Слонімцы заўсёды любілі тэатральныя пастаноўкі Мікалая Варвашэвіча, што і казаць! А глядзельныя залы заўсёды былі перапоўненыя. Аншлагамі запомніўся і спектакль “Прахадны бал” па п’есе Уладзіміра Канстанцінава і Барыса Рацэра. Праз гумар і сатыру, часам прамалінейную, характэрную аўтарам п’есы “Прахадны бал”, дзякуючы цікавым акцёрскім знаходкам, сцэнічнай культуры, адчуванню рэжысёрам і акцёрамі камедыйнага жанру, у спектаклі ўздымаліся важныя сацыяльныя, маральныя і псіхалагічныя праблемы, звязаныя з адказнасцю за лёс падлетка, за яго будучыню, як асобы, як грамадзяніна. Пераканаўчыя і арганічныя ў вырашэнні сваіх герояў былі на сцэне артысты-ветэраны тэатра – Л.Літвіненка, А.Лаўрашчук, К.Палішчук, В.Шчарбакоў і іншыя. У спектаклі вялікая роля была даручана моладзі. Маладыя выканаўцы апраўдалі давер свайго рэжысёра. Абыякавым і непасрэдным, добрым і іранічным паказаў свайго героя Сяргея Голубева артыст Пётр Струкаў. Шчырасць, пранікнёнасць, зацікаўленасць былі характэрныя для Вольгі Ражко, якая выконвала ролю Полі, сяброўку Сяргея. Змог унесці дадатковыя фарбы ў вобраз навучэнца прафтэхвучылішча Лёні артыст Ігар Падгарадзецкі...
Паведамленні па радыё і тэлебачанні ў 1984 годзе аб тым, што Слонімскі народны тэатр паставіў “Уладу цемры” Льва Талстога, здзіўлялі і ўражвалі. Такі факт зацікавіў па многіх прычынах. Пяціактовая п’еса класіка рускай літаратуры для сцэнічнага ўвасаблення нават на прафесійнай сцэне з’яўляецца досыць складанай. Гэта па-першае. І па-другое, здзіўляла ўсіх смеласць тэатра, які ўзяўся за такі складаны матэрыял. На пытанне, чаму рэжысёр узяўся за пастаноўку менавіта гэтай п’есы, Мікалай Варвашэвіч адказаў: “Работа над класічнымі творамі, асабліва над рускай класікай, лепшая школа акцёрскага майстэрства. Любы тэатральны калектыў павінен час ад часу звяртацца да класікі для таго, каб праверыць, на што ён здатны, што здолеў назапасіць за мінулыя гады. Іншым разам у пагоні за злабадзённасцю, адлюстраваннем дня сённяшняга, мы свядома пазбаўляем сябе магчымасці працаваць з першакласным літаратурным мкатэрыялам. Пры выбары п’есы для пастаноўкі рэжысёр не павінен забывацца і на вучэбна-выхаваўчыя задачы. А драма Талстога насычана выдатнымі, сакавітымі вобразамі – Матроны, Мікіты, Аніссі, Акіма, Мітрыча і іншымі. У п’есе ёсць таксама некаторыя моманты, сугучныя нашаму часу. У ёй узняты праблемы, якія не вырашаны і сёння: праблема сэнсу жыцця, сумлення, злачынства і пакарання, праблема ўзаемаадносін бацькоў і дзяцей, і галоўнае – праблема бездухоўнасці існавання. Бо бездухоўнасць і ёсць сінонім той “цемры”, у якую паступова апускаюцца многія героі п’есы. Але тэатру хацелася паказаць не толькі “уладу цемры”, але і багацце душы рускага народа, яго спрадвечнае імкненне да святла, яго барацьбу супраць гэтага зла. “Душа ж патрэбная!” – гаворыць Мікіце яго бацька. Акім, адзін з тых герояў п’есы, якія з’яўляюцца промнем святла ў гэтым цёмным царстве. Нам здавалася, што нельга вялікую нацыю паказваць толькі з адмоўнага боку. У працэсе рэпетыцый мы імкнуліся да таго, каб героі спектакля былі не проста цёмнымі людзьмі, каб іх вобразы не былі адназначнымі, намаляванымі адной толькі чорнай фарбай. Яшчэ К.С.Станіслаўскі казаў пра тое, што калі ты іграеш адмоўнага героя, шукай у ім станоўчае. Героі п’есы не нарадзіліся злачынцамі. Такімі іх шмат у чым зрабілі абставіны, акалічнасці, увесь уклад жыцця, улада грошай. У Матроны, маці Мікіты, добрыя, здавалася б, намеры: яна хоча забяспечыць свайму сыну заможнае жыццё. “Гаспадаром будзеш!” – кажа яна, падштурховаўючы яго на злачынства. П’еса Талстога “абрасла” штампамі, трывала замацаваліся за ёй нялепшыя традыцыі. “Створым вобраз цемры!” – вырашалі многія рэжысёры і прыкладалі да гэтага ўсе намаганні. Тэатру хацелася паказаць, як, змагаючыся за ўласнае шчасце, за свой лёс, героі п’есы і спектакля не ацэньваюць належным чынам свае ўчынкі, не суадносяць іх з маральнай нормай. Народнаму тэатру гэтая п’еса блізкая па духу: у ёй дзейнічаюць не салонныя героі, а выхадцы з народнага асяроддзя, паказаныя на пераломе, у крытычныя моманты свайго лёсу. Нездарма рэпетыцыі спектакля доўжыліся амаль год. Сёння нельга прачытаць і ставіць п’есу так, як гэта рабілі сто ці пяцьдзесят гадоў назад. Трэба імкнуцца знайсці ў ёй тыя струны, якія і сёння гучаць свежа і сучасна. Тэатру хацелася, каб пасля спектакля глядач задумаўся: якія чалавечыя рысы, якасці, уласцівыя героям, яшчэ існуюць у наш час, каб глядач задумаўся над тым, як трэба жыць і што робіць чалавека чалавекам...” (“Літаратура і мастацтва”, 22 чэрвеня 1984 г.).
Читать дальше