Звычайна такія выданьні, як навуковая, палітычная й тэхнічная літаратура, за малымі выняткамі, выпускаюцца ў расейскай мове, а ў беларускай мове - галоўна мастацкая й масава прапагандавая літаратура. Але трэба з асаблівым націскам падчыркнуць, што арыгінальная мастацкая літаратура - творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, а таксама літаратурныя часапісы - выдаюцца такім малым тыражом, што яны ў ніякім выпадку ня могуць забясьпечыць патрабаваньняў чытача. Рэдактар Парыцкай раённай газэты «Ленінская перамога» С.Прач яшчэ ў 1958 годзе жаліўся:
На паліцах Парыцкай раённай кнігарні ляжыць многа кніг: палітычная, сельскагаспадарчая, навукова-асьветная літаратура, творы рускіх і заходняэўрапэйскіх клясыкаў, сучасных пісьменнікаў. Аднак патрэбную кнігу не заўсёды купіш. Асабліва мала тут беларускіх пісьменьнікаў... Уся прычына, відаць, у тым, што зь нейкага часу творы беларускіх пісьменьнікаў выдаюцца абмежаванымі тыражамі. Тыраж 3-5-8 тысяч экзэмпляраў далёка не задавальняе попыт... Да раённых цэнтраў даходзіць нязначная колькасць беларускіх кніг, а ў сельскіх крамах і ларкох іх зусім не прадаюць... Даволі часта можна сустрэць пагардлівыя адносіны да распаўсюджваньня беларускіх кніг[ 30 30 «Літаратура і Мастацтва», № 11, 05.02.1958.
].
Такія «пагардлівыя адносіны да распаўсюджваньня беларускіх кніг» - гэта агульная зьява ў БССР. Пісьменнік І.Шамякін, выступаючы на 4-ым Зьезьдзе беларускіх пісьменнікаў у лютым 1959 году, таксама сьцьвердзіў: «Але мы, пісьменнікі, часта чуем скаргі, што кніг не хапае. Гэтыя скаргі асабліва настойліва выказваюць вучні старэйшых клясаў і выкладчыкі беларускай літаратуры»[ 31 31 «Літаратура і Мастацтва», 18.02.1959.
]. Пра «пагардлівыя адносіны да распаўсюджваньння беларускіх кніг» найлепей сьветчыць наступны факт. У сувязі з XXII зьездам камуністычнай партыі адбыўся ў Менску 17 лістапада 1961 году адкрыты сход партарганізацыі Саюзу пісьменнікаў БССР. І характэрна: на сходзе менш за ўсё гаварылася аб партыйным зьезьдзе, а галоўная ўвага была зьвернутая на заганнае распаўсюджваньне беларускіх кнігаў. «Літаратура і Мастацтва», зьмяшчаючы справаздачу із сходу, пісала:
Гаворачы пра распаўсюджваньне беларускай літаратуры, пра тыражы беларускіх кніг і часапісаў, Р.Сабаленка прыводзіць наступныя лічбы. На 15 лістапада на часопісь «Полымя» падпісалася 3.128 чалавек. А між тым у нашай рэспубліцы каля 20 тысяч бібліятэк, каля 12 тысяч школ, сотні дамоў культуры і клюбаў. Часопісь да вельмі і вельмі многіх зь іх не даходзіць. Прамоўца крытыкуе заганныя моманты ў практыцы вызначэньня тыражоў кніг у Белдзяржвыдавецтве... Як і Сабаленка, прамоўца (пісьменьнік П.Панчанка - С.С.) спыніўся на пытаньнях распаўсюджаньня беларускай кнігі... Нажаль, часам атрымліваецца так, што чытачы проста ня маюць магчымасьці пазнаёміцца зь беларускай кнігай. П.Панчанка прыводзіць абураючы факт, калі кіраўніцтна Парку культуры і адпачынку г. Магілёва, маючы даволі вялікія сродкі на падпіску на газэты і часапісы, ня выпісвае ніводнага беларускага выданьня[ 32 32 «Літаратура і Мастацтва», № 92, 21.11.1961.
].
Старшы інспэктар праўленьня «Саюздруку» М.Палунічаў у артыкуле «Часапіс просіцца ў бібліятэку», прывёйшы некалькі фактаў байкатаваньня беларускіх кнігаў некаторымі бібліятэкамі гораду Магілева, паставіў пытаньне: «Ці ведамыя гэтыя факты Міністэрству культуры БССР і Беларускаму рэспубліканскаму савету прафсаюзаў?» І тут-жа даў адказ: «Так, ведамыя. Аднак ні Міністэрства культуры, ні Беларускі рэспубліканскі савет прафэсіянальных саюзаў па сутнасьці ніякіх практычных мер яшчэ ня прынялі... Ня выпісваюць беларускіх літаратурна-мастацкіх пэрыядычных выданьняў бібліятэкі сярэдніх і васьмігадовых школ. - Няхай гэтыя выданьні выпісваюць выкладчыкі за наяўны разьлік, - адказаў намесьнік Міністра асьветы БССР С.Умрэнка. - У нас грошай няма»[ 33 33 «Літаратура і Мастацтва», № 93, 24.11.1961.
].
Прыведзеныя факты даволі ілюструюць тую зьяву, што беларуская мова ў беларускай рэспубліцы адсунутая расейскай мовай зусім на задні плян. Яна дапушчаная да публічнага ўжываньня толькі ў некаторых галінах жыцьця, як мастацкая літаратура, у чым трэба бачыць наўперад заслугу беларускіх пісьменьнікаў, у штодзённай прэсе ды масава-прапагандавай літаратуры, што можна выясьніць палітыкай партыйнага кіраўніцтва, жыва зацікаўленага, каб гэтая літаратура й прэса даходзіла да найшырэйшых масаў жыхарства. Затое ўва ўсіх іншых галінах публічнага й грамадзкага жыцьця ўсяўладна пануе расейская мова, ня вылучаючы навет, як мы бачылі, і школьніцтва. Такім парадкам, расейская мова, як агульная для ўсяго СССР дзяржаўная мова, як мова «клясыкаў марксізму-ленінізму», «перадавой сацыялістычнай нацыі» й «вялікага рускага народу», як «мова міжнацыянальных лучнасьцяў» ды як «другая родная мова» ўсіх народаў Савецкага Саюзу, як яна афіцыйна абазначаецца, фактычна сталася першай мовай у грамадзкім, палітычным, адміністрацыйным і навет культурным жыцьці БССР. Беларуская-ж мова выціснутая на задні плян і дапушчаная фактычна да выконваньня адно падсобных ці пабочных і часткова паказальна-прапагандовых функцыяў.
Читать дальше