Перад кожнай чарговай стравай рабілася маленькая перадышка — на тост пад чарку гарэлкі, якая падкідала жару ў цела і дурноты ў галаву.
Час ад часу нехта з гасцей, напханы, як бочка, выходзіў да бліжэйшых дрэў, аблегчваўся і вяртаўся за стол, зноў гатовы і піць, і есці.
Фермеркі — пунсовыя, ацяжэлыя, з напятымі, як шары, ліфамі, перацятыя гарсэтамі, разбухлыя і зверху, і знізу, — доўга не вылазілі з-за стала: саромеліся. Але варта было адной, не надта баязлівай, падняцца і выйсці на панадворак, як следам пацягнуліся ўсе астатнія. Вярнуліся жанчыны павесялелыя, што не магло не выклікаць кепікаў. І пасыпаліся грубыя жарты.
Па застоллі хлынулі непрыстойнасці, і ўсе — на тэму шлюбнай ночы. Арсенал сялянскага досціпу гэтым і вычарпаўся. Падзеі іхняга жыцця адвеку суправаджаліся нязменнымі анекдотамі, і хоць ведалі іх усе прысутныя, але і на гэты раз пры згадцы анекдотаў госці клаліся покатам.
Варта было сівагаловаму старому пачаць: «Каму ў Мезідон — калі ласка, у карэту!» — як адразу грымнуў дружны рогат.
У канцы стала чатыры дзецюкі — жаніховы суседзі — відаць, згаварыліся пажартаваць з маладых і ўжо прыдумалі нешта цікавае — нездарма іх так разбіраў смех.
Нарэшце, калі ўзнікла хвілінка зацішша, адзін дзяцюк голасна сказаў:
— Сёння будзе месячная ноч, і ўжо калі-калі, а сёння браканьеры свайго не ўпусцяць! Як ты думаеш, Жан? Але сёння табе, вядома, не да месяца будзе.
Жаніх крута абярнуўся на голас.
— Хай толькі паткнуцца сюды тыя браканьеры!
— А што, запраста могуць прыйсці, — засмяяўся другі дзяцюк. — Сёння ўночы ў цябе будзе другі клопат!
Застолле скаланулася ад рогату — аж падлога задрыжала, аж зазвінелі шклянкі.
Пры думцы, што нехта можа пакарыстацца вяселлем і пабраканьернічаць на яго зямлі, Жан прыйшоў у шаленства:
— А вось хай толькі паткнуцца, кажу табе!
Зноў пасыпаліся жартачкі, якія змусілі пачырванець нявесту, і без гэтага ўсхваляваную трапятлівым чаканнем.
Нарэшце бочкі гарэлкі былі асушаны і госці паразыходзіліся. Маладыя пайшлі ў спальню, размешчаную, як і ўсе іншыя пакоі, на першым паверсе. Было душнавата, і яны не сталі зачыняць акно, толькі стулілі аканіцы. На камодзе гарэла невялікая безгустоўная лямпа — цясцёў падарунак; пасланы ложак быў гатоў прыняць новую пару, якая за ўвесь цырыманіял сельскіх буржуа не абмянялася ніводным пацалункам.
Разалі ўжо зняла капялюшык і сукенку і цяпер у адной ніжняй спадніцы расшнуроўвала чаравікі, а Жан дапальваў цыгарэту і краем вока паглядваў на сваю маладую жонку.
Ён цікаваў за ёю, і яго агнёвыя вочы хутчэй выдавалі пажадлівасць, чым пяшчоту: ён не гэтак кахаў дзяўчыну, як жадаў яе. І рашуча, рэзкім рухам мужыка, які гатовы ўзяцца за работу, Жан сцягнуў з сябе кашулю.
Разалі скінула чаравікі і ўзялася за панчохі.
— Марш за полаг, пачакай там, пакуль я лягу, — сказала яна.
Яны ведаліся з маленства і былі на «ты».
Жан для прыліку заўпарціўся, потым, хітравата пасмейваючыся, пайшоў і схаваўся за полаг, аднак вытыркнуў галаву. Разалі рассмяялася і пачала засланяць яму вочы, Жан не даваўся — у любоўнай, жыццярадаснай забаве маладых не было і знаку сораму ці няёмкасці.
Урэшце Жан саступіў; Разалі ўмомант расшмаргнула завязку ў сваёй апошняй спадніцы — тая слізганула па клубах, зляцела да ступняў і колам прыпала да падлогі. Разалі не стала падымаць яе, толькі адкінула нагой убок і ў адной танюткай кашулі кульнулася ў ложак, спружыны якога тут жа азваліся рыпам пад яе цяжарам.
Каля ложка адразу з'явіўся Жан, таксама ўжо разуты і раздзеты, нахіліўся да жонкі і стаў шукаць яе вусны, а Разалі хавала твар у падушку, і раптам данёсся далёкі стрэл — ад лесу Рапэ, як падалося Жану.
Ён занепакоена выпрастаўся, з зашчымелым сэрцам падбег да акна і расчыніў аканіцы.
Сядзіба была заліта жоўтым ззяннем поўні. Толькі пад яблынямі ляжалі густыя плямы ценю. Воддаль залаціста свяцілася поле спелай пшаніцы.
Жан высунуўся з акна, выцікоўваючы кожны начны шолах, але тут аголеныя рукі абвілі яму шыю, і Разалі, адцягваючы мужа назад, прашаптала:
— Ды кінь ты, што табе да гэтага! Хадзем!..
Ён абярнуўся, абняў яе, скрозь далікатную тканіну адчуў усё яе трапяткое цела, лёгка падхапіў жонку на рукі і панёс на пасцель.
Але ў той момант, як ён паклаў яе на ложак — той угнуўся ад цяжару, — грымнуў другі стрэл, на гэты раз бліжэй.
— ...вашу маць! — вылаяўся ўз'юшаны Жан. — Яны думаюць, што я ўжо і не выйду з-за цябе?.. Ну, пачакайце ж, пачакайце!
Читать дальше