Спектакль сталічным гледачам спадабаўся. Пра гэту падзею напісалі амаль усе беларускія газеты. Пастаноўка таксама была паказана Мінскай студыяй тэлебачання. Тэатральны крытык Арсень Лабовіч у газеце “Знамя юности” 27 лютага 1964 года пісаў: “Достижение единства художественного стиля является подтверждением высокого режиссёрского мастерства постановщика, руководителя Слонимского народного театра М.И.Фридмана. Все исполнители объединяют свои усилия вокруг главной идеи спектакля – раскрыть перед зрителем бесперспективность общественных отношений, где человек человеку волк. В этом – современность и актуальность постановки. Исполнители понимают, чувствуют свои задачи, ощущают эпоху. Это хорошо. Вместе с тем эти индивидуальные цели не всегда сливаются в общую сверхзадачу спектакля, в отдельных сценах не хватает чувства ансамбля. Правда, исключительно большую помощь в этом смысле оказала коллективу Ольга Владимировна Галина. Своей великолепной игрой она не только обогатила коллектив сценическим опытом, -- её исполнение как бы сцементировало творческие усилия остальных исполнителей вокруг образа Софьи”.
За спектакль “Апошнія” калектыў Слонімскага народнага тэатра і яго рэжысёр Міхаіл Фрыдман, а таксама артыстка Вольга Галіна, атрымалі падзяку ад Міністэрства культуры БССР.
Добра быў падрыхтаваны і меў поспех спектакль у пастаноўцы Міхала Фрыдмана “Глыбокая плынь” па п’есе Івана Шамякіна. П’еса расказвала пра гераічную барацьбу беларускіх партызан у гады Другой сусветнай вайны. Спектакль у канцы 1950-х – пачатку 1960-х гадоў выклікаў гарачыя пачуцці гледачоў. Многія ўдзельнікі вайны, калі глядзелі гэтую сцэнічную пастаноўку, плакалі, міжволі перакідваліся думкамі ў гады вайны і зноў перажывалі за сцэнічных герояў, як за сваіх сяброў.
У 1961 годзе Міхаіл Фрыдман паставіў спектакль “Кухарка” па п’есе А.Сафронава. Працягам гэтай камедыі праз год стаў спектакль “Кухарка замужам”. Як з добрымі знаёмымі гледачы сустрэліся з кубанскімі калгаснікамі Паўлінай і Сцяпанам Казанцамі, Галінай Чайкай, Андрэем Пчолкам і іх сябрамі. Хаця ў новым спектаклі былі тыя ж лірычныя канфлікты, аднак многае змянілася. Цяпер ужо Паўліна і Галя адчувалі сваю жаночую перавагу над мужамі. Узнікалі новыя непаразуменні. Але па-ранейшаму ў зале не сціхаў смех. У спектаклі было шмат гумару, рэжысёрскай фантазіі, імправізацыі акцёраў.
У 1968 годзе Слонімскі народны тэатр узначаліў Мікалай Варвашэвіч (1934-2001). Гэты чалавек аддаў усе свае сілы, веды, натхненне і жыццё тэатру ў Слоніме. Пры ім народны тэатр у горадзе над Шчарай стаў неад’емнай часткай культурнага жыцця Слонімшчыны. У рэпертуары тэатра сталі з’яўляцца п’есы класікаў беларускай і рускай драматургіі: А.Астроўскага, М.Горкага, Б.Лаўранёва, К.Транёва, В.Розава, Я.Купалы, У.Галубка, В.Дуніна-Марцінкевіча, К.Крапівы, А.Макаёнка і г. д. Гэта былі гады вялікай працы і пошукаў, адкрыццяў і знаходак. Вышэйшай узнагародай творчаму калектыву былі пастаянная цікавасць да тэатра і павага гледачоў. Слонімскі тэатр сталі ведаць ва ўсіх гарадах і пасёлках Беларусі. Але, як казаў сам Мікалай Варвашэвіч, творчы арганізм не можа стаяць на месцы. Таму творчы неспакой, нястомныя пошукі, імкненне ісці да вяршынь тэатральнага мастацтва – вось тое, чым жыў народны тэатр пад кіраўніцтвам Мікалая Варвашэвіча.
Ад спектакля да спектакля расло прафесійнае майстэрства слонімскіх акцёраў, больш выразна акрэсліваўся вобраз тэатра. З’яўляліся новыя імёны ў тэатры, звычайна маладых людзей, якіх прыцягвала ў тэатр жаданне далучыцца да мастацтва, выказаць са сцэны ўласныя ідэалы, уяўленні аб жыцці і яго каштоўнасцях. Працуючы над новымі сцэнічнымі вобразамі, маладыя артысты звяралі свае пачуцці і думкі з унутраным светам сваіх герояў, духоўна ўзбагачаліся. Ядром калектыву народнага тэатра шмат гадоў складалі людзі, для якіх захапленне тэатрам стала другой прафесіяй. Гэта былі Кацярына Палішчук, Лілія Літвіненка, Еўдакія Ануфрынюк, Рыма Міско, Віктар Шчарбакоў, Анатоль Лаўрашчук, Людміла Клімовіч, Святлана Варвашэвіч, Віктар Піменаў, Анатоль Цярэнін, Іван Андрыеўскі, Аляксандр Ражкоў, Аркадзь Будзіловіч, Людміла Завадская, Феафанія Ракевіч, Ларыса Фірсава, Мікалай Федзюкоў, Ніна Жукоўская, Віктар Касікоўскі, Уладзімір Гардзіеўскі, Ніна Куршук, Андрэй Каханоўскі, Марыя Гурская, Таццяна Натарава, Людміла Грынчык, Пятро Струкаў і дзесяткі, нават сотні іншых аматараў сцэнічнага мастацтва.
Читать дальше