На наступны дзень
Стаматолаг запламбаваў мне зубік. Кажа, што нехта зь яму знаёмых цікавіцца маім лесам. Круглая ў дантыста мордачка, маладзенькая i, здаецца, нахабная. Усё выклікаў на размову, а калі я загаварыў па-беларуску, то запатрабаваў гаварыць да яго па-расейску. Ox, i карцела ж мне засадзіць у доктарскія бельмы сталёвы маніпулятар бормашыны!
Вечарам заехаў новенькі, 201-ы артыкул. Здаровы, загарэлы, забралі проста з поля, на якім бульбу капаў разам з бацькамі. А Дзіму-баксёра нагналі – адпусьцілі дамоў.
П’ю дэ-нол, але ня лепшае. Цывільныя прадукты скончыліся. Няўжо, блін, засудзяць? Няўжо выгарыць падонку чарговы рэферэндум?
28 верасьня, субота
Позна вечарам заехаў малалетка Алег Туронак. Рухавы. Бываў у Друі, што нагадала мне Галіну, ейную сакавітую чорт ведае як назваць штучку. Ноччу быў кіпеж: з камеры 58 пацан ламаўся з крыкам „Адпусьціце мяне дамоў!” Урэшце закінулі яго ў рэзінку, дзе ён спачатку крычаў немым крыкам, а потым заціх, зьбіты. I стала так сумна-сумна...
Холадна. Баландзёрскім чаем вымываем з кашы тэхнічны тлушч, зь якога ніякага толку, бо не засвойваецца. Ад гэтага клятага тлушчу пякотка страўнік рэжа без нажа.
30 верасьня 1996 году
Як абрыд гэты зьвярынец! Маскалёва прыдушыў бы, макрыцу!..
Да абеду заходзіў сяржант сьпецчасткі i ўручыў для азнаямленьня паперу, у якой паведамлялася, што калегія Вярхоўнага Суду будзе разглядаць прыватны пратэст аблпракурора. На прагулцы сёньня дождж са сьнегам, вецер. Тэрмінова трэба дастаць ватоўку й шапку. Ізноў Сьветка дзяжурыла - грудзі на кармушку-кармілку.
4 кастрычніка (пятніца)
Позны вечар. Прыгнобленасьць, злосьць, нянавісьць. Сёньня роўна 6 месяцаў з дня майго ўвязьненьня. Паўгоду за кратамі! За сваё, дзякуй богу, за Бацькаўшчыну, не за ліхое.
Пракурор запрасіў Стусу 12 гадоў. Страшна. Аддасьць лепшыя свае гады. Застаецца ў яго сын, жонка, хворая маці, якой усяго 45 гадоў, якую паккіуў бацька пяцідзесяці гадоў, пайшоўшы за маладой. Сёньня да прагулкі з Валянцінам Г. курдыкалі пра палітыку, мараль... Сэрца ў яго баліць. Жэню С. прывялі з суду са сьлязьмі на вачох. А такі быў вясёлы, пакуль была надзея. Судзяць жа яго па чатырох артыкулах за бандытызм.
6 кастрычніка (нядзеля)
Ізноў дрэнна, лёгкія болі ў жываце. Змрочна, Імжыць дождж. Сёньня ноччу камар не даваў спакою. Днямі клоп пагрыз шыю.
А дзевятай вечара заходзіў выхавальнік Шульцаў, патрабаваў у пятнаццацігадовага Андрэя Казлова з Талачына гаварыць „правільно” (Андрэй гаварыў па-беларуску).
Ем часнык (альбо чосьнік), горкі перац, яблыкі. У камернай сям’і нас цяпер чатырох плюс новы - Бароха. Падумаць толькі, ягонае маці Ўсяго 36! Успамінаю лета, сястрычку Сьвету, якая дапамагала мне перапраўляць на волю малявы. Тады напісаліся гэтыя радкі:
Такая ціхая i сьціплая,
на шыі крыжык залаты,
вяртаеш ты мяне, асіплага,
зноў да жыцьця i пекнаты.
Уколам, клізмаю i грэлкамі,
i чысьцінёю прасьціны,
i броваў чорненькімі стрэлкамі,
i непрысутнасьцю маны,
вхртаеш ты мяне ў дні радасьці,
мяне, прыкутага за верш,
вяртаеш з зоны бруднай стаднасьці...
10 кастрычніка
Выклжалі да пракурора па наглядзе за рэжымам утрыманьня - старшага саветніка юстыцыі Пазоўскага. З гэтай сінюшнай мордай алкаголіка спрабаваў гаварыць пра ўмовы майго ўтрыманьня, маю заяву на ймя генпракурора. Але нічога новага, усё па сістэме: ты ім адно, яны табе другое. На чарговым шмоне ў Траля Барохі адшманалі кепку а-ля сьпецназ. Маўляў, нельга арыштаванаму насіць форменнае адзеньне, хай сабе гэта ўсяго толькі кепка-підарка ў плямы брудна-зялёнага колеру.
Вечарам прыйшло малачко, але абяцанай дыеты няма й ня будзе.
12 кастрычніка
Ноччу сьніліся цікавыя сны. Першы сюжэт: мяне сустракаюць знаёмыя, бачу аксэсуары ката, катуюць. Другі: я ў кампаніі сваіх, Вячорка побач. Усе разам на нейкім лятальным апараце мы падаем у вадаём, што i ўратоўвае нас ад сьмерці. Пасьля сну настрой прыўзьняты. I цёплае, сонечнае надвор’е.
Ноч з 12-га на 13-га кастрычніка
Гляджу фільм „Мярцьвяк”. Пра амэрыканскага паэта Уільяма Блейка. Пасьля фільму - рок-канцэрт „Рок па вакацыях”. Камоцкая сьпявае: „Мая свабода – зь ветрам нязгода”. Камэра дрыхне.
14 кастрычніка, панядзелак
У „хаце” генеральная прыборка. Васемнаццацігадовы пацан (Троль), як высьветлілася, няведае, што была такая вайна - другая сусьветная. Гэта ўразіла, дальбог. На фоне такіх тролікаў адчуваеш сябе старажытным егіпецкім жрацом-фараонам.
Читать дальше