2. Падзел гісторыі Беларусі на пэрыёды
Хоць гэтае пытаньне мае больш мэтодолёгічны характар, але пэрыёдызацыю собскае гісторыі павінен ведаць кажны беларус. Падзел гісторыі на пэрыёды — гэта касьцяк, фундамэнт будовы самое навукі, сынтэза гісторыі. Даты, аддзяляючыя пэрыёды — гэта паваротныя вехі ў жыцьці народу. Можна забыцца аб фактах, але аб гэтых паваротных мамэнтах трэба ведаць.
Ні ў якім прыпадку ня будзе дапушчальным тасаваньне старога падзелу гісторыі Беларусі нa гэткiя пэрыёды, як «полацкі», «літоўскі», «польскі», «расейскі» і хто ведае яшчэ які. Гэты падзел у сваіх асновах фальшывы. Ён прадстаўляе наш народ у мінуласьці як аб’ект, а не як суб’ект, што зусім не адказвае гістарычнай праўдзе. Якой-бы багатай i слаўнай ня была мінуўшчына народу, ўцісьненая у гэткую «пэрыёдызацыю» яна будзе ад пачатку прадстаўлена ў фальшывым аспэкце. Аўтар гэтага артыкулу ў працы «Перыёдызацыя гісторыі Беларусі» абасноўвае наступны падзел на пэрыёды нашае гісторыі:
I. Пэрыёд асобных беларускіх гаспадарстваў (да паловы ХIII ст.).
ІІ. Пэрыёд суцэльнага беларускага гаспадарства (ад паловы ХIII ст. да канца ХVІІ).
III. Пэрыёд заняпаду беларускае гаспадарсьцьвенасьці (ад канца ХVІІ ст.).
У першых двух Беларусь жыла незалежным гаспадарсьвеным жыцьцём i была суб'ектам у эўрапэйскіх адносінах, у трэцьцім пад польскай i маскоўскай няволяй.
Трэба тут падчыркнуць, што думку аб гэтым падзеле гісторыі Беларусі на пэрыёды знаходзім і ў праф. Доўнар-Запольскага ў ягонай працы “Асновы гаспадарсьвенасьці Беларусі” i M. Шчакаціхіна «Гісторыя беларускага мастацтва». Праўда, яна ня выказана там выразна, але сама сабой выплывае. Дык няма патрэбы трымацца старога, фальшывага падзелу, каторы нічога не выясьняе, a толькі ўсё зацемняе.
Гаворачы аб першым пэрыёдзе, трэба зьвярнуць аднолькава важную ўвагу як на Полаччыну, так на Смаленшчыну. Нельга абмінуць i гісторыі тых гаспадарстваў княстваў, каторыя з прычыны эканамічных, ды іншых адносінаў, лучалі на даўжэйшы час у палітычную залежнасьць ад небеларускіх цэнтраў, напр. Чарнігава-Севершчына, Пскоўшчына. Асабліва культурныя здабычы Смаленшчыны павінны быць падчыркнены, бо яны сапраўды, былі вялікімі.
ВЯЛІКАЕ КНЯСТВА ЛІТОЎСКАЕ (БЕЛАРУСКАЕ)
Пераходзячы да агляду другога пэрыёду беларускае гісторыі, трэба зьвярнуць асаблівую ўвагу на паўстаньнe Вялікага Княства Літоўскага. Тады нам будзе ясным, што гэтае гаспадарства ад свайго пачатку было беларускім, і толькі таму ў ім панавала беларуская культура, беларуская мова, звычаі, асновы гаспадарсьцьвенага ладу, палітыка, а ня дзякуючы таму непраўда-падобнаму факту, што беларуская культура зь «цягам часу» перамагла, што нейкія мітычныя заваёўнікі нас падбілі, стварылі так магутны гаспадарсьцьвены арганізм, а потым самі пырснулі як мыльныя бурбалкі. Трэба ведаць, што калі-б гаспадарсьцьвены арганізм Вялікага Княства Літоўскага быў збудаваны не беларускімі, а іншымі рукамі, дык нашая культура ў ім напэўна — бы не перамагла, як у падобных выпадках не перамагала нідзе культура падбітага народу. Не магло быць цудаў i ў нас.
Але калі толькі належна прадставіць гістарычныя факты штода ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага, дык кажнаму будзе ясным, што гэта гаспадарства было беларускім ад пачатку. Як гэтыя факты выглядаюць?
Вось-жа Вялікае Княства Літоўскае было заложана Міндаўгам, у сярэдзіне ХШ ст. Тады яно ахапляла толькі беларускія землі — Наваградчыну, Слонімшчыну, Горадзеншчыну і Ваўкавышчыну. З гэтуль экспансія маладога княства йшла на поўнач (жмудзкія землі, або сяньняшняя этнаграфічная Летува), на ўсход (крывіцкія землі), поўдзень (рускія). У той час, калі экспансія на крывіцкія землі адбывалася бесьперашкодна й гэтыя землі дабравольна далучаліся адна за другой да нарастаючага палітычнага твору, жмудзкія, або этнаграфічна-летувіскія былі далучаны да новага гаспадарства сілай. Ведама, што зь беларускіх земляў князь Міндаўг рушыў у 1264 ці 1263 г. на падбой Жмудзі. Як падае летапісец, ён яму ўдаўся, хоць сам Міндаўг у гэтай барацьбе зьгінуў.
Далучэньне этнаграфічна-летувіскіх земляў да новага гаспадарства вельмі павялічыла ў ім этнаграфічна-летувіскі элемэнт. Можна нават казаць, што калькасна ён мала ўступаў беларускаму. Ёсьць гістарычныя дадзеныя, што між беларускім і летувіскім элемэнтамі пачалася барацьба за кіраваньне новым палітычным арганізмам. I няведама, якой была-б яго доля, калі-б на гістарычную арэну ня выступіла вялікая ў нашай гісторыі асабістаць — князь Войшалак, сын Міндаўга. Як падае летапісец, ён удаўся ў Жмудзь з жаданьнем памсьціць сьмерць свайго бацькі, — князя Міндаўга. Меў ён толькі беларускую дружыну i ў кароткім часе вярнуў на Жмудзі парадак, «ізбіяху» там як кажа летапісец, вялікае «множество» ворагаў. Гэтым была адсунена назаўсёды небясьпека апанаваньня гаспадарства этнаграфіч-налетувіскім элемэнтам. Гэтым было запэўнена панаваньне беларускіх нацыянальных (паколькі да тых часоў можна, наагул, адносіць гэтае паняцьце), культурных, палітычных i эканамічных асноў у новым гаспадарсьцьве.
Читать дальше