Спектакль слонімцаў вабіў сваёй музычнасцю, этнаграфічнай дакладнасцю, пластычнасцю пабудовы мізансцэн масовак, ансамблевасцю пастаноўкі. Музыка, напісаная самадзейным кампазітарам Міхасём Гарабцом, у выкананні самадзейнага аркестра народных інструментаў пад кіраўніцтвам Марата Малікава, нясла ў масы подых беларускасці. Шчырасцю і глыбінёй пачуццяў, яркасцю народных характараў вызначалася выступленне артыстаў Святланы Варвашэвіч, Ніны Куршук, Андрэя Каханоўскага, Анатоля Цярэніна, Людмілы Клімовіч, Людмілы Завадскай і іншых. Спектакль сплавіў у сабе трагізм і светлую веру, нацыянальны каларыт і мяккі лірызм.
У гэтага спектакля быў слаўны лёс. А пачаўся ён удалым дэбютам на Гродзенскім абласным фестывалі тэатральнага мастацтва, а пасля ў Таліне на Усесаюзным фестывалі мастацкай творчасці ў 1976 годзе. Тады ў Таліне ў рамках Усесаюзнага фестывалю праводзіўся трэці па ліку традыцыйны фестываль народных тэатраў чатырох рэспублік – Беларусі, Літвы, Латвіі і Эстоніі пад назовам “Рампа дружбы -76”. Дарэчы, першы фестываль быў Вільні, другі – у Рызе, трэці – у Таліне, а заключны – у Мінску. Самадзейнае тэатральнае мастацтва Беларусі ў Таліне прадстаўлялі Мазырскі і Слонімскі народныя тэатры. Мазырскі тэатр паказаў “Трыбунал” А.Макаёнка, а Слонімскі – “Папараць кветку” Івана Козела. Талінскі глядач вельмі цёпла сустрэў выступленне калектыву са Слоніма. А на заключным Усесаюзным фестывалі самадзейнай мастацкай творчасці ў Мінску спектакль слонімскіх артыстаў атрымаў дыплом і быў узнагароджаны вялікім залатым медалём. Узнагароды атрымалі многія артысты тэатра за выкананне сваіх роляў.
Спектакль Слонімскага народнага тэатра “Папараць-кветка” паказвалі па Беларускім тэлебачанні. Тэатр з ім аб’ездзіў амаль усю Беларусь.
Да спектакля “Папараць-кветка” былі выпушчаны афішы, а таксама праграмкі: адна на беларускай мове 3000-м накладам, другая да фестывалю – на рускай мове накладам 1000 экземпляраў.
Слонімскай “Пінскай шляхце” – 30 гадоў
Сёлета грамадскасць Беларусі адзначыла светлы юбілей – 200-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча (1808-1884). Творчасць нашага песняра звязана і з нашым родным горадам Слонімам. А справа вось у чым.
30 гадоў таму, 17 студзеня 1978 года, у Мінску ў Доме літаратара адзначалася 170-годдзе В.Дуніна-Марцінкевіча. Вечар тады адкрыў і вёў паэт Анатоль Вярцінскі. Пра жыццёвы шлях песняра цікава распавёў Генадзь Кісялёў. А кампазітар Ігар Лучанок напісаў і выкананаў новую песню на словы Дуніна-Марцінкевіча.
Пасля ўрачыстай часткі на сцэне сталічнага Дома літаратараў адбылася прэм’ера спектакля ў пастаноўцы Слонімскага народнага тэатра. Гэтай прэм’ерай была “Пінская шляхта”.
Калі верыць даследчыку творчасці Язэпу Янушкевічу, “Пінская шляхта” Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам была напісана ў 1866 годзе, а ўпершыню апублікавана ў газеце “Вольная Беларусь” у 1918 годзе. Пастаўлена “Пінская шляхта” упершыню была ў Менску ў 1925 годзе.
Прэм’ера слонімскай “Пінская шляхта” у Мінску прайшла на “біс”. Вельмі цікавы вобраз Кручкова стварыў артыст тэатра Аркадзь Будзілаў. З гэтай пастаноўкі гледачы ўбачылі, што артысту файна ўдаюцца вобразы сатырычнага характару.
У ролі Куліны былі занята артыстка Людміла Клімовіч. Дарэчы, гэта родная сястра Алега Лойкі. Пра яе, як артыстку, рэжысёр спектакля і кіраўнік народнага тэатра Мікалай Варвашэвіч пасля спектакля сказаў, што з Людмілай Клімовіч лёгка працаваць, яна хутка ўжываецца ў ролю, дапамагае працаваць маладым, карэктуе мову артыстаў, падказвае, як лепш вырашыць тую ці іншую сцэнічную сітуацыю.
Ціхона Пратасавіцкага і Івана Цюхай-Ліпскага добра сыгралі артысты Аляксандр Рыжкоў і Віктар Шчарбакоў. Грышку і Марыську ігралі Людміла Кісялёва і Анатоль Цярэнін. Дарэчы, і сам рэжысёр Мікалай Варвашэвіч стварыў на сцэне цікавы, самабытны вобраз Харытона Куторгі.
Гэта было ў Мінску роўна 30 гадоў таму. Пасля спектакля да слонімскіх артыстаў падыйшлі і сказалі словы падзякі Максім Танк, Ігар Лучанок, Анатоль Вярцінскі, Анатоль Сабалеўскі і іншыя дзеячы беларускай культуры. А Максім Танк ад імя Саюза пісьменнікаў БССР нават выступіў і павіншаваў слонімцаў з вялікім поспехам.
Да гэтай прэм’еры ў Слонімскай друкарні была выпушчана праграмка “Пінскай шляхты” і арыгінальная афіша (мастак Уладзімір Жук). А ў Мінску да вечарыны надрукавалі запрашальны білет.
Читать дальше