Прычыны заняпаду беларускай гаспадарственнасьці праф. Доўнар-Запольскі бачыць у Берасьцейскай рэлігійнай вуніі 1595 г., якая прынясла ў Беларусь рэлігійную вайну. Гэта вайна нішчыла ўсе сілы народу. Побач з гэтым пачаліся польскія ўплывы на беларускую шляхту i магнатаў. Гандаль і прамысловасьць заняпалі, сялянства, дзякуючы ўзросту шляхоцкіх прывілеяў, трапіла ў поўную залежнасьць ад паноў. Беларуская мова ўступала паступова месца польскай або лацінскай.
Аднак, калі вышэйшыя слаі насельніцтва паддаваліся полёнізацыі, дык сялянства i ў значнай ступені мяшчанства ўпорыста баранілі свайго права на самастойнае рэлігійна-нацыянальнае жыцьцё.
Калі Беларусь трапіла пад Расею, у ёй пачалі ўвадзіцца расейскія парадкі. Расейскі рэжым змагаўся з палітычнымі ўплывамі апалячанай шляхты, палітыкуючым каталіцызмам, аднак, кажа праф. Доўнар-Запольскі: «Гэта барацьба вялася няўдала, груба i несыстэматычна. Расейскі ўрад амаль да 60 гадоў дрэнна разумеў, што ён мае справу з беларускім краем. Ён не дагадваўся, ды па сутнасьці кірунку сваёй палітыкі і ня мог апёрціся на дэмакратычныя элемэнты: на сялянства i мяшчанства. Дзеля гэтага, як ня дзіўна, полёнізацыя i пад Расеяй мела вялізарныя поступы, бо расейскі ўрад пасьпеў адтаўкнуць ад сябе ўсе тыя элемэнты, якія адзначаліся беларускім нацыянальным духам». Гэткая палітыка зьнеахвоціла да сябе беларусаў і таму яны, імкнучыся да вызваленьня ад расейскага рэжыму, прыймалі актыўны ўдзел у паўстаньнях 1831 i 1863 гадох. Характарызуючы асновы гаспадарственнага i сацыяльнага ладу Беларусі, праф. Доўнар-Запольскі піша гэтак «Найдаўнейшы пэрыяд гісторыі Беларусі характарызуецца панаваньнем дэмакратычных ідэяў у сацыяльным і гаспадарственным ладзе. Найвышэйшую ўладу мела веча, якое выбірала князёў. Клясавага падзелу ня было, панавала ідэя роўнасьці».
Гэткі парадак існаваў да пачатку XVI ст., калі дыфэрэнцыяцыя сацыяльных клясаў, ішоўшая з Польшчы i этнографічнай Літвы, падзяліла і беларускае грамадзянства на тры клясы: шляхту, мяшчанства i сялянства. Гаспадарственны лад Беларуска-Літоўскае дзяржавы праф. Доўнар-Запольскі характарызуе, як рэспубліканскі, з выбіраным на ўсё жыцьцё прэзыдэнтам, званым вялікім князем, гаспадаром. Гэты лад вытварыўся шляхам эволюцыі даўнейшага вечавога парадку. На гэтыя дэмакратычныя парадкі Беларусі зьвярнуў вялікую ўвагу расейскі рэжым. У б. расейскай імпэрыі ня было правінцыі, да якой урад аднасіўся-б гэтак варожа, як да Беларусі. Расейскі ўрад зьліквідаваў дасюлешняе школьніцтва i ўзамен фактычна ня даў нічога. Гэткія меры расейскага ўраду спрычыніліся да далейшае полёнізацыі беларускае інтэлігенцыі, бо ўсе выдатнейшыя адзінкі, якія імкнуліся да палітычнае свабоды, далучаліся да польскага руху, скуль чакалі хутчэйшага вызваленьня. Пагардліва адносячыся да сялянства i мяшчанства, расейскі рэжым не даваў магчымасьці да разьвіцьця нашай інтэлігенцыі. Тым, што выходзілі з гэтых чыста беларускіх клясаў, не давалі працы ў краі, а высылалі ў глыбіню Расеі. У Беларусь наплывалі вялікарускія ўрадоўцы. Змагаючыся з беларускай культурай i яе прадстаўнікамі, расейскі ўрад інстынктыўна або i сьведама разумеў самастойнасьць гэтай культуры i баяўся яе.
А запраўды, з культурнага гледзішча беларуская нацыянальнасьць — кажа паважаны аўтар — можа з гордасьцю ўспамінаць сваю мінуўшчыну. Праф. Доўнар Запольскі вылічае вялікіх прадстаўнікоў беларускай культуры, пачынаючы ад XII ст., у галіне асьветы, літаратуры, права, над чым мы ня будзем спыняцца, бо гэтая квэстыя ёсьць ведамай шырэйшаму беларускаму грамадзянству i ня толькі беларускаму. Рэлігійнае змаганьне аслабіла, праўда, разьвіцьцё самабытнай беларускай культуры, але, кажа аўтар: «Важна тое, што беларускі народ перанёс гэту пару змаганьня і ў значнай ступені гарады ды ўсе сялянства асталіся вернымі сваёй нацыянальнасьці. Брацтвы далі вытрывалы прыклад змаганьня за сваю нацыянальнасьць. Яны абаранілі беларускую культуру, літаратуру, асьвету і беражна давялі нацыянальныя традыцыі, пачуцьцё нацыянальнае самабытнасьці да пачатку XIX ст., калі рэлігійная барацьба згубіла свой сэнс». Беларуская культура на працягу навейшай сваёй гісторыі мела шмат стратаў, узбагачваючы польскую i расейскую. Касьцюшка, Сыракомля, Крашэўскі, Адам Міцкевіч (дададзём ад сябе — Дастаеўскі) — гэта па паходжаньню беларусы, якія працавалі на карысьць чужых культур. Ідэя беларускага адраджэньня набрала асаблівага размаху ад 80 гадоў мінулага стагодзьдзя, ня гледзячы на вялізарныя перашкоды з боку ўлады. Адрадзілася беларуская літаратура, ідэя беларускае гаспадарственнасьці. Усё гэта паказвае «на жывучасьць беларускай нацыянальнасьці».
Читать дальше