дзяржаўная ідэалогія, якую несла камуністычная партыя — КПБ, філіял саюзнай КПСС. З іншых ідэалогічных канцэпцый можна адзначыць толькі ідэі выкладзеныя ў праграмах даваенных партый Заходняй Беларусі — БХДЗ і БСДП. Трэба адзначыць, што ні ліберальныя, ні кансерватыўныя традыцыі не былі вядомыя беларусам, як у імперскай Расіі, так і ў Рэчы Паспалітай і ў БССР.
Гаворка аб гісторыі нацыянальнага руху на Беларусі, было б не поўнай, калі б не адзначыць хвалю нацыянальнага адраджэння пад час нямецкай акупацыі. Афіцыйна амаль усе ўзнікшыя ў 1941–1944 гадах на тэрыторыі Беларусі арганізацыі нацыянальнага кшталту, якія не падтрымлівалі камуністаў, лічацца калабаранцкімі. Але заўсёды забываецца іншы бок гэтых падзей — вялікая частка нацыянальна свядомых беларусаў імкнулася да стварэння такой Беларусі, якая будзе незалежнай як ад фашысцкай Германіі, так і камуністычнага Савецкага Саюза. Хаця большасць з гэтых людзей верылі ў сілы свайго народа і марылі аб яго лепшай будучыні, нельга забывацца і пра тых, што пайшлі на адкрытую здраду і сталі на бок Рэйха.
Другая сусветная вайна парадзіла трэцюю хвалюбеларускага адраджэння. Ужо ў 1941 годзе была створана Беларуская нацыянальная Самапомач, затым узнік Саюз беларускай моладзі (СБМ), арганізавана Беларуская незалежніцкая партыя (БНП) і паўстала Беларуская аўтакефальная царква. У 1942 годзе на тэрыторыі акупаванай Беларусі быў арганізаваны шырокі нацыянальны рух — Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР), на чале з Р. Астроўскім. З дапомогай БЦР была, нават, створана свая нацыянальая армія — Беларуская Краёвая Абарона, у колькасці 23 тысяч чалавек. БЦР праводзіла вялікую асветніцкую і культурніцкую працу, Былі адкрыты беларускія школы, адчынены народныя бібліятэкі, адноўлена праца Мінскага Беларускага тэатру. Беларускімі кампазітарамі было напісана звыш 60 музычных твораў, сярод якіх балет кампазітара А. Туранкова «У лясным пушчары», аперэта М. Шчаглова на лібрэта Н. Арсеньевай «З выраю»; выдадзены зборнікі вершаў Н. Арсеньевай, Т. Лебеды, Л. Случаніна.
Читать дальше