— А можа, вы памятаеце і ведаеце тых слонімцаў, якія былі на гэтым канцэрце і якія яшчэ жывуць у Слоніме?
— На жаль, тыя, каго я ведала, ужо пакінулі наш свет. Іншыя пераехалі ў другія гарады былога Савецкага Саюза. Але ў Слоніме жыве Ніна Пятроўна Лукашэйка. Яна была шустрая дзяўчынка, магчыма, з сяброўкамі яна ў той час трапіла на канцэрт Галіны Вішнеўскай. Спытайце ў яе.
Я пагутарыў і з Нінай Пятроўнай Лукашэйка. Яна чула пра Галіну Вішнеўскую і пра яе канцэрт у Слоніме, але летам 1950 года пабываць на выступленні спявачкі ёй не пашанцавала.
Тым не менш, слынная расійская оперная спявачка, народная артыстка СССР, кавалер шматлікіх узнагарод і ганаровы доктар многіх універсітэтаў свету Галіна Вішнеўская таксама выступала ў Слоніме...
У 1981 годзе калектыў Слонімскага РДК пераехаў у новае памяшканне на Чырвонаармейскую вуліцу, а дзверы старога будынаку РДК зачынілі на замок. З гадамі без гаспадароў былы Народны дом пачаў прыходзіць у заняпад і цяпер ад яго засталіся толькі сцены. Але, калі б сцены маглі размаўляць, яны расказалі б нам цікавую гісторыю пра культурнае жыццё Слоніма і пра тых людзей, якіх яны ў свой час слухалі, бачылі і віталі.
Слонімскі народны тэатр – з’ява неардынарная, на мой погляд, -- і па яго знітаванасці з гісторыяй Слонімшчыны, і па ўстойлівасці ўплыву на культуру прынёманскага краю, і па тым, што гэты самадзейны і творчы тэатр мае сваю цікавую гісторыю.
Яшчэ ў развалінах ляжаў старажытны Слонім пасля Другой сусветнай вайны, калі ў адзін з лістападаўскіх дзён 1948 года афішы паведамілі аб першым спектаклі толькі што створанага пры раённым Доме культуры тэатральнага калектыву. Кіраўніком калектыву быў тады дэмабілізаваны з арміі 27-гадовы франтавік Аляксандр Бялоў (1921-1985). У Слоніме Аляксандр Бялоў жыў да 1956 года. А пасля пераехаў у Мінск і працаваў акцёрам у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі. У 1977 годзе яму прысвоілі званне заслужанага артыста Беларусі. Як удзельнік Слонімскага драматычнага гуртка ў 1951 годзе ён быў адзначаны на Рэспубліканскім аглядзе сельскай самадзейнасці за выкананне роляў Курачкіна ў спектаклі “Вяселле з пасагам” па п’есе М.Дзяканава і Швандзі ў спектаклі “Любоў Яравая” па п’есе К.Трэнёва.
Але вернемся ў лістапад 1948 года, калі афішы ў Слоніме запрашалі на прэм’еру спектакля “Шляхі-дарогі” па п’есе А.Фёдарава. У тым жа годзе ў Слонім прыехаў вопытны рэжысёр Міхаіл Фрыдман (1894-1975), які скончыў маскоўскую тэатральную студыю “Свабоднае мастацтва” у 1928 годзе і вандраваў з яўрэйскай акцёрскай трупай па Украіне і Беларусі. Менавіта Міхаіл Фрыдман узначаліў тэатральны калектыў Слонімскага РДК, а Аляксандр Бялоў быў кіраўніком танцавальнага гуртка. Вопытны рэжысёр сур’ёзна працаваў над першым спектаклем, хоць яму было цяжка -- не хапала дэкарацый, касцюмаў. Выручала толькі адно: для ўсіх патрэбны былі толькі вайсковыя мундзіры. А іх дастаткова пакінула вайна.
Тады ў 1948 годзе драмгурток атрымаў ад слонімцаў першыя апладысменты. Спектакль меў поспех. Яго паказвалі 32 разы. Ён і замацаваў веру артыстаў і рэжысёра ў свае сілы. Пачалася сур’ёзная, мэтанакіраваная работа на сцэне, якая не спынялася дзесяцігоддзямі. Колькі пакут творчасці, памылак і расчараванняў пераносіў кожны артыст, пакуль іх гульня рабілася сапраўднай, пакуль кожны самастойна выходзіў на сцежку ўпэўненасці. Але рос талент артыстаў. Ён мацнеў на рэпетыцыях, раскрываўся ва ўсёй сваёй сіле на сцэне і гастролях.
У Слоніме Міхал Фрыдман ажыццявіў пастаноўкі дзесяткі спектакляў, сярод іх былі і лепшыя – “Перабежчык” А.і П.Тураў, “Сын” К.Турава, “Я хачу дамоў” А.Тур, “Выгнанне блудніцы” І.Шамякіна, “Вяселле з пасагам” М.Дзяканава, “Любоў Яравая” К.Транёва, “У добры час” В.Розава, “Кухарка замужам” А.Сафронава, “Жаніцьба Бялугіна” А.Астроўскага, “Апошнія” М.Горкага, “Нячыстая сіла” Г.Стафанскага, “У бэзавым садзе” Ц.Саладара.
У пачатку лютага 1964 года спектакль “Апошнія” па п’есе Максіма Горкага слонімскія артысты прывезлі ў Мінск. Прэм’ера адбылася ў сталіцы ў Рэспубліканскім тэатры юнага гледача. Паглядзець спектакль прыйшлі старэйшыя майстры беларускай сцэны -- Ларыса Александроўская, Канстанцін Саннікаў, Вера Пола, Сцяпан Бірыла і іншыя. Зала тэатра была перапоўнена. У пачатку спектакля перад гледачамі выступіла народная артыстка СССР Ларыса Александроўская, якая шчыра павітала артыстаў са Слоніма, а таксама сказала, што ў спектаклі ролю Соф’і іграе народная артыстка Беларусі Вольга Галіна.
Читать дальше